Выбрать главу

Пасля абеду ездзілі ў Эчміядзін, рэзідэнцыю «каталікоса ўсіх армян», дзе аглядалі сабор, збудаваны ў самым пачатку чацвёртага стагоддзя.

Зa вокнамі аўтобуса — вінаграднікі, кукуруза. Шчодрае сонца. I бясконцае каменне...

Цудоўны адвячорак у даліне Арарата, за горадам Акцемберан.

Яшчэ адзін велічны помнік, прысвечаны перамозе над туркамі ў 1918 годзе, цэлы мемарыяльны комплекс, узнесены зусім нядаўна. Стылізаваныя каменныя арлы, якія адразу здаліся туркам ракетамі,— быў нават заяўлены адпаведны пратэст.

Граніца адгэтуль зусім недалёка.

А за граніцай, за быстрым Араксам, за бязмежжам даліны — пад самым небам — Арарат. Вяршыня, асветленая сонцам, якое для нас заходзіць, вяршыня, за якую зачапілася i шчасліва прымлела лёгкае, светлае воблака.

Пазней, пакуль мы за экзатычна-багатым, ледзь не на ўсю даліну доўгім рэстаранным стадом елі хлеб гор «лаваш», сонцападобныя памідоры, вострае «лобі», пяшчотны вінаград, пакуль мы пілі глінянымі кубкамі маладое віно i драўляным апалонікам чэрпалі з бяздонных, шурпатых збаноў густы, халодны «мацун», кіслае малако,— над яшчэ ўсё асветленай вяршыняй, над зіхатлівым шаломам свяшчэннай гары надоўга затрымаўся поўны ціхі месяц.

Што за цудоўная зямля! Як легка ідзецца па яе суровай камяністасці, пад небам, усыпаным буйной жарствой яшчэ ўсё далёкіх планет!..

I яшчэ адзін крывавы, неразблытаны вузел нянавісці паміж двума народамі... З армянамі пра туркаў — вельмі цяжка гаварыць.

Ды што там Турцыя... У юбілейных. Дакладах, выступленнях i проста гутарках тут неаднойчы згадвалася i вельмі нядаўняя, калі браць на маштабы армянскай гісторыі, варажнеча паміж народамі Закаўказзя.

У адзін з найбольш складаных тут дзён першай рускай рэвалюцыі паміж варожымі, гатовымі вось-вось абліцца крывёю, армянскімі i азербайджанскімі вёскамі з'явіўся, як небывалы цуд, заяснеў над зямлёй белы сцяг. У руках незвычайнага парламенцёра — «паэта ўсіх армян» Тугланяна. Пад агонь, які мог выбухнуць вось-вось, мірыць абдураных рабацягаў паэт пайшоў — як непаўторна гэта гучыць! — «ад вёскі да вёскі толькі ў суправаджэнні двух-трох добраахвотных целаахоўнікаў з мясцовых сялян...»

Белы сцяг — не знак капітуляцыі, a сімвал разумнага міру.

* * *

Зялёная i цеснаватая даліна паміж гор, накрытых яшчэ ўсё не зусім асеннім лесам, з рэдкай прозалаццю ў густой i мокрай ад начнога дажджу зеляніне.

На горы, над якімі раніца, нібыта нехаця палягла-пацягнулася воўначка папялістых, імглістых хмарак.

Пераклікаюцца пеўні. Зрэдку акажацца сабака. Вёска на ціхай ускраіне курортнага горада Дзіліжана.

Стаю на двары пансіяната, яшчэ ўсё сонна-ціхага.

Чую дзіцячы тупат — хлопчык бяжыць па сцежцы паміж дрэў, з гары. Бачу — ужо з чырвоным гальштукам, па-школьнаму. Заўважыў мяне, усміхаецца.

Зноў успамінаю Расула Гамзатава. Як толькі ён ідзе на трыбуну любога вялікага сходу, я заўсёды чакаю, упэўнены вопытам, што i яшчэ адно сваё выступление тоўсты, вясёлы гаварун пачне звычайна i для яго, пісьменніка таленавітага, шаблонна:

— У нас в горах...

Успомніў я гэтую гістарычную фразу ўчора ўранні, у Кіравакане, калі мы пераселі з цягніка ў аўтобусы i пацягнуліся, павіліся даўжэзнай вужакай машын па серпантыне бадзёрай, насцярожанай i страшнаватай горнай дарогі. У Туманянаў родны Дсех — высакагорнае сяло, гняздо паэта.

«Не, ты не маніш, аварац,— па-ранняму свежа думалася мне.— У вас у горах, няхай сабе не ў тваім Дагестане, a ў Арменіі, i сапраўды прыгожа!..»

Захапляюць —

i горы непрыкрыта-суровыя, бурыя, са скальным! абрывамі, ca струпамі камення, якое, здаецца, вось-вось пакоціцца з-пад неба на дарогу;

i горы, пакрытыя лесам, багатыя, цёплыя, таямнічыя;

i раскінутыя на схілах, у далінах i на раўнінах плато чырванадахія каменныя вёскі;

i рэкі з нервова-імклівай, шумнай i нібыта мыльнай плынню...

Я пралятаў над сонечна-снежнымі хрыбтамі Каўказа i Гіндукуша, дыхаў гордым паветрам гісарскіх i карпацкіх перавалаў. Я бачыў Арарат. Здалёк, як светлую мару, якая таксама здаецца часамі то блізка, то яшчэ бліжэй. Я трохі ведаю горы, i я ix люблю, я ix бачу перад сабою цудоўнай загадкай, аднак...

Аднак найпрыгажэйшае ў горах, як мне здавалася ўчора,— дзеці.

Ты тут заўсёды над нечым, над некім вышэй — не трэба i на трыбуну ўздымацца, каб паўтарыць за Расулам ягонаю фразай:

— У вас у горах, таварышы, вельмі цудоўныя дзеці!..

Яны віталі нас на дарогах, на вуліцах i на плошчах, пляскалі безліччу маленькіх далоняў, махалі агеньчыкамі гальштукаў, смяяліся i радасна крычалі. Як быццам мы — богведама што, як быццам наш праезд... Што ж, наш праезд — гэта з'ява ix свята, усенароднага, на здзіўленне i зайздрасць. Мы жартавалі, што дзецям такое маханне i крык — лепш, чым сядзець за партай. Ды гэта няпраўда, гэта не ўсё... Зрэшты, як бы там ні было, a столькі дзіцячага смеху, столькі чыстых вачэй. Не трэба нават іншую мову разумець — мова дзяцей здаецца зразумелай, як птушыны спеў.