Выбрать главу

Калі скончылі працу, Крэм абтрос з каленяў наліплую крэйду, павярнуўся ў той бок, дзе рос стары дуб, i нізка пакланіўся.

Вярталіся ў шахцёрскі лагер, ледзь цягнучы здабычу. Трэба было паказаць яе суродзічам. Заўтра сюды прыйдуць гуртам i пачнуць распрацоўваць новае радовішча.

Крэм ішоў у лагер ззаду сваіх памочнікаў. Не спяшаўся. Быў задаволены. Ведаў, што аднавяскоўцы зноў будуць дзівіцца, які ён знаўца зямных таямніц, як ён паранейшаму знаходзіць добрыя мясціны для шахтаў. Не, ніхто яшчэ не скажа, што Крэм знасіўся, што яму ўжо толькі сядзець у хаціне i няньчыць унукаў.

* * *

— Рось, гэта што каля Ваўкавыска цячэ?

— Так.

— А чаму ты ўпэўнены, што Рось?

— На берагах гэтай ракі у ваколіцах пасёлка Краснасельскі знойдзены адзіныя, вядомыя на Беларусі, крэменездабыўныя шахты. Так мелася некалькі тысяч выпрацовак у крэйдавай тоўшчы, а побач — мноства майстэрань па вырабу крамянёвых сякер. Па вугалях, знойдзеных у шахтах, вызначылі, што ix пачалі капаць яшчэ ў неаліце — у трэцім тысячагоддзі да нашай эры, але большасць ix адносіцца да наступнага тысячагоддзЯу гэта значыць — да бронзавага веку.

Я там даследаваў не адну шахту, наваколле аблазіў спрэс i ведаю яго дасканала. Таму адразу i здагадаўся, што ў сне мне бачыліся менавіта гэтыя мясціны.

— У цябе ўсюды — крэмень, крэмень. А дзе ж бронза? Век жа — «бронзавы»?

— Еачыш, у бронзавым веку на Беларусі, як і на суседніх тэрыторыях, большасць прылад працы, як i ў папярэднім новакаменным веку, выраблялася з крэменю. Медзь i яе сплавы з іншымі металамі (бронза) траплялі да нас з далёкіх Каўказа, Скандынавіі, Прыкарпацця. Ix было мала, каштавалі дорага. Але кожную новую эпоху мы называем па важнейшых яе адкрыццях. Навучыўшыся здабываць бронзу, людзі зрабілі крок да выплаўкі жалеза з руды! Ну а жалезу абавязана ўся наша цывілізацыя.

ВЫПРАБАВАННЕ

На пералёт стралы ад Выспы Выпрабаванняў мужчыны перасталі веславаць, i човен, яшчэ крыху праплыўшы з разгону, спыніўся, лёгка пагойдваючыся на бакавой хвалі.

— Пара, Ждан,— сказаў шыракатвары з пасівелай барадой мужчина.

З дна чоўна ўстаў юнак гадоў пятнаццаці i пачаў распранацца. Па тым, як,блытаючыся ў раменьчыках-завязках, спехам вызваляўся ад вопраткі, як моцна былі сціснуты пабялелыя вусны, можна было здагадацца, што ён хвалюецца. I. каб не прыкмецілі гэтага прысутныя i не падумалі, што баіцца, мусіць, так спяшаўся хлопец.

Нарэшце ён застаўся зусім голы — хударлявы, але ўжо мускулісты светлавалосы юнак з яшчэ па-дзіцячаму адтапыранымі вушамі. На цёмнай, загарэлай пад сонцам, закуранай каля вогнішчаў, скуры зараз асабліва выдзяляліся белаватыя шрамы ад хлапечых боек, лажання па дрэвах i хмызняках, нырцавання сярод карчоў за рыбай.

— Пара, Ждан,— зноў сказаў шыракатвары.

Ждан выпрастаўся, зірнуў на маўклівых мужчын у чоўне i сустрэўся з бадзёрачым паглядамбацькі, які прымасціўся на карме. I ад гэтага пагляду ў юнака прыбавілася рашучасці, i ён легка, каб не разгайдаць няўстойлівую даўбёнку, адштурхнуўся ад яе дна i даў нырца ў ваду. Праз колькі сажняў вынырнуў i паплыў, не азіраючыся, да выспы. I толькі, калі выбраўся на бераг, абярнуўся i памахаў рукою.

Мужчыны развярнулі човен i павеславалі прэч ад выспы.

Праз сем дзён — квадру, калі месячная поўня прыкметна сышла на ветах, той жа човен зноў адплыў ад прыбярэжнага паселішча i пакіраваўся да выспы. У ім нетаропка веславалі тыя ж мужчыны, а на карме зноў сядзеў бацька Ждана. I мусіць, толькі яму не цярпелася, бо ён усё неўпрыкмет выгінаўся, каб з-за спін весляроў зірнуць на выспу. Яго турбавала, як жа на гэтым бязлюдным кавалку зямлі пасярод возера, без ежы, вопраткі i агню, бяззбройны, даў сабе рады мінулыя дні ягоны сын, дні, якія здоўжыліся на месяцы. Хвалявала i як ацэняць старэйшыны роду вынікі выпрабавання. Ці прымуць Ждана ў свой гурт паляўнічых i воінаў?

Вузкай пратокай праз трыснёг човен праслізгнуў пад бераг, чыркануў дном па пяску i спыніўся.

Мужчыны выбраліся з даўбёнкі i выцягнулі яе на сухое, каб не знесла выпадковай хваляй, хоць сёння было ўвогуле пагодліва i ціха.

Усе мінулыя дні прайшлі без дажджу, таму мужчынам было лёгка па слядах прасачыць, што рабіў, як паводзіў сябе на выспе Ждан. I наадварот, юнаку было складана вытрымаць апошняе з выпрабаванняў — затаіцца так, каб ягоныя суродзічы як найдаўжэй маглі яго адшукаць.

Паўзіраўшыся навокал, мужчыны знайшлі месца, дзе юна к выбраўся з вады i ўпершыню ступіў на бераг Выспы Выпрабаванняў. Сляды былі ўжо добра затаптаныя птушкамі i дробным лясным жыхарствам. Буйнейшага ж — тураў, мядзведзяў, ваўкоў i рысяў, якія б маглі пагражаць чалавечаму жыццю, тут не было.