Скончылася ўсё несамавіта. Замундаліну расквасілі нос, жаніху дарэшты разбілі акуляры, а жаніхоў сведка, той самы кудлаты хлопец, патрапіў у бальніцу са страсеннем мазгоў і з парэзанай аб бутэлечнае шкло галавою. Увечары, пасадзіўшы туляка на цягнік, Макар падаўся на вёску, да дзядзькі Трахіма, і вярнуўся ў матчыну кватэру толькі праз год, калі адтуль з’ехала сястра са сваім заморкам.
* * *
Перш чым пазваніць, Макар адрыгнуў піўным духам, сплюнуў з языка тытунёвыя крыхі, намацаў пальцам пукаты гузік. Званок, аднак, маўчаў. Давялося пастукаць у дзверы косткамі пальцаў.
Адчыніў швагрусь не адразу. Завіхаўся з замком, тузаў дзвярную ручку, нарэшце паўстаў у дзвярах — расхлістаны і ўсхваляваны.
— Чаму званок маўчыць? — запытаўся Макар, надаўшы голасу жартаўліва-зухаватыя ноткі.
Швагер вінавата ўсміхнуўся, зашпіліў дрогкімі пальцамі кашулю на грудзіне і праз хвілю, ужо з пакоя, выгукнуў:
— Зламаўся.
— Дык трэба направіць! — прамовіў госць, з дакорам перавёўшы дыханне.
Швагер глядзеў тэлевізар. Сядзеў на хісткім услоне, у метры ад экрана, наставіўшы на Макара незагарэлы, падобны да дзіцячай седаўкі плех. Такая пастава сведчыла пра адно: гасцям у гэтай хаце не рады.
— Што паказваюць? — буркнуў госць, і гаспадар, ні слова ні сказаўшы, адхіліў галаву ад экрана.
Па БэТэ паказвалі нейкага мурлатага прайдзісвета. Той сядзеў, раскінуўшыся ў крэсле, і несупынна бубніў немаведама пра што.
— Цяпер ужо Кебіча хваліць, — прасіпеў швагер, і плех ягоны злёгку паружавеў.
Сядзець у трыццаціградусную спёку і глядзець, разявіўшы рот, тэлевізар — гэта нейкае вычварэнства. Госць плюхнуўся на канапу, утаропіўся на шваграву спіну, дакладней на вострыя лапаткі, што тырчалі над напятай кашуляй. Тым часам на экране ўзнік яшчэ нехта — з пасмай рэдкіх валасоў на потным ілбе. Макар паглядзеў на экран, вывучаючы, адкуль узяліся валасы на потнай лабаціне, а зразумеўшы, што тыпус начасаў іх аднекуль з-за левага вуха, змучана застагнаў:
— Охо-хо-о…
Гэтым самым ён хацеў разгаварыць швагра, але швагер маўчаў.
— Слухай, а дзе зараз той хлопец? — вырвалася неўзабаве з Макаравай грудзіны.
— Які?
— Ну той, што біўся на вяселлі…
Вострыя лапаткі здрыгануліся, ссунуліся бліжэй адна да адной.
— Яго забілі. У восемдзесят першым годзе.
«Як забілі? Дзе! У Афгане? Па п’янцы?» — замітусіліся ў галаве адрывістыя думкі. Макар удыхнуў паветра, каб спытаць, дзе забілі кудлатага небараку, — але чамусьці не спытаў. Адно прыкусіў губу і засяроджана правёў рукой па няголенай шчацэ. Кароткае імгненне сядзеў нерухома, потым нейкая сіла падхапіла Макара на ногі, ён падышоў да тэлевізара, схапіўся за шнур і выдзер штэпсель з разеткі.
* * *
Тупаючы ўздоўж старога, спавітага на доле густой бярозкай штыкетніку, яны зазірнулі ў агарод і там, на бульбянішчы, убачылі цётку Тацяну. Задзёршы прыпол спадніцы, цётка хадзіла па барознах, збіраючы ў слоік «калараду».
— Ці-оць! — крыкнуў Макар пераселым голасам і адкашляўся.
Цётка абцягнула спадніцу, зірнула з-пад рукі, моўчкі кіўнула ў бок хаты. Маўляў, заходзь, гаспадар дома.
Госці рушылі да весніц, а цётка, убачыўшы, што Макар прыехаў не адзін, кінула слоік, зашамацела голымі лыткамі па бульбоўніку. Выбег насустрач і дзядзька Трахім. Трымаючы ў руках «Народную газету», дзядзька з маладым імпэтам скочыў з ганка, і Макар незадаволена перасмыкнуў плячыма. Як прыязджаў адзін, дзядзька з цёткай яго так не сустракалі.
Хвілін пяць госці таўкліся ў кухні, з’елі па гурку, выпілі па шклянцы сырадою, і калі дзядзька Трахім, якому карцела пагаманіць з разумным чалавекам, прыпаліў папяросу і разам з дымам выдыхнуў: «Ну, як там Пазьняк?» — Макар выйшаў з хаты і палез на гарышча даставаць вуды.
Час быў пасляабедзенны. Сонца ўжо не паліла, як ад раніцы, але ўсё адно добра прыпякала, і карова Звяздоха, вытыркнуўшы з дзвярэй хлява вялізную, з белай плямай галаву, засоплена аддзімалася. Тут жа, на парозе хлява, сядзеў дзядзькаў кот Барыс. Кудлаты «сібірак» варушыў канцом хваста і зацята, удосыць напіўшыся сырадою, аблізваўся.
Карова наставіла на Макара млявыя вочы, разважаючы — хто гэта стаіць пасярод двара? — паважна адрыгнула, і бліскучая нітка асцы злучыла шурпаты каровін язык з разважліва-рухавым хвастом ката Барыса. Барыс пацягнуўся, з недаверам зірнуў на вудзільна, — Макар якраз налыгваў на лёску новы плавок, — на ўсякі выпадак прыхаваўся ў цень, пад куст парэчак.