Выбрать главу

I вось Трохпаліца памерла. I пахавалі яе ў невялікай магілцы пад невысокім насыпам, i на той свет нябожчыцы далі толькі трэснуты гаршчок з кашай i крамянёвы тупаваты нож. I на памінках былі толькі бліжэйшыя родзічы, якія ўспамянулі яе похапкам, спяшаючыся да сваіх пільных клопатаў.

Суседская дзяўчынка, якая сваім добрым сэрцам любіла старую, аднойчы потым спыталася ў бацькі:

— А чаму так, тата? Бабуля Трохпаліца была галодная i бедная i пахавалі яе абы-як. З сем'яў старэйшын нават ніхто не прыйшоў развітацца. A Typ i пры жыцці ўсё лепшае меў i на той свет колькі ўсяго забраў!

— А як жа, дачушка, інакш? — падумаўшы, адказаў бацька.— Typ жа нідзе сябе не шкадаваў — ні ў пушчы, ні на полі. Таму i належалі яму па справядлівасці i наша пашана i лепшы кавалак.

— A ці ж вінавата Трохпаліца, што яна была старая, нямоглая ўдава? Не, несправядліва гэта.

«Бач ты яе,— здзіўлена падумаў бацька,— яшчэ такая малая, а ўжо думае, як дарослы».

* * *

— Вёска Тура хутчэй за ўсё была паселішчам вялікай патрыярхальнай сям'і, або, як мы кажам,— патраніміі, у якую ўваходзілі родзічы розных пакаленняў. Патраніміі, разрастаючысЯу дзяліліся на меншыя сем’i блізкіх родзічаў, якія будавалі сабе асобныя хаціны i пaчыналі весці ўласную гаспадарку. Уся навакольная зямля была ўласнасцю патраніміі, палі апрацоўваліся калектыўна, а вось ураджай дзяліўся паміж асобнымі сем'ямі, па едаках. Спачатку агульнай была i жывёла, але, відаць, у бронзав ым веку нярэдка сем'і пачыналі валодаць уласнымі статкамі. Выдзяленне невялікай сям'і, як гаспадарчага калектыву, вяло да ўзнікнення i ўмацавання прыватнай уласнасці.

— Адсюль i маёмасная няроўнасць?

— Так. У нейкай сям'і ўрадлівейшы ўчастак поля, жывёла дала больш прыплоду — вось яна i пабагацела. А недзе вымакла ці высахла, каровы захварэлі, пажар надарыўся — збяднела сям'я.

ВОГНЕННЫ ЦМОК

Малых дзяцей ужо паклалі спаць, а мужчыны, пасля добрай вячэры, яшчэ сядзелі каля агнішчаў i заспакоена гутарылі пра зробленае за летні дзень, радзіліся аб заўтрашніх клопатах. Жанчыны дараблялі свае хатнія справы. Непаседлівыя падлеткі палезлі ў возера, каб у апошні сёння раз выкупацца ў яшчэ цёплай вадзе.

Сонца зайшло даўнавата. Неба на ўсходзе было ўжо цёмным, хоць на захадзе яшчэ добра палымнела i стужка высокіх перыстых воблакаў падсвятлялася з-за далягляду. Але падсветка гэта была ўжо прыглушаная, быццам прысыпаная попелам. Мусіць, сонца таксама паклалася спаць i недзе ўжо драмала, набіраючыся сілы для заўтрашняй працы.

I сярод гэтага ўціхаміранага напаўсоннага настрою людзей i ўсёй навакольнай прыроды высока ў паўднёвай частцы неба ўзнікла рыска святла, якая стала наўскос выцягвацца да зямлі, большаць, яскравець. I нарэшце ператварылася ў вогненны слуп, які, цягнучы за сабой распалены хвост i страляючы іскрамі, урэзаўся ў лес за ўзгоркамі. Зямлю страсянуў грымотны выбух, а затым хваля ўраганнага ветру пранеслася над лесам i абрынулася на возера, успеніўшы ваду. Узвіліся з агнішчаў у паветра вугалі, пасыпаліся на людзей абламаныя з дрэў галіны i трыснёг са стрэхаў хадін. I адразу затым закрычалі спалоханыя жанчыны, заплакалі дзеці, замітусілася ў загарадзе жывёла i па-ваўчынаму завылі сабакі. Але так жа раптоўна вецер сдіх, i толькі за ўзгоркамі пачало яснець неба. Маладзейшыя паўзлазілі на хвоі i закрычалі: «Гарыць лес!»

Як заўсёды бывае пры лясных пажарах, аднекуль пацягнула лёгкім ветрам, які паступова мацнеў i раздзьмухваў полымя. Напалоханыя людзі прыкмецілі, што яно расцягваецца ўшыркі i набліжаецца да іхняга возера.

Трэба было думаць пра паратунак.

Запасы ежы, вопратку паклалі ў чоўны, туды ж пасадзілі дзяцей, старых i жанчын i адплылі на мелізну, што была на адлегласці палёту стралы ад берага. Прылады працы, рыбацкі рыштунак i ўсё, што траплялася пад руку, у поспеху закопвалі ў мокры прыбярэжны пясок, тапілі ў вадзе каля камянёў, каб потым, як праміне навала, можна было знайсці. Далека за трыснёг загналі жывёлу, i мужчыны трымалі яе там лыкавымі вяроўкамі.

Малая Палавейка гэтую ноч потым памятала праз усё жыццё. Да самых драбніц. Спачатку набліжаўся гул i трэск, быццам ішла вялікая жнівеньская навальніца. Над возерам ужо густа клубіўся дым у водблесках пажару. I ад гэтых водблескаў барвовыя сполахі трапяталі на вадзе i тварах людзей. Потым з-за ўзгоркаў узвіліся першыя языкі полымя. Яны, як жывыя, вырываліся з гушчару, зыркімі змеямі перабягалі з сука на сук, ад дрэва да дрэва. Звіваліся, з сыкам скручваліся ў клубкі, пырскалі іскрамі i, як стрэлы, выстрэльвалі ўверх. Распаленыя галавешкі з шыпеннем падалі ў возера. Некаторыя даляталі да самых чоўнаў. Нарэшце вогненныя змеі спляліся ў вялізны слуп агню. Стала нясцерпна горача.