Выбрать главу

Зазірнуўшы пад адну вывараць, стары заўважыў белую пароду, a ў ёй крамянёвы аскабалак.

— Разгарніце пясок у бакі i зачысціце крэйду,— паказаў ён памочнікам мясціну, дзе яны павінны былі распачаць працу.

Сам жа агледзеў суседнія вывараці, пакорпаўся ў недалёкай свежай прамыіне, што засталася пасля нядаўняга дажджу, i ўсё нешта мармытаў сабе пад нос, быццам гаварыў замовы. А потым пайшоў да старога абамшэлага дуба з абсмаленай перунамі вяршалінай. Пад дубам на плоскім валуне ляжаў вялікі, як скрануць, фігурысты жаўлак крэменю. Калі прыгледзецца, то здавалася, што ён падобны на прысадзістага чалавека з круглай галавою i носам, як кулак. Канешне, выгляд выявы быў несамавіты — i вока адно, i скасабочаны, але, пэўна, так i павінен быў выглядаць Краменны дух — гаспадар усіх мясцовых падземных багаццяў.

Ніхто не памятае, калі i хто ўсцягнуў на гэты валун жаўлак. Дзяды сцвярджаюць, што ляжыць ён тут ад стварэння свету, як i расце гэты дуб таксама ад пачатку ўсяго жывога.

Побач стаялі i ляжалі меншыя крамянёвыя фігуркі — быццам мядзведзі, алені, птушкі. Былі тут крамяні з акамянелымі ракавінамі дзівосных малюскаў. Усё, што траплялася ў шахтах нязвыклай формы, людзі прыносілі пад стары дуб, бо былі перакананыя, што ў ix маўкліва хаваюцца чароўныя сілы зямных нетраў. Краменны ж дух меў найбольшую моц. Ен мог затлуміць галаву чалавеку, паслаць у пустую мясціну, дзе горназдабытчык, выліўшы сем патоў, выдзеўбе ў шчыльнай i ліпучай крэйдзе пошукавы калодзеж у два свае росты i нічога не знойдзе. А мог даць столькі крэменю, што не забярэш i ўдзесяцёх.

Крэм ужо не адзін дзесятак гадоў здабывае крэмень, колькі мазалёў нацёр на далонях, капаючы пароду, робячы вузкія падбоі рагавым вастраком. Колькі перабрана камянёў гэтымі жылістымі, агрубелымі, шрамаватымі рукамі! Крэм ведае тут усе хады-выхады. Знаецца ён i з духамі i стараецца ix улагоджваць. Асабліва гэтага— Краменнага. Той, мусіць, таксама добра запомніў старога шахцёра, бо спрыяе яму. Таму рэдка бывала, што Крэм распачынаў шахту i яна аказвалася пустой. Калі ж надаралася няўдача, стары ішоў пад дуб, дакараў жаўлак i црасіў больш так не жартаваць.

Вось i зараз Крэм паклаў на валун сушаную плотку — духі ж таксама хочуць есці — i сказаў: «Не падвядзі мяне. Пашлі па старой памяці крэмень каля той вывараці, дзе капаюць мае памочнікі. Мне ўжо не шмат засталося жыць на гэтым свеце, таму на зыходзе дзён не хацеў бы мець перад суродзічамі ганьбу. Ну як, дапаможаш?» I Крэму падалося, быццам па-сяброўску падміргнула яму каменная выява сваім адзіным вокам.

Абнадзеены шахцёр вярнуўся да вывараці, дзе мужчыны ўжо скончылі працу i адпачывалі.

Крэм укленчыў на расчышчаным месцы i пачаў аглядаць крэмені. Калупнуў адзін, другі, вызначыў нахіл. У тым жа кірунку павшей быў ісці i сам крэменяносны пласт. Затым адступіў пару крокаў у напрамку паніжэння пласта i загадаў пачынаць шахту.

Капалі па чарзе, бо ў шахтавым калодзежы для дваіх не было месца. Адзін прадаваў, другі адпачываў. Потым мяняліся. Калі выпрацоўка паглыбела, друз пачалі выцягваць плеценым кошыкам.

Да вечара ўдалося заглыбіцца амаль да пояса.

Назаўтра мужчыны закапаліся па плечы. Капаць у глыбіні было цесна, нязручна, не так як каля паверхні, дзе можна было размахнуцца, дзе крэйда была рыхлейшая, патрэсканая. Тут жа ішла суцэльная шчыльная парода, у якую з цяжкасцю заганялася вастрыё кайла. Да таго ж i самі капальнікі былі хоць i дужыя, але маладыя i нявопытныя, учарашнія хлопцы, якія яшчэ не набылі вынослівасці. А крэменю ўсё не было.

— Мы так да яго i не дабяромся. А можа тут i зусім пуста? — пачалі бурчэць памочнікі, мусіць намякаючы, што Крэм па старасці памыліўся.

— Будзе, хутка будзе,— супакойваў стары, а сам таксама пачаў хвалявацца.

Адзін з капальнікаў раздражнёна размахнуўся i зноў увагнаў кайло ў крэйду, а потым адразу ж разагнуўся i радасна закрычаў:

— Во, зламалася! — i паказаў вышчарбленае лязо прылады.

Узрадаваліся i ягоны напарнік, i Крэм. I не таму, што сапсаваўся гарняцкі інструмент,— лязо зламалася аб нешта надзвычай цвёрдае, а гэта мог быць толькі крэмень!

Хутка жаўлак ляжаў на траве каля вусця шахты. Ен быў плоскі, як праснак. Нічога вартага з яго не зробіш, хіба які скрабок. Але гэта быў знак, што пачаўся пласт. I праўда, праз пядзю пароды трапіўся большы жаўлак. Да вечара выбралі частку крэменю, што залягаў на дне шахты. Заўтра дастануць рэшту i пачнуць капаць падбоі. Крэмень тут добры, i яго шмат.