Каваль. Далей проза, Іван Дамінікавіч…
Янка Купала. Чытайце прозу, якая мне розніца…
Каваль. Мне на памяць ямчэй, Іван Дамінікавіч…
Янка Купала здзіўлена глядзіць на Каваля.
(Чытае па памяці і так, нібы ён гэта сам напісаў).
«Калі гавораць аб незалежнасці якой-небудзь новай дзяржавы, вызваленай вайной і рэвалюцыяй з-пад расійскага ярма, то гэта, здаецца, так і трэба, так і павінна быць. Незалежная Польшча, Літва, Украіна, Латвія і г. д. — усе яны маюць права на гэта… незалежнасць гэтых дзяржаваў не выклікае ніякіх спрэчак…
А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасці… Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасцяў, што аж вушы вянуць слухаючы. На ўсякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую.
Чаму гэта так?
Беларускі народ самабытны — гэта прызнаюць ужо нават і нашы праціўнікі з польскага ці расійскага лагера. Беларуская дзяржаўнасць таксама мае сваю гісторыю — маю тут на ўвазе Вялікае Літоўска-Беларускае княства. Геаграфічнае палажэнне Беларусі таксама не горшае, як у людзей…
Дык чаму ж так страшна наша незалежнасць?..
Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак — Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці.
Для адбудавання вялікай Польшчы «ад мора да мора» трэба пераступіць Беларусь; для адбудавання вялікай Расіі ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь.
Вось і выходзе, што трэба Беларусь выкінуць з гісторыі, з геаграфіі, і наогул калі не цалкам прылучыць яе к адной з суседніх дзяржаваў, то разрэзаць напалавіну, але так зрабіць, каб яе не было і звання…
…Толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу».
Янка Купала (здзекліва). А ў вас ёсць пярэчанні?..
Каваль. Баронь бог, Іван Дамінікавіч…
Янка Купала. У чым жа тады справа? I чаму я тут? Чаму наша воля на крыжы?!
Каваль (чытае верш Я. Купалы «Акоў паломаных жандар…»).
Янка Купала (перахоплівае верш).
Каваль (крыху разгублена). Падобна, што вы гэта мне, асабіста?..
Янка Купала. Вам, асабіста, шаноўны таварыш Мікіта!
Каваль. Чаму Мікіта? Я Мікола…
Янка Купала. Вы Мікіта Зносак! Скажу шчыра, не спадзяваўся сустрэць вас у АДПУ…
Каваль. Шаноўны Іван Дамінікавіч, пакуль мы не развіталіся, у вас ёсць магчымасць сказаць мне ўсё, што вы хочаце…
Янка Купала. Калі можна, я вершам. Наўрад ці ўсе вы на памяць вывучылі… (Чытае верш «Разлад».)