Каваль (вельмі спакойна). Іван Дамінікавіч, я і гэты верш ведаю на памяць. I наогул, я ведаю вас на памяць усяго. На дзівацтва маё не здзіўляйцеся. Адны ведаюць на памяць прарока Пушкіна, другія прарока Шаўчэнку. Чаму ж мне, Мікалаю Кавалю, не ведаць прарока Купалу? Маё няшчасце, як і ваша, у тым, што вымушаны я іграць ролю Мікіты Зносака, малоць хвастом і… дапытваць самога Янку Купалу… Не толькі ваша воля на крыжы. Падобна, што яны раскрыжуюць цэлы народ…
Янка Купала (здзіўлена, у роспачы). Калі вы не правакатар, то хто тады?..
Каваль. Настаўнік я, Іван Дамінікавіч. Звычайны настаўнік роднай мовы, якая, дзякаваць Богу, жыве яшчэ і маімі малітвамі.
Нечакана ўваходзіць Жанчына. Убачыўшы Янку Купалу, вельмі бянтэжыцца.
Жанчына. Даруйце… (Да Каваля.) Адпусцілі мяне… Пропуск бы падпісаць… (Здзіўлена глядзіць на Янку Купалу.)
Каваль. Вашу справу вядзе следчы Кузняцоў… Пачакайце за дзвярыма, калі ласка.
Жанчына. Даруйце!.. Дзякую!.. Да пабачэння!.. О, Божа, што я кажу?! (Выходзіць.)
Уваходзіць Кузняцоў.
Кузняцоў (да Каваля). Выйдем на минутку.
Абодва выходзяць. Купала ўстае з зэдліка, падыходзіць да акна, сціскае краты.
Янка Купала (грозна чытае верш «Паўстань…»).
Уваходзіць Каваль.
Каваль (з нейкім асаблівым жалем і сумам). Давайце ваш пропуск, Іван Дамінікавіч. (Падпісваючы пропуск.) Ідзіце дамоў…
Янка Купала (беручы пропуск). Так я і не зразумеў, хто вы…
Каваль. Чалавек я, Іван Дамінікавіч. I на загубу сваю — сумленны.
Янка Купала. Тады да спаткання, сумленны чалавек…
Каваль. Не будзе ў нас больш спаткання, Іван Дамінікавіч… Не будзе…
Янка Купала (з сумам усміхаючыся). А я прывык ужо… штоноч…
Каваль. Застрэлюся я сёння ноччу, калі наган не адбяруць, ці павешуся, хоць гэта і брыдка.
Янка Купала (зусім збянтэжана). Як застрэліцеся?!
Каваль. Звычайна… як іншыя…
Янка Купала. Чаму?! Навошта?! Што гэта вы гаворыце?!
Каваль. Рапапорт сказаў Кузняцову, што вас сёння раніцою браць будуць. А без вас я не хачу заставацца на гэтым свеце…
Купала разгублена маўчыць.
Яны прымусяць мяне напісаць, нібы вы ва ўсім прызналіся. Потым вас будуць біць і вы ўсё падпішаце, як і іншыя ўжо падпісалі і на сябе, і на вас, і адзін на аднаго…
Святло паволі згасае. Заслона закрываецца. Асвятляецца постаць Бянігны Iванаўны.
Бянігна Іванаўна (моліцца). Найслаўная Дзева, Маці Хрыста Бога, прымі маю малітву Сыну твайму і Богу нашаму, ды ўратуе ён Табою душу сына майго Янкі. Усе надзеі мае на Цябе ўскладаю, Маці Боская, абарані яго пад рукою Тваёй. Багародзіца Дзева, не адступіся ад мяне, грэшнай, якая просіць Тваёй дапамогі і Тваёй абароны, на Цябе спадзяецца душа мая, памілуй яго і мяне. Вярні жывым і здаровым. У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амін. (Хрысціцца, ціха галосіць.)