Выбрать главу

Праз нядоўгі час на бераг выйшла натапыраная кабаніха, а за ёю высыпалі паласатыя, як жукі, парасяты, якія віскаталі, тоўхаліся лычыкамі, муцілі ваду i ўзрывалі пясок. I зноў у Вячоркі не паднялася рука выпусціць стралу.

А потым затрашчала галлё i непадалёку ад паляўнічага ў ваду, узбіваючы пырскі, усунуўся лось i пачаў гучна піць. Ен стаяў якраз бокам да чалавека. Заставалася толькі кінуць дзіду, i яна ўвап'ецца якраз пад лапатку звера, дзе сэрца. Але Вячорка забыўся на дзіду. Як зачараваны, ён глядзеў на гарбаносую галаву жывёліны, упрыгожаную шырачэзнымі рагамі, быццам растапыранымі пясцямі нейкага велікана, любаваўся дужай постаццю. I міжволі прыйшлі ў рух Вячоркавы пальцы. Яны апісвалі ў паветры выразны профіль лася, абмалёўвалі яго рогі, спіну, доўгія ногі. У тэту ж хвіліну праз лясную прагаліну засвяціла сонца i адлюстравалася ў рацэ. Сляпуча-чырвонае, як начышчаная медная бляха, пляма пераломвалася i рассыпалася на хвалях.

Скончыўся вадапой, апусцеў бераг, а Вячорка ўсё яшчэ не меў здабычы. I калчан ягоны па-ранейшаму быў туга наладаваны стрэламі.

Дадому Вячорка прыйшоў туляючыся за дрэвамі, каб не трапіцца на вочы родзічам i суседзям. «Зноў з пустымі рукамі»,— пачалі б кпідь з хлопца. Добра, што не было дома i маці — мабыць, збірала шчаўе. Сестры таксама некуды сышлі. Толькі ў куце хаціны ціха пакехкваў глухі i нямоглы дзед.

Вячорка пакапаўся ў лазовым кошыку, выцягнуў з яго кавалак аленевага рога, некалькі крамянёвых разцоў i нажоў. Усё гэта запіхнуў у скураную торбу. Потым зноў выйшаў з вёскі i малапрыкметнай сцежкаю, мінаючы калючы яліннік з выварацямі, падаўся ў пушчу. Там быў даўно ім нагледжаны ўтульны куточак у западзіне паміж двума ўзгоркамі, дзе з-пад каранёў высахлай ад старасці хвоі выбівалася звілістая крынічка. Над крынічнай каля сухастоіны цямнела стрэшкай з яловых лапак павець. Перад ёю чакала агню вогнішча.

Вячорка сунуў пад павець торбу, сабраў сухога ламачча, выграб з глыбіні вогнішча некалькі гарачых вугалёў i раздзьмухаў агонь. I як толькі ўгарэлася ламачча, каля суседняга арэшніку зашамацела лісце, i адтуль, дробна валюхаючыся, выбег вожык. Спыніўся воддаль i задраў востры лычык. Вячорка выцягнуў з-за пазухі прыхоплены з сабою леташні жолуд i асцярожна падкінуў яго пад вожыкаву пыску. Звярок абнюхаў жолуд, потым зашчаміў яго ў зубы i зноў патрусіў пад куст. Хлопец засмяяўся ўзрадаваны, што вожык памятае яго i зноў прыбег па ласунак, да якога прывык з самай гэтай вясны.

Вячорка паслухаў лясную рознагалосіцу птушыных спеваў. Паўзіраўся ў адмысловы малюнак трэшчын на голым камлі сухастоіны. Потым сеў каля вогнішча на зялёны ад моху камень i пачаў разаграваць над жарам рог. Калі той размякчэў, Вячорка, мяняючы то нож, то разец, пачаў штосьці выразаць з яго, яшчэ незразумелае чужому воку. Калі рог астываў, тады рабіўся цвёрды, як дуб, i хлопец зноў падсоўваў яго бліжэй да агню.

Пад канец дня Вячорка адчуў голад. Схадзіў на недалёкае балота, назбіраў на качыных гнёздах яек i напёк ix у прыску. Вячэру запіў халоднаю вадой з крынічкі. Потым, калі пачало цямнець, забраўся на хвою, дзе ў расохах з галля быў зладжаны насціл, як уладкавацца аднаму чалавеку. Прывязаўся да дрэва раменным паскам, каб не зваліцца ноччу, i ўмасціўся спаць.

Назаўтра з самай раніцы Вячорка зноў узяўся за працу. Грэў рог, рэзаў яго разцом, скабліў нажом, падсякаў, дзе трэба, сякеркай. I паступова ў нарыхтоўцы пачаў угадвацца абрыс ласінай галавы. Затым дзюбкай разца хлопец акрэсліў авал звярыных вачэй, пазначыў нарэзкамі поўсць пад сківіцай, яшчэ прайшоўся па контуры вушэй, больш выразнай зрабіў лінію рота. I вось, нарэшце, на вячоркавай далоні ляжала адпаліраваная дробным пясочкам галава звера. I быццам жывыя глядзелі на мастака выпуклястыя ласіныя вочы, цяплом дыхалі шчыліны храпаў, пудка струніліся вушы. I зноў так яскрава ўявіў хлопец таго ляснога прыгажуна, убачанага ўчора на ранішнім вадапоі. I ажно задрыжэў ад шчасця, што яму ўдалося вось на гэтым кавалку рога перадаць воблік звера. Лось, жывы лось нарадзіўся пад пальцамі Вячоркі. I лася гэтага можна трымаць у руках, лашчыць яго гладкую i цёплую галаву!

Вярнуўся Вячорка дадому стомлены, але шчаслівы. Паклаў каля сябе на лежаку ласіную галоўку i заснуў. Прыйшла з градак, дзе выполвала з іншымі жанчынамі ранняе пустазелле, маці, паглядзела на спячага сына, потым заўважыла выробку. Узяла яе ў рукі i сама залюбавалася. I падумала, што дарма сварылася на сына. Бо лася кожны, толькі б сіла была ў руках, можа забіць, а вось зрабіць з рога такім, быццам жывы, ніхто ў іхняй вёсцы не здолее. Нават у ведзьмара, у якога мноства такіх выразаных з дрэва i рога выяў ласёў, качак, вужоў, якім той маліўся, яны былі горшыя.