Выбрать главу

— Дык гэта ж яна прытваралася. Ад малых адводзіла,— расчаравана даўмеліся хлопчыкі.

Вёска была побач, i хутка яны ўжо былі дома.

* * *

— Тут пытанняў няма,— адклаўшы апошнюю старонку, сказаў Іван Пятровіч,— у дзяцінстве i мы так забаўляліся.

— Толькі замест «паляўнічых» i «зуброў» былі найчасцей «партызаны» i «немцы».

— Ну, такі быў час... Але я ўсё чакаю, калі ты мне, нарэшце, выкладзеш асноўны змест бронзавага веку на Беларусі, мовячы анатамічна — шкілет, на які нарастаюць «мышцы i скура» тваіх запісаў. Ісці ў бібліятэку i капацца ў адпаведных кнігах па гэтаму пытанню мне зараз бракуе часу. Так што, калі ты сёння яшчэ не вельмі стомлены, то я цябе паслухаў бы. Можаш i ў самым сціслым выглядзе. Думаю, для мяне будзе дастаткова.

— Бронзавы век таму так i называецца, што паявіліся бронзавыя вырабы. Але ix, як ты ўжо ведаеш, на Беларусі было зусім мала. Таму крэмень па-ранейшаму заставаўся асноўнай сыравінай для прылад працы. Для гаспадаркі бронзавага веку характэрна паўсюднае распаўсюджанне жывёлагадоўлі i земляробства. Апошняе было звязана з высяканнем i выпальваннем лесу — на нашых зарос лых пушчамі землях інакш было нельга. Аднак важную ролю адыгрывалі i спрадвечныя заняткі — паляванне, рыбацтва i збіральніцтва. Людзі ў гэты час навучыліся рабіць каменныя шліфаваныя сякеры з прасвідраванымі для рукаятак адтулінамг, ляпілі пласкадонны гліняны посуд, аздабляючы яго разнастайнымі арнаментамі.

Адбыліся істотныя змены i ў светапоглядзе тагачаснага чалавека. Распаўсюдзіліся рэлігійныя культы, звязаныя з абагаўленнем нябесных свяцілаў, плоднасці зямлі, жыццёвай моцы раслін i жывёл. Такім чынам, светапогляд адлюстроўваў змены ў гаспадарчых занятках, звязаныя з узрослай роллю жывёлагадоўлі i земляробства. Гэтыя два заняткі, а таксама дарагія бронзавыя вырабы прывялі да назапашвання ў руках асобных родаў ці нават сем'яў лішкаў рэчаў i прадуктаў. Такім чынам, зараджалася маёмасная няроўнасць. Л ы я ж земляробства i жывёлагадоўля пачынаюць выстаўляць на першае месца ў чалавечай супольнасці мужчын. Ім належыць зараз першае слова ў вырашэнні грамадскіх спраў, у пытаннях наследавання маёмасці.

Бронзавы век на Беларусь пачаўся ў самым пачатку другога тысячагоддзя да нашай эры, калі сюды пранікла насельніцтва культуры шнуравой керамікі, ва ўжытку якога ўжо былі некаторыя металічныя вырабы.

— А што ў дадзеным выпадку трэба разумець, пад паняццем «культура»? — перабіў мяне Іван Пятровіч.

— Пад археалагічнай культурай мы разумеем сукупнасць рэшткаў жыццядзейнасці людзей пэўнага перыяду на акрэсленай тэрыторыі — жытло, прылады працы, упрыгожанні, посуд, а таксама асаблівасцей ix светапогляду, выяўленага ў пахавальным абрадзе, арнаментах, культавых рэчах. Мяркуецца, што археалагічныя культуры ад люстр оўваюць колішняе існаванне розных этнічных груп насельніцтва, напрыклад, старажытнейшых славян, балтаў, германцаў.

Прышлыя «шнуравікі» сутыкнуліся з мясцовым позненеалітычным насельніцтвам i працяглы час з ім суіснавалі. Такое суседства прывяло да ўтварэння ў сярэдзіне другога тысячагоддзя сярэднябронзавых культур. Сярод ix важнейшымі лічацца тшцінецкая i сосніцкая культуры, помнікі якіх займаюць паўднёвую Беларусь. Дарэчы, носьбітаў гэтай першай часам звязваюць з непасрэднымі продкамі славян. Поўнач Беларусі ў пачатку бронзавага веку засялялі плямёны паўночна-беларускай культуры. Яны тут былі спрадвечныя, яшчэ з неаліту. «Шнуравікі» толькі злёгку ix «падфарбавалі». У канцы бронзавага веку нашу тэрыторыю засяляла насельніцтва культур, асноўнае развіццё якіх прыпадае на наступную эпоху — ранні жалезны век, які пачаўся каля сёмага стагоддзя да нашай эры.

ЧОРНАЯ СМЕРЦЬ

Неяк у час далёкай паляўнічай вандроўкі натрапілі на лясное возера. Берагі яго былі пясчаныя i светлыя, а навакол распасціраліся багатыя непалоханай дзічынай лясы i балоты. У возеры ажно кішэла ад рыбы. I галоўнае, сюды яшчэ не траплялі людзі — нідзе не было ні чалавечых слядоў, ні межавых метаў-засечак на дрэвах. Мясціна, адным словам, была зручная для жылля, таму сюды i перасялілася некалькі сем'яў.