З Адэсы часоў грамадзянскай вайны, дзе пачыналася маё маленства, помніцца прэсны пах гарачай рысавай кашы i салодкі, тут ужо разам з колерам, пах какавы. Гэта былі не дамашнія пахі: трохі старэйшыя браты бралі мяне з сабой у нейкую дзіцячую сталоўку. Для мяне яна доўга была проста нейкай, пакуль не ўведаў, хоць i даволі невыразна, што сталоўка тая трымалася тады, у страшныя дні засухі i галадоўлі, на дапамозе амерыканскіх квакераў. Пах какавы i рысавай кашы я адчуў пасля, на працягу гадоў, асабліва востра двойчы. Першы раз — у дні мае вясковае маладосці, калі сярод іншых кніг, што выпадкова траплялі ў рукі i не выпускаліся непрачытанымі, трапіла i квакерская, з салодзенькім i прэсным тлумачэннем запаведзі пра любоў да бліжняга. Другі раз, ужо ў грунтоўна сталым веку, я ўспомніў тыя пахі ў цягніку Вашынгтон — Нью-Йорк, калі задумана глядзеў праз акно на прыгарадную нераскошу рабочых кварталаў Філадэльфіі, квакерскай няпісанай сталіцы.
Яшчэ адзін пах гарадскога маленства, пазнейшы i дамашні. Водар гарачага, запечанага цеста, ці то праслоенага нечым салодкім, ці то абмокнутага ў той невядомы, а можа i нерэальны смак, што хваляваў мяне час ад часу, як нейкі прывід з іншага свету, больш за сорак гадоў, пакуль не прыйшло адкрыццё. 1мя таму паху, пшанічна-гарбузнае ўвасабленне яго я знайшоў на старонках Іона Друцэ, у яго шматфарбнай i духмянай песні пра Малдавію. Пахла мне столькі год плачынтэ, слаёны пірог, які маці мая, за восем сваіх адэскіх гадоў сяк-так знаёмая з малдаўскай кухняй, успамінала як нейкую, ледзь не міфічную «плацынду», усё толькі абядаючы калі-небудзь спячы яе.
А вось нарэшце i той пах маленства, які i выклікаў усе іншыя, сёння стаўшы між імі на першае месца.
Вы калі-небудзь нюхалі канапліну над снегам? Яе прысохлую мяцёлку з зярняткамі насення, з вострым водарам?
Моцную, калмаценькую канапліну, зрэзаўшы яе каля самай зямлі, хавалі на зіму — лавіць шчыглоў, у петлі з конскіх валасінак. Адну, дзве, а то i некалькі такіх канаплін.
Петлі мне помняцца, зрэшты, i на каноплях, i ў абручах. Драўляны абруч з вялізнай «пасы», бочкі на збожжа, перапляталі ў клетку вяровачкамі, на кожным скрыжаванні прымацоўваючы валасяную пятлю. Сіло такое клалі на прыгуменні, шчодра замаскіраваўшы пацярухай з току. Аднойчы, калі я быў яшчэ сам на гэткае паляванне не здольны, у хаце нашай раннім ранкам з'явілася некалькі малых, стракатых, дзіка палахлівых курачак з барвовымі плямамі на воллі. Як я быў рад! Нібы яны не ад голаду, не ад снегу глыбокага ды крутога марозу прыйшлі да мяне праз сіло, a ў госці, такой небывалай, цудоўнай казкай...
Такія ж... ну, можа, трохі іншыя, але таксама барвовыя, абавязкова, радасна патрэбныя агеньчыкі, што былі ў курапатак на воллі, шчыглы насілі на галоўцы.
Не помніцца, як я ўспрыняў курапачы пераход з той казачнай паэзіі ў гаршковую чорную прозу. А вось трагедыю галоўкі з агеньчыкам на цемені я памятаю i дагэтуль...
Загадка фарбаў, ix прызначэнне хвалююць нас i ў сталасці. Вельмі звычайнае — жоўты лубін цвіце паміж цёмна-зялёнымі пералескамі, а зверху, скажам, яшчэ i блакіт, i белыя, ціхія аблачынкі. Не навіна, a ўсё ж у душы міжволі ўзнікае радаснае пытанне: «Навошта яна, такая краса?..» I ніхто, відаць, не адкажа як след, на ўсю глыбіню. Тысячагоддзямі стараемся. Каму ўдаецца гэта менш, каму трохі ці значна больш, a таямніцы, мноства шматфарбных таямніц навокал нас,— застаюцца.
Колькі ж ix бачыць дзіця, чалавек у тым узросце, калі ён пазнае, абагачаецца непараўнана хутчэй, чым у сталасці!.. Колькі гэтай красы ў курапаткі! A ўжо ў шчыгла... Тут i дагэтуль нельга налюбавацца. Тады ж, у маленстве, краса тая прыходзіла з усёю сілай першага азарэння.
Старэйшы брат, падлетак, уваткнуў у гурбы на агародзе некалькі канаплін. Як ён рабіў гэта — не памятаю. Помніцца проста яшчэ адзін казачны ранак, калі ў нашай хаце — так мне здалося, разбуджанаму — стала адразу поўна шчыглоў, вельмі многа шматфарбнай, шумнай стракатасці. У клетцы яны не змясціліся, i два ці тры шчыглы брат упусціў у шуфляду стала. Ён быў, вядома, вельмі рады ў тую раніцу, горды i шчодры, толькі i гаварыў, каму ix дасць, па аднаму, па два... А потым — ці ніяк не могучы нацешыцца сваім падлікам, ці хочучы шчыгла для кагосьці дастаць са стала — аднаму з ix ён прышчаміў шуфлядай галоўку. Адзін агеньчык пагас.