Выбрать главу

— Чаго ты радуешся? — пакрыўдзіўся я.— Мяне гэтыя трызненні непакояць. Можа што ў галаве звіхнулася?

— Яшчэ як звіхнулася! — зручней уладкоўваючыся на крэсле каля майго ложка, яшчэ больш ажывіўся знаёмы.— Хоць гэта пытанне яшчэ мала распрацаванае — недастаткова эксперыментальнага матэрыялу, але сутнасць яго заключаецца ў тым, што пры надзвычай моцных уздзеяннях на невядомыя яшчэ нам цэнтры мозга — стрэсавая сітуацыя, вельмі глыбокі гіпнатычны стан, a ў тваім выпадку, бачна, хімічнае рэчыва, ужытае для наркозу,— у чалавека ажывае генетычная памяць. Усё, што мы чуем, перажываем, бачым, як на магнітафоннай стужцы запісваецца ў нашай памяці. А што такое запамінанне? Гэта фізіка-хімічныя працэсы на ўзроўні малекул i атамаў. I відаць, частка атрыманай інфармацыі трапляе ў малекулы спадчыннасці ці ў якія там іншыя элементы i фіксуецца. У нармальных умовах генетычная памяць знешне нічым сябе не праяўляе. Яе прызначэнне — не быць для нас кінатэатрам старых фільмаў, a захоўваць i развіваць спадчыннасць. Бо гэта толькі на першы погляд спадчыннасць нязменная, яна, хоць i вельмі павольна, мадэфікуецца, ускладняецца. Інакш мы з табою не сядзелі б зараз побач i не размаўлялі б аб высокіх матэрыях, а плавалі б у акіяне ў выглядзе прымітыўных аднаклетачных.

— А чаму сніцца толькі бронзавы век — прамежак часу паміж пачаткам другога i сярэдзінай першага тысячагоддзя да нашай эры?

— А таму, што актывізаваўся менавіта толькі гэты пласт генетычнай памяці. I павінен радавацца гэтаму! Хіба лепш было б каб ты ноччу бачыў сябе чалавекападобнай малпай ці якой яшчэ больш старажытнай жывёлінай?

— I як доўга будзе такі стан?

— Ажно пакуль закрыецца «пралом» у свядомасці, праз які i прабіваецца ўсё гэта. Можа закрыцца i сам пры агульным паляпшэнні псіха-фізіялагічнага стану арганізма, можна дапамагчы i адпаведнымі лекамі.

— Калі так, то з лекамі пачакаю,— супакоіўся я.— Хачу яшчэ паназіраць, што навытваралі там мае продкі.

— А ты запісвай,— прапанаваў Іван Пятровіч,— я з задавальненнем пачытаю, бо маю тайную схільнасць да старасветчыны. Можа i яшчэ каму спатрэбяцца такія запісы. Не кажу ўжо, як яны неабходны нашаму брату-псіхолагу.

Усунуўшы мне ў рукі пакет з апельсінамі i пажадаўшы хутчэй здаравець, Іван Пятровіч пайшоў, паабяцаўшы зазіраць часцей. Я ж, не губляючы часу, дастаў з тумбачкі сшытак i ручку... i задумаўся, як шахматыст перад першым ходам у адказнай партыі.

З чаго i як пачаць? Пасля доўгіх разважанняў рашыў запісваць важнейшае, найбольш характэрнае, каб даць чытачу ўяўленне аб асноўных праявах жыцця першабытнага чалавека ў бронзавым веку. Дробныя ж выпадкі, інтымныя падрабязнасці, блытаныя ўрыўкі відовішчаў, фантастычныя трызненні няхай застануцца толькі ў памяці. Навошта імі тлуміць галовы іншым? Рашыў не давяраць паперы i найбольш жорсткія сцэны, у якіх было асабліва шмат агню, крыві, гвалту, смерці. Лагічней было i сам аповяд весці не ад свайго «я», бо «я» быў увесь час у гэтай палаце замораны хваробай, у халаце з кароткімі рукавамі i адным уцалелым гузікам. Toe, што снілася, у сапраўднасці здаралася з маімі далёкімі родзічамі ў нейкім больш як сотым пакаленні назад. Няхай жа яны ажывуць хоць на гэтых старонках...

ЧЫРВОНЫЯ КАМЯНІ

Бацька з сынам прыйшлі на гэты камяністы схіл гары, адолеўшы за паўдня цяжкі i далёкі шлях. Праз густы букавы лес абыходзілі вузкую, але доўгую азёрную затоку — гэта яшчэ каля самага іхняга паселішча. Прабіраліся глыбокім рэчышчам горнай рэчкі, што прапілавала ў каменных нетрах вузкую прорву-шчыліну. Затым лезлі ўверх звярынаю сцежкай, чапляючыся за выступы скал. I нарэшце, трапілі сюды, дзе скалы расступаліся, дзе было цёпла i светла ад блізкага шырокага неба над галавою i сонца.

— Які незвычайны лес! — здзівіўся хлопец, паказваючы на чэзлыя i пакручастыя дрэўцы, быццам прыгнечаныя нейкай немаччу.

— Але,— узрадаваўся бацька сынавай назіральнасці.— Глядзі i запамінай: дзе ў зямлі ляжаць чырвоныя камяні, там i лес такі недарослы. Бачыш, i трава тут асаблівая, не такая як у іншых мясцінах. Пад такой травою таксама можна шукаць гэты камень. А бывае — позняй восенню ўсё навокал заінела, а дзе-небудзь засталіся плямы на скалах без шэрані. Значыць, там таксама ён. Чырвоны камень мае такую чароўную моц, што мяняе i траву, i лес, i мароз яго не бярэ.

— Вырасцеш,—працягваў бацька,— сам будзеш хадзіць у горы, шукаць чырвоны камень i рабіць з яго бранзалеты, пярсцёнкі, шылы, нажы i яшчэ шмат якія патрэбныя чалавеку рэчы. I тады станеш самым паважаным у нашым родзе чалавекам. I на сходзе мудрэйшых табе заўсёды будзе пачэснае месца каля свяшчэннага агнішча, i кавалак мяса не звядзецца ў тваім гаршку.