Выбрать главу

Па слядах вынікала, што Ждан спачатку адразу быў сунуўся ў лес, але потым, бачна паразважаўшы, вярнуўся да вады i пайшоў аглядаць свае часовыя ўладанні берагам. Такім жа шляхам рушылі i мужчыны.

На вузкім мысе сляды юнака былі асцярожлівыя i нават няўпэўненыя. Пальцы ног глыбока ўціскаліся ў пясок. Бачна было, што ён тут быў напружаны, кожнае імгненне гатовы кінуцца назад. А хвалявацца тут было з чаго. За нейкія тры пералёты стралы з вады выступала ў чаратовым аблямаванні цёмная ад старых хвой выспачка з закінутымі могілкамі невядомага народу. Ніхто не ведае i не памятае, як i дзе знік той народ з берагоў возера. Спарахнелі буданчыкі нябожчыкаў на выспачцы. Утравелі i ўраслі ў зямлю абмытыя дажджамі косткі, але душы памерлых па-ранейшаму павінны ж недзе кажанамі кружыцца між камлямі хвой — загадкавыя, маўклівыя i пэўна помслівыя, бо ім жа даўно ніхто не прыносіць ахвяры, каб улагодзіць.

— А гэта што такое? — спыніўся раптам шыракатвары i вастрыём дзіды паказаў на пясок.— Ці не зацямніўся хлопцу розум?

Спыніліся i астатнія i ў страху ўбачылі, што на пяску цямнелі i пазнейшыя жданавы сляды. Яны выходзілі з лесу i былі перад самым краем вады глыбокія, растаптаныя — юнак доўга ўзіраўся ў Выспу Мерцвякоў, а потым сляды вялі ў ваду i там губляліся.

Паспакайнелі мужчыны толькі тады, калі крокаў праз дваццаць прыкмецілі, што з возера зноў выходзіў ланцужок знаёмых слядоў.

— Няўжо ён там быў? — разводзілі рукамі мужчыны.

— Усё можа быць! — узбадзёрыўся Жданаў бацька, радуючыся, што сын жывым і, мусіць, цэлым вярнуўся назад.— А памятаеце, як ён прынёс цэлы ваўчыны вывадак. 3 самага лагва выбраў. Ен у мяне не з баязліўцаў!

Прытулак Ждана знайшлі каля ціхай, зарослай белымі гарлачыкамі затокі на паўднёвым беразе.

— А памятаеце, што i мы, калі пасвячаліся на мужчын, выбіралі гэтую затоку,— заўважыў адзін з шукачоў.— Ды i нашы сыны амаль заўсёды ўладкоўваліся тут.

Усе згодна заківалі галовамі. А як жа, дзе тут знойдзеш утульнейшую мясціну?

Каля затокі спрэс былі сляды Ждана, знакі ягонай дзейнасці. На каржакаватым дубку ў развілцы сукоў было намошчана галлё са звялым лісцем. Бачна, што юнак першым часам начаваў на дрэве. Але потым, абвыкшыся i пасмялеўшы, зладзіў сабе будан на зямлі, пад дубком; свой прытулак з галля i трыснягу выслаў сухой травою.

Побач з буданом яшчэ дымілася вогнішча. Тут знайшлі i змайстраваныя прылады для здабывання агню: лук з суканай лубяной цецівою, сухую арэхавую палачку з абсмаленым канцом i шырокую, адшчапаную ад сухастоіны трэску. У трэсцы было некалькі абвугленых ямачак, куды ўстаўлялася палачка, калі «выкручваўся» агонь.

Пад сцяной будана ляжаў запас лубяных валокнаў, з якіх рабілася цеціва для лука i з якіх, магчыма, самотнік спрабаваў зладзіць сабе нейкую апратку. Тут жа, побач з плоскім каменем, было насыпана розных крамянёвых аскабалкаў.

— Шмат напсаваў крэменю,— разглядаючы друз, прамовіў адзін з аглядчыкаў.— Для нейкага нажа хапіла б i меней.

— A нічога. Такой бяды! — заступіўся за юнака шыракатвары.— У ягоныя гады i мы з табою былі невялікія майстры.

Затым уважліва агледзелі вугалі вогнішча i траву навокал i вывел!, што Ждан харчаваўся малюскавымі бяззубкамі i смаўжамі, налоўленай нейкім чынам рыбай, пёк карані белай лілеі. У лейкаватай пасудзіне з бяросты яшчэ крыху заставалася натоўчанай з сушаных трысняговых каранёў мукі. Але больш за ўсё здзівіліся мужчыны, калі знайшлі абгрызеныя косткі зайца.

— Няўжо каменем? Ці ў якое сіло загнаў?

Па ўсяму было бачна, што Ждан вытрымаў выпрабаванне выдатна. Заставалася толькі паглядзець, як ён умее затойвацца ў гушчары i што выбраў на схованку.

Шукачы расцягнуліся паскам у лясным зарасніку i пачалі паволі прачэсваць выспу, зазіраючы пад кожную вывараць, аглядаючы кусты арэшніку i ядлоўцу. Выспа была нешырокая i асабліва патаемных куткоў тут было няшмат, да таго ж мужчыны ix усе добра ведалі. Але дзе яны ні шукалі, усюды было пуста — ніякіх адзнак, што там схаваўся юнак. Трапляліся, праўда, ягоныя сляды, але даўнія, не сённяшнія.

— I куды ён зашыўся, не пад зямлю ж? — бурчалі мужчыны, зноў беручыся перашукваць выспу.

I тут яны заўважылі дзядка, якога пакінулі сторажам каля даўбёнкі. Дзядок спяшаўся да ix з надзвычай разгубленым выглядам. За колькі крокаў ад загону ён задыхана выгукнуў:

— Чоўна няма!

— Як, няма? — страпянуліся мужчыны.

— Няма! Як пад ваду пайшоў!

— I як гэта здарылася? — пачалі яны распытваць у дзядка, калі прыбеглі на апусцелы бераг.