Выбрать главу

Янка Купала. I яны пра злачынства. I вы пра злачынства…

Ксёндз. Мы і яны… Хіба не грэх ставіць побач?..

Янка Купала. Хіба я параўноўваю?..

Ксёндз. Па-першае, самагубства — грэх супраць Бога, бо жыццё дар яго і толькі ён можа адняць яго; па-другое, грэх супраць бліжніх, бо «мы многія складаем цэлае ў Хрысце», а паасобку адзін для другога члены; па-трэцяе, супраць родных, суродзічаў і дзяцей, бо тым самым прычыняецца ім страшнае гора.

Янка Купала. Хіба не ведаю, ойча…

Ксёндз. Памаўчыце, грэшны… Па-чацвёртае, супраць сябе, бо «ніхто ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, але корміць і грэе яе», — сказана ў Пісанні. (Зноў бярэ слоік і частуе хворага.)

Янка Купала. I тым не менш у нас так многа зараз самагубстваў…

Ксёндз. Святы касцёл смуткуе з гэтае прычыны і робіць усё магчымае, каб аблегчыць душу пакутнікаў.

Янка Купала. А хто аблегчыць душу маю і іншых там, у Котласе ці на Салаўках, калі тут не выпусцяць з цела… за Камароўскімі балотамі?..

Ксёндз. Без веры ў сваю душу і яе бессмяротнасць жыццё чалавека ненатуральнае, неверагоднае, невыноснае.

Янка Купала. Пан ксёндз апелюе да Дастаеўскага?

Ксёндз. Бо глыбока паважаю. Ён, як і айцы, лічыў, што вера ў замагільнае жыццё неадрыўная ад духу чалавечага і заўсёды схіляе яго да добрага жыцця.

Янка Купала. Вам лёгка гаварыць пра дабро і душу. А я пабываў там, дзе ўжо няма ні таго, ні другога.

Ксёндз (асабліва пранікнёна). Па ўсім бачу — не міне мяне гэтае гора… Так што не зайздросце…

Уваходзіць Кузняцоў з газетай у руцэ.

Кузняцоў. Вы не далеки от истины, господин ксёндз. (Да Купалы.) А вас, Иван Доминикович, я искренне поздравляю с опубликованием вашего покаяния. А признались бы нам, никто бы не печатал. (Перадае газету.) И еще новость. Знаток белорусской классики и, в частности, вашей поэзии и прозы Микола Коваль удавился. Из-за вас, между прочим, удавился…

Ксёндз хрысціцца.

Святло раптоўна гасне.

IX

Рабочы пакой Янкі Купалы. На стале самавар. За сталом сядзяць слабы яшчэ Янка Купала і Ігнатоўскі. Толькі не п’ецца ім чай — не той настрой.

Янка Купала. …Усевалад Макаравіч, даражэнькі, як сабе хочаце, толькі не магу я з гэтым пагадзіцца. Як-ніяк, а нешта зроблена…

Ігнатоўскі. Што зроблена? Хіба столькі можна было зрабіць за дзесяць год? Дзесяць год спадзяванняў!

Янка Купала. I тым не менш збіранне беларускіх зямель пачалося. А дасць Бог некалі і закончыцца. I супадуць этнічныя граніцы Беларусі з межамі дзяржаўнымі.

Ігнатоўскі. Можна падумаць, што якраз дзеля гэтага Масква перад Варшавай паловай Беларусі і адкупілася…

Янка Купала. Галоўнае ў тым, што мы Варшаве нічога не павінны. А сваё некалі вернем.

Ігнатоўскі. Аптыміст!.. Вы думаеце, з-за нас нехта з Еўропай сварыцца будзе? Мяркуеце, што Беларусь перастане некалі быць разменнай манетаю?.. Буферным краем?..

Янка Купала. Вам, гісторыку, відней. А тое, што мова наша, хоць і ненадоўга, а пабыла дзяржаўнаю, як і школа нацыянальнаю, — не забудзецца ніколі! I Інстытут беларускай культуры быў, і Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, і газеты, і часопісы былі, і Цэнтральны архіў! Не, братка, гэта ўжо не мала. Як бы яны ні шалелі, і ў які бы тупік народ ні завялі, а ён ужо ніколі не забудзе, што было ў яго другое Адраджэнне! Было «срэбнае дзесяцігоддзе»! I ўзлёт інтэлектуальных сіл народа быў! Культура, навука, асвета абудзіліся! Нацыянальная самасвядомасць прачнулася! А гэтага задушыць цяпер ужо нікому не ўдасца! Калі-нікалі ды прарвецца…

Ігнатоўскі. Іван Дамінікавіч, мілы, якая навука, якая культура і гаспадарка без Пічэты, Лёсіка, Ластоўскага, Некрашэвіча, Смоліча, Жылуновіча, Гарэцкага, Зарэцкага, Прышчэпава і дзесятка іншых светлых галоў, што ляглі на плаху?! Пра што вы гаворыце? На што спадзяецеся? Яны не толькі загоняць у магілу нас з вамі. Яны прыдушаць народ на дзесяцігоддзі, а мо і стагоддзі, давядуць яго да атупення, да духоўнага ўбоства і галечы. Пры сучасным рэжыме і тэндэнцыях яго развіцця народ наш сапраўды ператворыцца ў быдла, якое забудзе, хто яно і адкуль узялося. I панаваць над тутэйшымі будуць тыя ж маскалі ды іншыя прыблуды. Яны ператвораць нашу моладзь у янычараў, якія забудуць не толькі матчыну мову, але і сваю крэўнасць з Бацькаўшчынай наогул…