Ігнатоўскі. Не варта мне было прыходзіць…
Янка Купала. Спакойна, Уладзіслаў Макаравіч, не дадзім апрычнікам парадавацца на нашу разгубленасць.
Уваходзіць Кузняцоў.
Кузняцоў (убачыўшы Ігнатоўскага). А-а-а, старый знакомый?! (Да Уладзіславы Францаўны.) А вы, гражданка, выйдите!
Уладзіслава Францаўна (узрываецца). Я табе не «гражданка»! Я гаспадыня тут! Дом мой тут! А вы ўрываецеся, як зладзеі!..
Кузняцоў (збянтэжана). Извините, я вошел, а не «ўварваўся»…
Уладзіслава Францаўна. А ўвайшоў, дык прывітайся з людзьмі!.. Ніколі не думала, што ў ГПУ такія хамуйлы працуюць.
Кузняцоў (авалодаўшы сабой, здзекліва). Здравствуйте, спадар Игнатовский, здравствуйте, спадар Купала! (Да Уладзіславы Францаўны.) Здравствуйте, спадарыня… Не знаю, как вас…
Уладзіслава Францаўна (з гонарам). Спадарыня Уладзіслава Францаўна!
Кузняцоў. Очень приятно, но вам все же придется выйти.
Уладзіслава Францаўна (цвёрда). Дома я, сказала!
Кузняцоў. Ну, ладно!.. Все садимся. (Садзіцца.) Дело у меня к вам, Иван Доминикович, особой важности… Зарубежная свора, как вам должно быть известно, начала оголтелую компанию лжи и возмутительных политических инсинуаций вокруг вашей, Иван Доминикович, персоны и, естественно, вашей болезни, к которой мы, то есть органы ОГПУ, как вы, надеюсь, понимаете, никакого отношения не имеем.
Янка Купала. Сапраўды…
Кузняцоў. Совершенно верно… А посему, уважаемый Иван Доминикович, вам надлежит подписать вот это. (Падае складзены аркуш.) И, как говорится, дело с концом.
Янка Купала (надзявае акуляры, чытае). «Метады і спосабы змагання беларускіх нацыянал-фашыстаў Заходняй Беларусі з дыктатурай пралетарыяту і ўладай Саветаў усім добра вядомы, гэта — правакацыя, прыслужніцтва польскай дэфензіве, падбухторванне да інтэрвенцыі супраць СССР і г. д. Апошняя правакацыя гэтых ягамосцяў па сваёй нагласці перавышае, бадай, усе іншыя, ім падобныя.
У беларускіх контррэвалюцыйных нацыянал-фашысцкіх газетах — «Беларускі звон»… і «Беларуская крыніца»… было надрукавана, што я нібы быў арыштаваны і пакончыў жыццё самагубствам. «Бел. звон» ухітрыўся нават змясціць мой партрэт у чорнай, жалобнай рамцы ды яшчэ і некралог напісаць. Што гэта знача? Гэта знача паказаць па-правакатарску сваім чытачам, што ў Краіне Саветаў нялёгка жывецца нават пісьменнікам.
Я катэгарычна пратэстую проці такой агіднай хлусні. Ніколі ніхто мяне пры Савецкай уладзе не арыштоўваў, і ніколі я не паміраў. Доказам для вас, паны нацыянал-фашысты, служаць хоць бы гэтыя радкі, якія я сам пішу. Вашай апекі і вашага заступніцтва мне не патрэбна. З боку Камуністычнай партыі і Савецкай улады як карыстаўся, так і карыстаюся самымі прыхільнымі і ўважлівымі адносінамі. Жыву я пад аховай законаў дыктатуры пралетарыяту, законаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, і ўмешванне ў маё жыццё з боку зарубежнай белагвардзейшчыны буду заўсёды разглядаць як самую злосную правакацыю…» (Нечакана і да здзіўлення прысутных падпісвае паперу.)
Кузняцоў (літаральна выхапіўшы паперу з рук Купалы). Благодарю! Сердечно благодарю вас, Иван Доминикович! До новых встреч! (Выходзячы.) А вы, Всеволод Макарович, засиделись. Очень поздно засиделись. (Выходзіць.)
Уладзіслава Францаўна (крычыць). Вярніся! Я сказала, вярніся!
Кузняцоў (вярнуўшыся). Это вы мне?..
Уладзіслава Францаўна. Табе… I запомні, што ў чужых дамах не сваім гасцям культурныя людзі парад не даюць!
Кузняцоў. Всё?
Уладзіслава Францаўна. Усё! Будзь здароў!
Кузняцоў знікае.
Ігнатоўскі (у жаху). Што вы нарабілі, Іван Дамінікавіч?!
Уладзіслава Францаўна. Сапраўды, навошта табе было падпісваць гэту лухту?..
Янка Купала. Толькі з тое прычыны, што за мяжой жывуць не дурныя людзі. У крайнім выпадку за тых, што пісалі гэта «опровержение». I яму будзе столькі ж веры, колькі і таму, што нечая сучка мазь паела і сама сабе мазёнку на галаву надзела.
Уладзіслава Францаўна. А як я яго, га?..
Зацягнутая паўза.
Ігнатоўскі. Пара мне. Сапраўды заседзеўся. Бывайце, Іван Дамінікавіч. (Нечакана абдымае яго.) Бывайце, Уладзіслава Францаўна! (Цалуе ёй руку.) Шчасліва вам заставацца… (Паспешліва выходзіць.)