Выбрать главу

3 левага борта, вельмі далёка, можна было заўважыць яшчэ некалькі тральшчыкаў, якія скародзілі мора. Там, калі глянуць у кірунку на норд у моцны марскі бінокль, далёка за тральшчыкамі можна было заўважыць шэрую палоску: аблокі, што ляжалі над высокімі сопкамі нябачнага адсюль берага.

Справа, з зюйдавага боку,— караблі ішлі курсам «ост»,— быў відзён тральшчык-напарнік. Толькі ён ішоў марысцей «Тайфуна», быў далей за яго ад берага.

У той дзень работы было да д’ябла. Знішчылі чатыры міны. Мінёр «Тайфуна», старлей Андрэй Сцівен, той самы, што паслаў кудысь не таго, каго трэба, цадзіў праз зубы:

— Чартаўня нейкая. Не мора, а суп з клёцкамі. 3 д’яблавымі фрыкадэлькамі, тры чарты ім ніжэй хваста.

Высачэзны, бялявы, з вечна прыжмуранымі светлымі вачыма, ён ад свайго дабрадушша і лаяўся проста так, дзеля парадку. I мічман думаў, што дарэмна яму тады нагарэла, дарэмна ён займае месца, на якім цудоўна справіўся б і лейтэнант.

Чатыры разы шлюпка адвальвала падрываць міны. На вёслах быў Анатоль Каня. 3 ім здаравенны старшына Іван Красоўскі. Чатыры разы ўставалі за кармой гейзеры шалёнай вады, узносіліся проста ў неба і ападалі, і нехта быццам біў магутнай далонню па барабанных перапонках, і, каб на нейкі міг не аглухнуць, трэба было разяўляць рот.

I ўвесь гэты дзень мічман мімаволі сачыў за мінёрам і думаў аб ім. Вось ліхаманкава вяслуюць да карабля, вось узлятае за імі белы слуп вады і, калі асядуць апошнія пырскі, Каня крычыць нешта здзеклівае, весела выскаляючы белыя зубы.

Дзіўна, ён жа, Дубавец, быў амаль спакойны, пакуль ведаў, што побач з ёй нікога няма. Ён прымірыўся б нават з яе замужжам, што з ёю муж, калі б толькі не ведаць яго. Але вышэй усякага цярпення было думаць, што яе кахаюць і, магчыма, кахае яна, што гэты чалавек увесь час побач, што не ўцячэш ад яго, не схаваешся, што з ім трэба гаварыць, хай сабе толькі на службовыя тэмы.

«Ідзе на шлюпцы. Прыгожыя, эканомныя, дакладныя рухі рук. Чаму я быў амаль спакойны да гэтай раніцы? Спадзяваўся? Не, проста суцяшаўся — нічыя. Свінства!»

Дубавец ненавідзеў сябе за гэтае вартае жалю суцяшэнне, за ідыёцкую рэўнасць, за ўсё. I аднак не мог думаць іначай, бо ніколі не думаў, што гэта так цяжка.

«Пісакі пісалі «сэрца баліць». Брахня. Нічога такога ніколі не было на свеце ні ў яго, мічмана Дубаўца, і ні ў каго іншага. Пабрахенькі!»

А вось зараз ён адчуваў такі неадольны, фізічны боль у сэрцы, што яму здавалася — ён памірае.

...Калі ўзарвалі другую міну, аднекуль з глыбінь, з таго, што нават думкай не назавеш, усплыло цёмнае...

«Мабыць, не балела б так, мабыць, было б лягчэй, каб Каня схібіў».

Ён адразу ж, нават не асэнсаваўшы ясней, жахнуўся гэтаму, пачварнаму, што ў адну хвіліну перакрэслівала і бездакорнасць ягонай працы, і жыццё. Да фізічнага болю недзе з левага боку грудзей прыбавілася яшчэ і пякучая пагарда да сябе. I гэты боль, гэтая пагарда нібы далі яму зразумець, што ён ненавідзіць мінёра так, як яшчэ ніколі і нікога ў жыцці не ненавідзеў.

«Чаму ж яго? Чаму менавіта яго? Чаму не кагосьці іншага, з якім яны не асуджаны быць на адным караблі?»

Ён думаў, што каб яна пакахала кагось яшчэ, сталага, мужнага, вопытнага, тады ўсё было б іначай. Ён не мог не думаць, што мінёр на год старэйшы за яе, і гэта добра, але ён глушыў гэтую думку.

«Маладзён, шчанюк, салага зялёная. Што ў ім, халера яго забірай, можна было знайсці? Фарбамі мажа? Умее мянціць наконт арэола вакол агнёў? Пэцкаль. Прыпёрлі б цябе, як нас у шхерах у сорак трэцім — тросся б, як сабачы хвост».

Ён знаходзіў для яго самыя жорсткія, грубыя, крыўдныя словы. I сам жа чырванеў, быццам гэта яму, Дубаўцу, кідалі іх у твар.

«Добра, няхай я малпа з твару. Ты — паводзінамі малпа». А ў сэрца нібы рытмічна ўваходзіла тонкая, вострая іголка.

Размыты, ці то шэры ці то сонечны, нерэальны дагараў над морам дзень. Няпэўны, нібы зусім бясшкодны. I, адначасова, самая гэтая няпэўнасць нечым насцярожвала, прымушала з трывогаю чакаць чагосьці ўстойлівага, каб ужо добра ці дрэнна, але нешта было.

Мічман не памыліўся ў сваім прадчуванні: вецер надвячоркам рэзка пасвяжэў. Гэта яшчэ не быў шторм, але тое, што адбывалася вакол, прадвяшчала яго. Хвалі кіпелі, віравалі, узблісквалі пад зусім ужо нізкім, трывожным сонцам, усплёсквалі белымі грывамі. Грабяні іхнія, па меры таго як паміралі сонечныя праменні, бы нейкім злым чарадзействам ператвараліся ў цяжкае волава і свінец. Злавесныя валы каціліся з-за далягляду і былі цёмныя і нават на выгляд цяжкія, як базальт.

...Апошні, ледзь не праз ваду ўжо, пробліск сонца быў пранізліва-трагічны і журботны.

Амаль такое ж страшнае сонца мічман бачыў гадоў восем назад, калі ўраганны вецер кінуў іх у самае «вока тайфуна», ледзь жывых, закатаваных утрапёным шаленствам стыхіі. Шмат гадзін з верхавіны ў бяздонне між тытанічных валоў, і ведаеш, што гэта вар’яцтва на многія дзесяткі міль вакол цябе, і раптам — роўнядзь вады, а вакол, па коле, бягуць шматтонныя вадзяныя волаты. I саскок у гэтую цішыню, і раптам поўная ціша, і вакол, як сцены, круцяцца непраглядныя смерчы, а над галавой, у маленькім, як пятачок прасвеце, гнеўнае сонца. Студня, з якой ужо няма выйсця. «Вока тайфуна», сэрца яго. Быццам з дна чорнай прорвы глядзіш, быцам няма табе іншай дарогі, акрамя дарогі да неба.

Мічман здзівіўся, прыдумаўшы такія прыгожыя словы, але тут жа зразумеў, што нават калі б здолеў вымавіць іх, то нікому не змог бы сказаць, і Жэні Арсенцевай таксама. Здолеў бы, як гэты, можа, усё было б іначай. I несправядлівасць гэтага зноў балюча ўдарыла яго ў сэрца.

«Вока тайфуна». Як яны вырваліся тады з яго — вядома было толькі богу, здзёртым іхнім пазногцям, пабітаму на яблык целу, зламаным яго рэбрам, згубленым шлюпкам і якару, памятым бартам карабля.

«Восем гадоў назад. Яны тады, ачмурэлыя і ледзь жывыя, вырваўшыся са страшнага, як смерць, утрапення, не паверылі ласкаваму сонцу, спакою, цішыні. I ён не ведаў, што наперадзе была Жэня. I гэты дзень.

Восем... Тады гэты мандаліннік на ягоную, Дубаўца, пагібель, толькі рос недзе. Хадзіў у нейкі там шосты клас. Вучыў у геаграфіях пра тайфуны і ані д’ябла не ведаў пра тое, што адны толькі рыбалоўныя японскія судны гінулі дзесяткамі, што ў Брыстольскім заліве тайфун, як цацкі, перакуліў нашы сейнеры, і ўратаваўся толькі адзін чалавек... Ды й яна пра ўсё гэта ведала не лепей за яго.

Тое, што зараз, гэта не тайфун, але на душы горш, чым, бадай, пад час тайфуна. Змыла б тады за борт — і ўся табе ютрань. I добра было б. Так і пражыў бы, не ведаючы ўсяго гэтага».

...Хмары ўжо заснавалі ўсё неба і цяжарам сваім як быццам прыціскалі караблі да вады. А вада імчала, уздымалася на іх, гарматна біла ў барты, кідала, раўлівымі плынямі імчала па палубах, абкатвала мосцік, з размаху біла людзей, спрабавала цяжка і ўладна цягнуць іх з сабой, не давала выбіраць апошнія тралы.

Палуба хілілася, нібы хацела памагчы вадзе, скінуць людзей проста ёй у рэдкія белыя зубы.

— Працаўнікі мора,— бурчэў мічман.— Якога яшчэ... Пакутнікі мора, вось гэта будзе вярней.