Выбрать главу

— Гэта ты ўжо занадта,— не дaў веры Іван Пятровіч.

— Чаму занадта? «Шнуравікі» ў час сваёй найвялікшай экспансіі праз марскія пралівы трапілі ажно на гэты паўвостраў. А адтуль праз два з лішкам тысячагоддзі выселілася племя готаў, якое праз басейн Віслы i наша Пабужжа перавандравала ў паўночнае Прычарнамор'е. I ў час гэтага перамяшчэння яно затрымалася на Пабужжы не на адзін год. На ўскраіне Брэста археолагі раскапалі нават цэлы гоцкі могільнік. Мог продак трапіць i нядаўна — каля тысячагоддзя назад нa шляху «з варагаў у грэкі».

— Табе варта на гэтай версіі i спыніцца,— пакпіў з мяне сябра,— i сцвярджаць, што ты з роду вікінгаў.

— Не выключана, не выключана,— аджартаваўся я.— Наёмныя дружыны скандынаўскіх воінаў былі на службе ў полацкіх князёў i часам складалі гарнізоны парубежных замкаў. A менавіта такім замкам на тагачаснай беларуска-літоўскай мяжы было некалі маё роднае Мядзіла.

— На лішак сціпласці ты не хварэеш,— засмяяўся Іван Пятровіч.— Але я рады за цябе, што ўжо можаш жартаваць. З’яўленне гумару — адзнака, што хворы папраўляецца.

— А таксама верагодна,— працягваў я, робячы выгляд, што не зважаю на кепікі псіхолага,— што гэта магло адбыцца ў часы распаду Рымскай імперыі, у эпоху вялікага перасялення народаў, калі ў Еўропе забурліла, як у перагрэтым чыгуне. I куды толькі каго не занесла ў тую людскую завіруху: германцаў ажно ў Афрыку, славян — у Малую Азію i на поўнач Беларусь — таксама...

КОПАЧКІ ПАД БРЫЖАМ ГАРШКА

Зязюля трапіла ў гэту вёску яшчэ як была дзеўкай. Паміж яе родным племенем i тутэйшым пачаліся былі тады звады. Недзе сагналі статак быдла, там спалілі паселішча, некага ранілі. А Зязюлю захапілі ў палон. Не паслухалася маці i далекавата адышлася ў пушчу — сама пайшлі баравікі; хацела насушыць на зіму пабольш. Быў ix там гурт дзяўчат, але ўсе ўцяклі, калі прыкмецілі чужакоў, а яна звіхнула нагу. I дасталася Зязюля маўкліваму воіну, у якога нядаўна памерла жонка, пакінуўшы хлопчыка-сіротку.

Спачатку бедавала дзяўчына-паланянка, намервалася не раз уцякаць. Але дзе ўцячэш, калі твае родныя за некалькі дзён шляху праз пушчу. A ў лясным гушчары на кожным кроку мядзведзі i рысі. Аднаму нават i дужаму мужчыну вялікая рызыка, а слабой дзяўчыне...

Пагаравала Зязюля, ды i абціхла. Чалавек, у чыю хату яна трапіла, аказаўся добрым i клапатлівым мужам. Да хлопчыка таксама прывыкла. Навучылася размаўляць па-тутэйшаму, пазнаёмілася з мясцовымі звычкамі. А як знайшліся i свае дзеці, i сябе пачала лічыць тутэйшай.

Учора Зязюля скончыла шыць абувакі са скуры зубрынай лабаціны. Цяпер яны віселі пад дрэвам, напханыя сухой травою. Высахнудь, стануцдь моцныя i цвёрдыя, як з дубу. Паслужаць мужу не адзін год. А сёння, як выпаў вальнейшы час, узялася за сваю любімую справу — пачала ляпіць гаршчок. У гэтым ёй падахвоцілася быць памагатай сяродашняя дачка, светлавалосая i блакітнавокая дзяўчынка гадоў васьмі, з рабацінкамі на твары, як i ў маці.

За хатай, пад кустом арэшніку, дзе было заценена i заўсёды вільготна, Зязюля разгарнула насланую кару. Адкрылася яма з запасам яшчэ летась накапанай гліны, перамарожанай за зіму, гатовай да ўжытку. Яна ўзяла некалькі камоў, паклала ў плыткае карыта, уліла туды вады. Потым з дачкой пачалі драўлянымі таўкачамі таўчы камы, каб атрымалася добра вымешаная вязкая маса.