Выбрать главу
* * *

Самая цудоўная, самая міжнародная музыка — дзіцячы смех у заапарку, каля вальера з разгулянымі медзведзянятамі. Жывы, агромністы вянок шчаслівых вачэй, вясёлага шчэбету, які раз-поразу выбухае сярэбраным, сардэчным смехам...

Ажно сам пастаяў, пасмяяўся. Не адзін, у нямецкім дарослым натоўпе.

«У нас в горах...»

Неяк на Волзе, седзячы пад вечар на палубе, мы з сябрам заспрачаліся, што лепш — ці такое вось шумнаватае ды мітуслівае турысцкае падарожжа, ці дома, у Беларусі, засесці з вудамі над ціхай рэчкай —хоць з месяц на адным месцы?..

Потым, астаўшыся адзін, я запісаў:

«У самалёце або ў верталёце, на брыючым, абматаў бы, здаецца, усю Зямлю не раз, не два, не тры — ва ўсіх напрамках.

Як мама калісьці клубок наматвала.

Тады здавалася: такі ж вя-ліз-ны!..»

* * *

З ранняга ранку хадзіў па ціхім яшчэ Ерэване, сонечным, свежым ад ценю i вады, i гаварыў сам сабе, што ранавата, мусіць расчульвацца, аднак жа i радасна пазнаваць яшчэ адну краіну, яшчэ адзін народ. Толькі захоўваць яснасць галавы i не разменьвацца на дробязі — на святах гэта трэба памятаць.

Сяджу на скверы, дзе замест кветак — процьма малых i маленькіх фантанчыкаў. Сярэбраныя, гаманлівыя шчоткі вады, даўжэзныя i адна за адной. То нізенька цурчаць фантанчыкі, то вось пачалі булькатліва расці, уздымацца. Кветкі растуць так хутка, дружна толькі ў казках, па загаду нябачнага чараўніка. Пераможная песня вады, яна асабліва да душы ў той краіне, дзе вады мала, дзе за яе, як за жыццё, змагаюцца спрадвеку.

Што мала тут яе — так думалася яшчэ да сустрэчы з фантанамі, калі глядзеў праз акно самалёта на бурыя, голыя горы.

...Гістарычны музей.

Старажытнасць культуры не павінна бянтэжыць: «Ат, што ты ні рабі — няма нічога новага!..» Яна павінна радаваць. Толькі трэба знайсці сваё месца, месца свайму слову ў лесе свайго народу i, разам з тым, у лесе ўсяго чалавецтва. Сапраўднае не гіне. Веліч гісторыі кліча i гоніць да сціпласці, a баіцца яе, гэтай велічы, толькі пусты чалавек.

Гэты вось не баіцца. Бачыш, як ён — наш чорны, быстравокі гід — упэўнена, пераканана гаворыць, чэрпае з бездані роднай мінуўшчыны, шчодра дае нам напіцца:

— Калі народ прыгнечаны чужынцамі, тады пачынаецца барацьба за адстойванне роднай культуры. Майстар майстру перадае, i яна...

Я зайздрошчу табе, незнаемы таварыш!..

...Не трэба саромецца, што на чужой мове ты гаворыш з родным акцэнтам.

У дзяўчыны ці маладзічкі, якая вадзіла нас па музеі Хачатура Абавяна, гэты родны акцэнт гучаў вельмі міла.

I дарма яна сарамліва апраўдвалася перад пачаткам экскурсіі. Пра гэта я ёй пасля, калі мы развітваліся, сказаў. Гэта ж не невуцтва, а моцнае карэнне роднага.

...Багацце, раскоша не дадаюць таленавітым людзям абаяльнасці.

Гэта адчувалася ў гарадскім доме-музеі Авеціка Ісаакяна, куды мы прыехалі з Абавянавай весы Канакер, з яго прахалоднага каменна-землянога доміка, дзе не экзотыка расчульвае, а беднасць, прастата, жыццё — адно з народам.

* * *

Учора на туманянаўскім пленуме некалькі разоў за дзень, ды на самым высокім трыбунным узроўні, з дзяржаўнымі дзеячамі, палкаводцамі, акадэмікамі i замежнымі гасцямі ў прэзідыуме, паўтаралася от сабе казачка пра сабаку i ката, гісторыя з непашытаю шапкаю.

Гледзячы на партрэт юбіляра, справа i вышэй над сцэнай, на яго разумную, добрую усмешку, думаў, што i я мог бы ў зале падняць руку, пайсці на трыбуну i расказаць нашаму літаратурнаму i чытацкаму інтэрнацыяналу, якое шчасце гэтая казка, напісаная калісьці семнаццацігадовым паповічам, дала яшчэ аднаму хлопчыку i ашчэ аднаму бацьку.

У Беларусі, на якую ён, той вясковы каповіч, можа i не разлічваў...

Вось яна — доля сапраўднай літаратуры.

* * *

Канчаецца верасень, а спякота — па-летняму, з самага рання. Былі на тары Эрабуні, каля раскапаных рэштак святыні Халда. Потым ціха стаялі на другім узвышшы над Ерэванам, каля велічнага помніка ахвярам генацыду — турэцкага зверства ў 1915 годзе.

Адзін з замежных, здаецца сірыйскіх, армян, стары, сутулы чалавек, стаяў на каленях перад полымем Вечнага агню, у нашым натоўпе, які ва ўрачыстым, глыбокім маўчанні слухаў жалобную Камітасаву музыку, што выплывае нібы з глыбіняў зямлі, разам з імклівым, стрыманым i страсна гаманлівым полымем.

Другі стары, таксама іншаземец, плакаў каля каменнай сцяны, затуліўшыся ў кут.

Нам шапнулі, што гэта — тыя з нямногіх заходніх армян, каму ўдалося ўцячы ад вынішчэння.

Успаміны, ад якіх звар'яцеў Камітас...