Выбрать главу

Каровы i козы зашыліся ў кусты ля рачной старыцы i ратуюцца ад гарачыні i аваднёў. Авечкам авадні не страшныя, але ім у ваўняных футрах асабліва горача. Яны згрудзіліся шэрым комам у цень i не рухаюцца. Але пастушкі — тры загарэлыя да чарнаты падлеткі — толькі радуюцца, што такая спёка i што статак як прыліп да старыцы. Козы не лезуць у лес, каровы не разбрыдаюцца, i таму ёсць час на забавы.

Спачатку пастушкі рамантавалі стары будан, які, мяркуючы па накапычаных слядах, разбурылі, дурэючы, маладыя зубрыныя бычкі. Хлопцы зноў нахільна прыставілі да дуба доўгую жэрдку, паклалі на яе папярочкі. А на ix пачалі чапляць адламаныя яловыя лапкі. Атрымалася шчыльная i моцная стрэшка. Засталося толькі чакаць дажджу.

Хлопцы пасядзелі ў духмяным ад свежай ігліцы будане. Але дождж так i не пачынаўся. Пастушкам стала, нарэшце, сумна i яны ўзяліся вучыць свайго памагатага — сабаку Кудлача плаваць. Бралі яго i скідвалі з берага ў ваду.

Спачатку сабаку гэта спадабалася — было прыемна ахаладзіцца, бо яго таксама даймала гарачыня. Але пасля трэцяга купания Кудлач пакрыўдзіўся i ў рукі больш не даваўся. Трымаўся воддаль.

А дзень так бясконца доўжыцца, i сонца, як завісла над галавою, так i не скранецца, быццам не хоча злазіць ca сваёй вышыні... Чым бы гэта заняцца яшчэ?

Але доўга хлопцы не раздумвалі. . Набралі камянёў i пачалі паляваць на шчупакоў. Калі асцярожна пракрадацца каля вады, можна прыкмеціць між водарасцей вузкія целы рыбін, якія ці то драмалі, ці то пільнавалі спажыву. Трэба было прыцэліцца i з сілаю кінуць у рыбіну камень. Узлятаў сноп пырскаў, а часам усплываў i аглушаны шчупак. Тады заставалася хутка падхапіць яго i выкінуць на траву. Злоўленую здабычу тут жа з'ядалі.

Ды сырая рыба — гэта не тое, i ад яе толькі засмактала пад лыжачкай. I тады хлопцы адчулі, што ім даўно пара абедаць.

— Ты, Лісіца, папільнуй з Кудлачом статак, а мы хуценька збегаем i паямо. А потым — ты,— прапанавалі хлопцы свайму трэцяму таварышу.

Калі сябры схаваліся за паваротам ракі, Лісіца спачатку абышоў старыцу, каб пераканацца, ці не разбрыліся каровы, а потым крамянёвым нажом пачаў застругваць, вастрыць адламаную арэхавую палку. Зараз ён застаўся адзін i яму стала ніякавата. Хоць вёсачка іхняя была i недалёка, вунь у тым дубнячку, але ж побач пушча. A ў пушчы i мядзведзі, i ваўкі, i рысі. Праўда, блізка мядзведзяў пакуль не чуваць, i ваўкі летам на людзей не нападаюць, i побач верны таварыш Кудлач, але ж з вострай, хоць i драўлянай, дзідай ён, Лісіца, будзе адчуваць сябе надзейней.

Калі хлопец ужо выразаў на дрэўку адмысловы ўзор, завурчаў Кудлач i поўсць на ягоным загрыўку ўздыбілася. Падхапіўся i пастух, i ў час — з прылеснага хмызняку вымкнуўся шэры звер, ухапіў крайнюю авечку i пацягнуў яе да лесу.

— Уга! Ваўка! Кусі! — залямантаваў Лісіца i кінуўся за ваўком. Але першым драпежніка дагнаў Кудлач. Сабака не кінуўся адразу ў бойку з дужэйшым праціўнікам, a насядаў ззаду. Воўк, не выпускаючы здабычу, паварочваўся да Кудлача, i той адскокваў убок, ратуючыся ад жоўтых іклаў. Воўк быў стары, з запалымі бакамі, а авечка трапілася цяжкая, да таго ж перашкаджаў Кудлач, таму шэры разбойнік рухаўся рыўкамі. Перад самым лесам дасяг яго i пастух.

Убачыўшы побач чалавека, Кудлач асмялеў i кінуўся на ваўка, учапіўся яму ў карак. Звер кінуў здабычу i закруціўся ўюном, стараючыся скінуць сабаку, рвучы яму сцёгны. Ляцела ў бакі поўсць, гыркаталі воўк i сабака, крычаў Лісіца.

Пэўна б Кудлачу давялося блага, але хлопец, колькі было моцы ў руках, сунуў ваўку ў бок драўлянай дзідаю. Той матлянуўся да Лісіцы, збіў яго з ног. Але тут Кудлач злаўчыўся i ашчаперыў пашчу на самай ваўчынай шыі. Звер захрыпеў, затузаўся. Лісіца падхапіўся на ногі i некалькі разоў увагнаў яму ў бок сваю вастраколіну.

I тут на гэты шум i крык падбеглі з паселішча мужчыны з дзідамі, сякерамі, лукамі. Былі ўзброеныя, як на вайну, бо не ведалі — ці звер напаў на статак, ці які чужынец.

Утрапянелага Лісіцу калаціла ліхаманка. Ён нешта сіпеў сарваным голасам i ўсё паказваў на ваўчыны труп, які тузаў за бакі раз'ятраны Кудлач, сам крывавячы разарваным сцягном.

Падышоў бацька, абняў сына за плечы i асцярожна павёў у вёску. Ззаду неслі мёртвую авечку i ваўка. Побач падскокваў на трох лапах сабака, i то залізваў рану, то зноў меціўся ўчапіцца ў былога ворага.

Ноччу Лісіца кідаўся ў сне, трызніў. Яму ўсё здавалася, што на статак напалі ваўкі, цягнуць авечак у лес, а ён хоча закрычаць, паклікаць на дапамогу — ды не мае голасу, хоча пабегчы — але ногі як анямелі.