Выбрать главу

Ксёндз. Яшчэ лыжачку… а ў палітыку я не ўмешваюся. Царква аддзелена ад дзяржавы, а школа і навука ад царквы. А вы, шаноўны паэта, пра людзей, сябе і рэвалюцыю думаючы, на Бога забыліся.

Янка Купала. А чаму Бог ад людзей адвярнуўся?

Ксёндз. А то вам не ведама?.. I яшчэ адну лыжачку… Бог адступіўся… Бяда, хоць і не самая вялікая, прыйсці ў адчай. Гора чалавеку — адчай у Богу. Ён выключае магчымасць выпраўлення і таму ёсць грэх супраць Святога Духа. Адчай — вынік адчужэння людзей ад Бога.

Янка Купала. Ойча, вы замест таго каб прычасціць мяне перад смерцю, якой я і цяпер хачу, бо ў хуткім будучым яе не пазбегну, адчытваеце мяне, як дзіця неразумнае. Зразумейце, шаноўны, — я разбіты, скрышаны, амаль мёртвы. I не псавалі б вы лепш гэтай кашкі…

Ксёндз (ставіць слоік на тумбачку). У часы старазапаветныя цар ізраільцян Саул, разбіты філістымлянамі, у адчаі парашыў сябе мячом. З прычыны чаго апостал запісаў: «Так памёр Саул за сваё беззаконне, якое ён зрабіў перад Госпадам, за тое, што парушыў слова Гасподняе…» Святы ж Іаан Златавуст казаў, што «адчай зводзіць у самую апраметную, тады як моц духу вяртае адтуль».

Янка Купала. Ці ж я не ведаю пра тое, добры мой чалавек.

Ксёндз. Добры чалавек… Я яшчэ і пастар ваш духоўны, грэшны сын мой, Іване.

Янка Купала. Хіба ж я пярэчу, але і вы ўлічыце, што і ў мяне была свая паства. I прыход мой не малы. I колькі было ў мяне моцы, я зваў сваю паству да святла на роднай зямлі!

Ксёндз. Спаўна і вам будзе!..

Янка Купала (спрабуе падняцца хоць на локаць). За што?! За тое, што паству маю гоняць сёння як быдла на бойню, катуюць у жывадзёрнях, прымушаюць дзяцей даносіць на бацькоў, ілжыва сведчаць на сяброў і суседзяў, а я нічым дапамагчы не магу. I перайначыць нічога не здолею!.. А я ж некалі цэламу народу сказаў: няхай жа ў вас будзе хоць Янка Купала… А што зрабіў?! Чым дапамог?! Дзе лёг упоперак дарогі смерці і пакут людскіх?!

Ксёндз. Ляжыце спакойна, Іван Дамінікавіч, а то я доктару абяцаў не хваляваць вас вельмі… А што тычыцца народа, то не магу не пагадзіцца — так, ён у бядзе і скрусе, але ж не ў адчаі, даруйце, самагубства. I наогул, мой вы даражэнькі, народ не бывае ў адчаі. I ў тым яго паратунак. Народ нельга закатаваць ці забіць, калі ён народ! Калі яму не здраджваюць павадыры! А вы, шаноўны паэта, ледзьве не здрадзілі. Вялі, вялі сляпых, а потым наважыліся і сябе асляпіць…

Янка Купала. Не стрываў прыніжэння, абразы і паклёпаў перад народам, які мне паверыў.

Ксёндз. А можа, перапалохаліся, каб народ не закрычаў і ў ваш бок: распні яго! распні! Крычаць жа іншым… ды яшчэ як гучна.

Янка Купала. Даруйце, ойча, толькі я ведаю мой народ і сваю адказнасць перад ім…

Ксёндз (цытуе). «Я адплаціў народу, чым моц мая магла: зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла…» Гардота, гардота авалодала вамі, раб Божы…

Янка Купала. Бадай што грэшны…

Ксёндз. I да свабоды нашаму народу…

Янка Купала (перапыняе). Вы хочаце сказаць — на многа далей, чым да самагубства?..

Ксёндз (ледзь стрымаўся). Лячыць вас трэба, спадар Іване, і не толькі пропаведзямі!..

Янка Купала. Даруйце, ойча…

Ксёндз. Бог даруе… I ведайце, што народ мацнейшы, чым мы, грэшныя, пра яго думаем. I такі грэх, як самагубства, зусім не быў ведамы першым хрысціянам нават у часы самых страшных ганенняў: яны былі сапраўднымі мучанікамі за веру, пра што блажэнны Аўгусцін казаў: «Яны бязмерна перавышаюць антычных герояў не толькі лікам, але і шчырасцю і бескарыслівасцю, сваёй найвялікшай дабрачыннасцю, што вынікала з любові да Бога; пераўзыходзяць і тым святым гераізмам, пад уплывам якога ўмеюць цярпліва пераносіць, ні пры якіх умовах не забіваючы сябе».

Як сабе хочаце, мой шаноўны, але я не ў стане зразумець, як мог народны Паэт і Паэт народа, што, між іншым, не адно і тое ж, у ліхую гадзіну, калі крумкачы апраметнай накінуліся на гэты народ і жывым раздзіраюць цела яго і душу, калі з вязніц і цёмных катавальняў чуваць енк і скрыгат зубоў, лепшы з нас, Пясняр народа, што тоесна айцу духоўнаму, даруйце, як гімназістка, накласці на сябе рукі.

Янка Купала. А сярод ксяндзоў бываюць міласэрныя?..

Ксёндз. Бываюць.

ЯнкаКупала. Тады пашкадуйце, а то я сапраўды вазьму дый памру…

Ксёндз. Ад сораму, спадар Іване, — калі ласка, бо сорам хоць нейкае, а пакаянне. А ад гардоты, гневу ці, яшчэ горш, страху — грэх вялікі. Грэх і найвялікшае злачынства, бо без пастараў-празорцаў, без прарокаў народ сляпы і бездапаможны…