Выбрать главу

Рыбалка ў Бычках

— У эфіры нядзельны канцэрт-віншаванне «Жадаю вам», сто дваццаць дзявяты выпуск, — паведаміў урачысты барытон, і Макар канчаткова абудзіўся. Галава балела да божай моцы. Стваралася ўражанне, што ўнутры яе, па мазгавых звілінах, казытліва поўзалі мухі. У роце было як насцана, а да горла, намагаючыся выйсці на-гара, падступаў халодны камяк млосці. Выгаліўшы вочы, Макар каўтнуў даўкую сліну, камяк адступіў, праваліўся на дно страўніка і растаў там, агідным халадком адбіўшыся пад дыхніцай.

— Больш як сорак гадоў адрабіла наша матуля ў родным калгасе. За гэты час яна выгадавала траіх дзяцей, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі праўлення калгаса, — гукаў аднаканальны «Сож», і кожны зык, што далятаў да вушэй, балюча калоў у скроні.

Макар войкнуў, намацаў пад ложкам чаравік, пусціў яго ў «мацюгальнік». Пластмасавая скрынка на момант аціхла, сарвалася з цвіка, але на падлогу не ўпала. Павісла на шнуры, які лучыў яе з разеткай.

— Для вас, Фядора Пятроўна, а таксама для Антаніны Іванаўны Задзярыпук з Брэстчыны перадаём рускую народную песню «Качанё лугавое».

Змагацца з «мацюгальнікам» не было ніякіх сіл, а між тым уедлівыя галасы выварочвалі душу, пахмельная душа бунтавала, рука шнарыла пад ложкам, шукаючы другі чаравік, і калі той быў урэшце знойдзены, на плячук Макараў лёг сонечны прамень і цёплым дотыкам сваім супакоіў бунтоўную душу.

…Учарашні дзень выдаўся дарэшты мітуслівым. Ад самага ранку, прыхапіўшы скрыню гарэлкі, паехалі з Манькіным на чурылаўскую пільню. Патрэбнага чалавека на пільні не было, з’явіўся ён па абедзе, а таму заладаваліся толькі а пятай гадзіне і да лецішча пад’ехалі на змярканні. Рабацягі той парой ужо разышліся, і давялося ўдвух разгружаць машыну, цягаючы дошкі ў падвал генеральскай дачы. А ўвечары, калі сцягвалі з кодаба апошні аполак, на пляцоўку перад домам заехаў прапылены «Урал» з літарамі «МА» на дзверцах. Машына была даверху наладавана шынялямі ды валёнкамі.

— Праверка едзе… трэба прыхаваць, — гукнуў з кабінкі прапар Базыль, якому яны будавалі лецішча непадалёку.

Не перавёўшы дыху, сталі цягаць майно ў недабудаваны гараж, потым, страшэнна стомленыя, пілі прывезенае прапарам «Амарэці», і скончылі піць апоўначы, калі Манькін, голасна ікнуўшы, панурыўся галавою ў кучу габлюшак.

— …А зараз віншаванні васьмідзесяцігадовым юбілярам…

У калідоры скрыгатнуў ключ, рыпнулі завесы, гучна бразнулі малочныя бутэлькі. Гэта маці вярнулася з крамы.

Кожную нядзелю было адно і тое ж: пахмельная замарач, васьмідзесяцігадовыя юбіляры, бразгат малочных бутэлек уперамешку з матчыным бурчаннем і зыркім святлом, што лезла, працінаючы жоўтыя шторы, не толькі ў вочы, але і ў душу. Атрутная жоўць выцягвала духі, а між тым вочы прасілі васільковага неба, азёрнага блакіту; душа прагнула спачыну і Макар, падумаўшы, ці не з’ездзіць яму да дзядзькі, з вохканнем падняўся на ногі.

Увесь час, пакуль піў ваду з чайніка, маці стаяла пасярод кухні, з маўклівым дакорам хітаючы галавой. Чакала, відаць, што сын скажа нешта ў сваё апраўданне, а калі сын выцер вусны, плаксіва прашаптала:

— Ужо і рукі трасуцца…

У прыбіральні Макара хіснула, ён абапёрся рукой на трубу і доўга глядзеў пад ногі, дзівуючыся аб’ёму вадкасці, што назапасілася ў мачавым пухіры.

— Дома будзеш ці пойдзеш куды? — запыталася маці.

Макар зайшоў у спальню, зірнуў пад ложак, шукаючы штаны. Не ўздымаючы вачэй, прамармытаў:

— Да дзядзькі паеду.

Як на здаровую галаву, дык ён бы падумаў, перш чым сказаць такое, а тут ляпнуў, прыкусіў язык, ды было позна. Маці схамянулася, паправіла на галаве хусцінку, усё тым жа плаксівым голасам праспявала:

— Мака-арка… Ты ж гэнага вазьмі-і…

«Гэным» маці называла свайго зяця.

— Ат! — адмахнуўся Макар, падымаючыся на ногі, — хай з ім Тамарка разбіраецца. У мяне сваіх турбот…

— Вазьмі, — перабіла маці, — год прашу… хоць бы раз матку ўважыў.

Слухаць такое, ды яшчэ з бадуна, было смерці падобна. Таму Макар спехам насунуў спартовыя шаравары, — джынсы, у якіх быў учора, некуды зніклі, — прыхапіў пару тысячаў і, перакрывіўшыся ад бразгату вядра ў прыбіральні і матчынай звягі: «Ізноў засцаў падлогу!», выбег з кватэры.

Ліпеньскім ранкам, калі сонца пячэ як мае быць, калі ўвач­чу пырхаюць чорныя мятлікі, а сэрца працуе на халастых абаротах — самы раз памерці. Трэба толькі сысці з ходніка, паваліцца на колкую траву пад таполяй і-і… — бывай, душа, ляці ў іншасвет! Душа адляціць, а ты будзеш ляжаць — нерухомы, з задзёртай калашыной, — і калі цень ад таполі перапаўзе з сіняй лыткі да загарэлага плеху, на ходніку спыніцца сухарлявая бабуля. Яна стане на дыбачкі, страсяне пустой сумкай, а каржакаваты, крыху падпіты дзядзька, які будзе ісці міма, сіпла зазначыць: «Зараз мянты абудзяць». Мянты з’явяцца адвячоркам, калі памутнелае сонца схаваецца за дахам суседняга дома. Малады міліцыянт рашуча схопіцца за сінюю лытку і нечакана адхінецца, зачапіўшыся фуражкай за вецце. Вакол дрэва пачнуць збірацца людзі, і чырванатвары сяржант, нядобра зырнуўшы на натоўп, кароткім мацюгом канстатуе: «Канец».