ДЗІЦЯЧЫЯ ЗАБАВЫ
«Зубр» кружляў па хмызняку, заблытваючы сляды. Зрабіць гэта было не лёгка, бо на пяску між лазовых кустоў заставаліся не толькі «зубрыныя» сляды, але нават i мышыныя. Таму ён стараўся: то ішоў, адступаючы задам, то бег, пераскокваючы праз ніжэйшыя кусты, то рабіў вялікі скачок убок, затым вяртаўся на ранейшы след. Прайшоўшы па ствале вывараці, нарэшце зашыўся ў куст ядлоўцу i заціх.
Праз нядоўгі час ад рэчкі грымнулі дружныя воклічы, і «паляванне» пачалося.
«Зубр» чуйна прыслухоўваўся, як то набліжаецца, то зноў аддаляецца «паляўнічы загон». I толькi глыбей уцягваў у плечы калматую галаву, калі галёканне чулася зусім побач.
Нарэшце «звер» прыкмеціў, як на прагаліну перад ядлоўцам выйшлі напаўголыя загарэлыя «паляўнічыя», размахваючы лукамі i дзідамі. Яны спыніліся перад паваленым дрэвам, бо след тут прападаў.
Адзін з загона адбегся ўбок i радасна загукаў:
— Знайшоў след! Во ягоны след зноў!
«Зубр» з палёгкаю перавёў дыханне — «паляўнічыя» папаліся на ягоную хітрыку i павярнулі ўбок.
Ішоў час i «зубру», нарэшце, надакучыла сядзець у кусце, дзе яго пачалі апаноўваць авадні. Тады ён набраў у лёгкія пабольш паветра i раўнуў. Галасы «паляўнічых» заціхлі. Загон, бачна, прыслухоўваўся. Тады «зубр» зароў яшчэ раз.
Загон разгарнуўся ў шырыню i пачаў прачэсваць лес у напрамку рыкання, бо знайсці «звера» па слядах страцілі надзею. «Паляўнічыя» зноў выйшлі на прагаліну. Зараз яны кіраваліся проста на ядловец, i «зубр» зразумеў, што яго знойдуць. Падпусціўшы праследвальнікаў як мага бліжэй, ён раз'юшана зароў i кінуўся ўперад. «Звер» збіў з ног бліжэйшага «паляўнічага» i прарваўся скрозь загон. Але калі амаль ужо перабег прагаліну, у бок яму пацэліла страла.
— Мы забілі цябе! — узрадавана закрычалі хлопчыкі, што былі за «паляўнічых».
— А гэта не лічыцца,— спыніўся хлопчык-«зубр», падымаючы з пяску цацачную стралу.— Каб я не падаў голас, вы б мяне не знайшлі!
— А вось i знайшлі б!
— I не знайшлі б!
Спрэчка разгаралася i магла б скончыцца бойкаю, каб не прыбег, засопшыся, яшчэ адзін хлопчык.
— На Чырвоным беразе дзяўчаткі!— замахаў ён рукамі.— Нешта лепяць.
— Нападзём на ix,— тут жа рашылі хлопчыкі.— Быццам мы воіны з чужога племені!
Там, дзе рака рабіла крутую луку, вада падмывала высокі ўзгорак. У ім пад пяском агаляўся пласт тлустай чырвонай гліны. Таму, мусіць, бераг i зваўся «Чырвоным».
Дзяўчаткам, якія зараз там былі, таксама хацелася пагуляць, як i ix аднагодкам хлопчыкам. I яны любілі пабегаць, пападскокваць, пашукаць на дрэвах птушыныя гнёзды, нацягаць з-пад берага ракаў. Але пераважна ў ix гульні былі свае, не хлапчукоўскія. Яны не забаўляліся ні ў паляўнічых, ні ў вайну, не майстравалі лукаў i не ганяліся адна за адной з самаробнымі дзідамі. Дзяўчаткі найчасцей гулялі ў гаспадынь, ляпілі што-небудзь з пяску, падкідалі i лавілі каменьчыкі, рабілі з ласкуткоў лялькі ці плялі з кветак вянкі. А зараз яны прыйшлі на Чырвоны бераг, каб наляпіць з гліны цацачнага посуду. Яны выдзіралі з берага камякі вільготнай гліны i штукавалі з ix розныя гаршчэчкі i кубачкі. А некаторыя рабілі цацачных каровак. Гатовыя вырабы клалі на санцапёк, каб высахлі.
Хлопчыкі кустоўем непрыкметна падкраліся да Чырвонага берага, а затым з ваяўнічымі крыкамі кінуліся ўперад:
— Вайна! Вайна! Мы захапілі вас у палон!
Дзяўчаткі спачатку былі перапалохаліся, але, калі ўбачылі, што напаснікі — малеча з іхняй жа вёскі, нарвалі крапівы i кінуліся абараняць свае цацкі.
— Крапівой — гэта не па правдах,— апраўдваліся адзін перад адным хлопчыкі, у спешцы пакідаючы «поле бою».— Каб не крапіва, то была б наша перамога.
Смылелі абджыганыя плечы i ногі, i гэта быццам надало дурасліўцам разважлівасці. I ўсе яны раптам дружна ўспомнілі, што ўжо захацелася есці, што маці прасілі нарваць травы парасятам, што таму-сяму было загадана прыгледзець за малымі брацікамі i сястрычкамі, а некаму бацька казаў не адыходзіцца ў лес. Успомніўшы пра гэта, прыцішанай грамадою падаліся дадому.
Перад самай вёскай, абгінаючы рачную затоку, натрапілі на качыны вывадак. Качаняты, якія яшчэ не ўмелі лётаць, порстка кінуліся ў траву, a хлопчыкі з вясёлым смехам пачалі ix лавіць.
— Хапай сталую кацку! — раптам картава залемантаваў найменшы з хлопчыкаў.— Яна ланеная!
I праўда, маці-качка трапяталася ў траве i ніяк не магла ўзляцець. Хлопчыкі пакінулі ў спакоі птушанят i кінуліся да яе, бо гэта была лепшая здабыча. I калі ўжо некалькі рук працягнулася, каб схапіць птушку, яна нязграбна ўзнялася на крыло i адляцела крокаў на дзесяць убок. Так паўтаралася некалькі разоў. Вось, здаецца, . ужо зловяць качку, але яна збіралася з сіламі i напаўлёту ратавалася ад праследавальнікаў. Нарэшце яна ўзнялася па-сапраўднаму, неяк своеасабліва закракала i паляцела над балотам.