Выбрать главу

— Сяджу каля чоўна, чакаю. А вас усё няма i няма, ажно нудзіцца пачаў. А тут адно чую, у арэшніку нешта зашастала. Ждан, думаю, затаіўся. Вось тут яго i злаўлю. Я — туды. Палазіў па кустах — нікога. I тут мяне быццам кальнула што — каб якой бяды не здарылася. Выбег з арэшніку, зірнуў на бераг i абамлеў — даўбёнкі як i не было...

Угледзеліся мужчыны ў пясок — каля шырокай умяціны ад чоўна вільгатнелі ўжо знаёмыя да драбніц адбіткі босых Жданавых ступакоў. Гэта ён, паршывец, мабыць, каменьчыкі кідаў у кусты, каб звабіць туды старога, а сам сапхнуў даўбёнку ў ваду i знік з ёю ў трыснягу.

Вось будзе сораму на ўсё наваколле, калі хлопец надумаецца паплысці ў паселішча, пакінуўшы ix на выспе. Смеху i кпін не абярэшся.

— Ждан, не дурніся! Аддай човен! — гукалі мужчыны ў трыснёг.

Той толькі шапацеў сваім вузкім лісцем.

— Так i быць,— пачалі здавацца «экзаменатары»,— ты перамог — мы цябе не здолелі знайсці!

— I праўда, сынку, выплывай. Хопіць жартаў! — гукнуў i бацька.

I тады мацней зашапацеў трыснёг, i з яго высунуўся човен, у якім сядзеў Ждан. На ягоных сцёгнах была плеценая лубяная апаяска, за ёю тырчэў крамянёвы нож. З пляча юнака звісала заечая шкурка. I хоць гэта i не было мядзведжае футра, але Ждан усё адно зараз выглядаў сапраўдным паляўнічым.

— Хітры ты, Ждан,— дабрадушна бурчаў шыракатвары, заграбаючы вяслом, калі вярталіся з Выспы Выпрабаванняў.— Але i лупцоўкі табе не шкодзіла б. За непавагу да старэйшых.

А бацька не выцерпеў i запытаўся:

— А на той Выспе Мерцвякоў... як там?

— А я да яе не даплыў. Пад самым берагам страх узяў...

— I правільна зрабіў,— пагадзіліся мужчыны.— Хай з чужымі духамі разбіраюцца светары, а наша з табою справа — на тура ды мядзведзя хадзіць, зямлю ад чужынца бараніць, ячмень сеяць. Ды i ці мала ў нас мужчынскіх заняткаў.

* * *

— Калі не памыляюся, усе гэта этнографы на лацінскай мове называюць ініцыяцыяй — пасвячэннем.

— Не, не памыляешся, Іван Пятровіч. I зараз у жыцці юнака ці дзяўчыны ёсць такія рубяжы, калі яны «юрыдычна» становяцца паўнапраўнымі дарослымі — атрымоўваюць пашпарт, могуць жаніцца або выйсці замуж, адказваюць за свае ўчынкі перад законам, пачынаюць працаваць i гэтак далей. Нешта падобнае адбывалася i ў старажытнасці. I гэты пераход у даросласць быў важным этапам i суправаджаўся адпаведнымі дзеяннямі і абрадамі пасвячэння. Пры гэтым пасвячаемага падвяргалі розным выпрабаванням.

ДЗІВАК ВЯЧОРКА

— Усё забаўляешся драўляшкамі, а твае аднагодкі ўжо даўно на паляванне ходзяць, мяса дадому прыносяць,— упікнула аднойчы маці свайго сына.

Суседзі таксама пакеплівалі, а некаторыя i бурчалі:

— Займее сям'ю i трэба будзе стаць яе кармільцам ды i бацькам, калі састарэюць, дапамога спатрэбіцца, а ён, як кабета, баіцца парсюка закалоць ці авечку зарэзаць. I ў лесе з лукам яго не ўбачыш.

Крыўдна робіцца Вячорку за такія словы, бо ён не быў баязліўцам. Калі леташняй зімою мядзведзьбадзяга ўламаўся праз загароду ў быдла, хіба не ён, Вячорка, першым з дзідай кінуўся на яго? Але ён не мог падысці з касцяным кінжалам да кабанчыка, якога сам выгадаваў з пацешнай малечы, або з нажом да барана, якога калісьці зімою адаграваў у хаце каля агнішча i цішком ад маці ласаваў кавалачкамі праснака.

Ды папрокі маці падзейнічалі, i Вячорка, уздыхнуўшы, сабраўся на тое паляванне. Пайшоў не з мужчынамі ў загон на лясных коней-тарпанаў, a адзін — на бераг ракі, дзе ведаў зацішны звярыны вадапой.

Выйшаў пад раніцу, калі начныя цені пасвятлелі i сталі лілова-шэрымі, a ў буйных кроплях расы ўжо адбівалася злёгку паружавелае неба. Пакручастымі сцежкамі, дзе чалавечымі, а дзе i звярынымі, трапіў на рачны бераг i затаіўся пад касагорам у хмызняку.

Лёгкі ток паветра нёс ад ракі саладкаваты пах цвітучай чаромхі, зараснікі якой, быццам успененыя, бялеліся побач. У кусце ля самай вады пералівіста зацёхкаў салавей. Услухаўшыся ў ягоную песню, хлопец налічыў ажно сем каленаў i ўзрадаваўся — такога майстра чуў упершыню. У бок возера шумна праляцела качыная пара. Высока ў асінніку зацінькалі сініцы. Разам ca світанкам прачыналіся лес i ўсё наваколле.

На супрацьлеглым недалёкім беразе пачаўся нейкі рух. 3 хмызняку выткнулася пушыстая мордачка i натапыраныя доўгія вушы. Мордачка паразглядалася ў бакі, павадзіла вушамі, ловячы падазроныя гукі, а затым да вады кароткімі скачкамі прашалэпаў i сам заяц. Звярок напіўся, i толькі паляўнічы пачаў нацягваць цеціву, як шарак, які намачыў свае вусы, стаў слупком i пачаў заўзята выціраць ix лапамі; дакладна, як Вячоркаў дзядзька. Хлопец не ўтрымаўся i ціхенька хіхікнуў, затуляючы рот рукою, але заяц пачуў i вялізным скачком шаснуў у кусты, толькі з-пад лап сыпануў у ваду пясок. Уцякла здабыча, але Вячорка i ўзрадаваўся гэтаму — няхай бегае, няхай жыве касавокі!