Выбрать главу

Якуб Колас. Жарты, Уладка, жарты… Не ведаю толькі, ці смяяцца, ці плакаць…

Уладзіслава Францаўна. Такі нешта стрэслася?!

Якуб Колас. Стрэслася. I не дзіва — увесь горад у трасцы. Усю краіну калоціць. Толькі ты, Уладка, пакуль пагуляй — мы спачатку з Янкам пашэпчамся, а ён табе сам перакажа, як пара прыйдзе.

Уладзіслава Францаўна. Во часіны насталі! У Якуба ад Купаліхі сакрэты!..

Якуб Колас. Не крыўдуй, любая… палітыка тут…

Уладзіслава Францаўна. Тады і сапраўды гарбатай не адбудзеш… (Выходзіць.)

Янка Купала (запальвае новую папяросу ад дакуранай). Што-небудзь сапраўды?..

Якуб Колас. Максіма Гарэцкага ўзялі, і Грамыку, і Дубоўку, і Язэпа Пушчу, Бабарэку, Жылку, Чарнушэвіча, Алеся Гурло… Можа, і яшчэ каго… I ў мяне былі. (Вымае з-за пазухі паперкі.) Во гэта прынеслі… Загадалі сваёй рукой перапісаць, падпісаць і ім вярнуць. А то, маўляў, загрыміш разам з іншымі…

Уладзіслава Францаўна прыносіць графінчык і два кілішкі.

Уладзіслава Францаўна. Гэта табе, Якубка, заместа валяр’янкі. А то ты нейкі ўвесь натапыраны. (Хоча выйсці.)

Якуб Колас. Пачакай, Уладка! Прачытай нам вось гэта. (Перадае паперкі.) А то ад такога жанру ванітуе…

Уладзіслава Францаўна (бярэ паперкі, пачынае чытаць). «У шкоднай контррэвалюцыйнай рабоце, побач з актыўнейшымі прэдстаўнікамі беларускага нацыянал-дэмакратызму, прымаў удзел і я, падпаўшы пад уплыў нацыянал-дэмакратычных ідэй і настрояў…» (Нічога не разумее, здзіўлена глядзіць то на Якуба, то на Янку.)

Якуб Колас. Ты чытай, чытай далей…

Уладзіслава Францаўна (чытае далей). «Мая дзейнасць выразілася не толькі ў канкрэтнай рабоце ў Навукова-тэрміналагічнай камісіі і ў Інстытуце беларускай культуры, але і ў маральным падтрыманні і адабрэнні тае работы, тых установак і тых ідэалагічных вывіхаў і контррэвалюцыйных праяў, што неўнікнёна, у сілу свае дробнабуржуазнае і кулацкае прыроды, нёс беларускі нацыянал-дэмакратызм…»

Я нешта не разумею, пра чые тут «вывіхі»?..

Якуб Колас. Ты, Уладка, чытай! Пра вывіхі я ў канцы патлумачу…

Уладзіслава Францаўна (чытае). «Адарваны ад жывых крыніц пралетарскіх мас, замкнёны ў цесным крузе нацыянал-дэмакратычнай інтэлігенцыі і атручаны нацыянал-дэмакратычным дурманам, я па-прымірэнцку і апартуністычна адносіўся да ўсіх яго праяў (ну і стыль!), ні разу не выступіўшы супраць іх ні вусна, ні ў друку, ні ў парадку пралетарскай самакрытыкі. (Кашмар нейкі!) Мая літаратурная дзейнасць, асабліва яе першы перыяд, выходзячы сваімі карэннямі з часоў «Нашай Нівы» і наскрозь прасякнутая дробнабуржуазнымі настроямі, таксама спрыяла росту і развіццю беларускага нацыянал-дэмакратызму…»

А пры чым тут «Наша Ніва»? I хацела б я ведаць, хто гэта так каецца і попелам галоўку пасыпае — ты, Якубка, ці, можа, ты, Яначка?..

Якуб Колас. Думаецца мне, Уладка, што Янкавы пакаянні яшчэ наперадзе. Відаць, яны не толькі мне напісалі.

Уладзіслава Францаўна (перапыняе). Хто — яны?!. Хто яны?!.

Якуб Колас. Ну, а хто ж яшчэ, як не яны…

Уладзіслава Францаўна (дачытвае вельмі таропка). «Катэгарычна парываючы з беларускім нацыянал-дэмакратызмам, які ва ўмовах Заходняй Беларусі перарастае ў нацыянал-фашызм (ого!), я безагаворачна асуджаю яго як канцэпцыю рэстаўрацыі капіталізму, канцэпцыю адміраючых класаў, варожых дыктатуры пралетарыяту, як мутную антыпралетарскую плынь у творчым патоку сацыялістычнага будаўніцтва, як агіднае звяно ў ілжывым ланцугу шкодніцтва контррэвалюцыйных арганізацый, нядаўна выкрытых у розных месцах Саюза ССР, шпіянажу замежных капіталістычных дзяржаў і іх генеральных штабоў, рыхтуючых употайку крывавую інтэрвенцыю супраць Саюза ССР…»

I куды ты панясеш гэта, шаноўны Канстанцін Міхайлавіч?

Якуб Колас. Рапапорту, а куды ж яшчэ?.. Рапапорту, Уладзіслава Францаўна.

Уладзіслава Францаўна (вельмі ўсхвалявана). Ашалеў чалавек! Людцы добрыя, Якуб Колас ашалеў!

Якуб Колас. Ашалееш…

Янка Купала (узрушана). Гэта самазабойства, Якуб!!!

Якуб Колас. Не, Янка, гэта не самазабойства. Гэта забойства…

Уладзіслава Францаўна (засмучана). Што ж гэта робіцца?! Што ж гэта дзеецца?! Сёння Якуба, а заўтра Янку?!