— Ваня прыйшоў! — крыкнуў пісьменнік.
Гэткім часам да іх заходзіў трынаццацігадовы ўнук, які жыў з бацькамі на суседняй вуліцы і пасля школы завітваў на абед.
— Якраз крупнік паспеў, — прамовіла ад парога жонка, адчыняючы дзверы.
Унук, не распранаючыся, з насунутым на лабешнік капюшонам курткі, стаў пасярод калідора. У руцэ Ваня трымаў нейкую пляскатую штуковіну, а твар быў асветлены злавесным сінім святлом.
— Чаму не здароўкаешся? — спытаў дзед, і ўнук, не адрываючы вачэй ад штуковіны, няўважна кіўнуў.
— Што там у цябе? — пісьменнік з краканнем злез з услона.
— Ты што, дзед, не бачыш? Айфон!
— Бачу, што айфон, — буркнуў дзед, хаця і не надта ўяўляў, чым той айфон розніцца ад мабільніка. — Бацька, відаць, прывёз? — Зяць ужо другі год працаваў будаўніком у Маскве і надоечы прыехаў на пабыўку.
— Давай, дзетухна, распранайся. Ды есці ідзі, — падала голас бабуля, і ўнук, перахапіўшы айфон з рукі на руку, з неахвотаю скінуў куртку.
— І што ты там усё пальцам тыцкаеш? — у голасе дзедавым з’явіліся ноткі незадаволення.
— «Змаганне з цмокамі — 2», — паведаміў унук, і твар ягоны пазначыла злавесная чырвань. Цмок, відаць, дыхнуў агнём з усіх трох пашчаў.
— І доўга будзеш змагацца з тымі цмокамі?
— На трэці ўзровень перайшоў.
Дзед дакорліва паківаў галавой.
— А колькі ўсяго ўзроўняў?
Унук адказаў не адразу. Хвіліну засяроджана вадзіў пальцам па айфоне — відаць, узніклі цяжкасці ў змаганні з пачварамі, — нарэшце гучна выпаліў:
— Дванаццаць!
— Так цэлы дзень і будзеш пальцам тыцкаць? Ты хаця б кніжку якую прачытаў, — ужо з абурэннем прамовіў дзед.
— Што ты прычапіўся да ўнука? Сам чытай свае кніжкі. Усё жыццё мне імі атруціў, — з нервовай дрыготкай у голасе прамовіла жонка і ўжо лагодным тонам дадала: — Пайшлі, унучак, абедаць. Астыла ўсё.
На кухні мерна бразгала лыжка аб талерку, чулася нетаропкая гамонка.
— Колькі ж каштуе гэтая твая цацка? — пыталася бабуля.
Унук не адказаў.
— А для чаго яна наогул патрэбная? У гулі гуляць?
— Бабуля! — унук вытрымаў дакорлівую паўзу. — Тут процьма розных функцый. Ну напрыклад… — унук замоўк і ў тую ж хвіліну ў пакоі заспяваў мабільны тэлефон.
Дудку даўно ніхто не званіў, таму ён імпэтна падхапіўся з фатэля, пабег, ляпаючы заднікамі пантофляў, да тэлефона і, керхануўшы, пастаўленым голасам выдыхнуў: — Алё-о!
— Дзядуля, гэта я, Ваня! — пачуўся адначас з кухні і з мабільніка вясёлы ўнукаў голас.
Дзядуля ціха вылаяўся, плюхнуўся ў крэсла і зноў утаропіўся ў шыхт рознакаляровых карэньчыкаў. Ягоны калега, Мадэст Бубовіч, яшчэ летась вынес з хаты сваю бібліятэку. Казаў, адразу дыхаць лягчэй стала. Ды і не ён адзін вынес. Ідучы па двары каля смеццевых кантэйнераў, Янка Дудок часцяком бачыў звязаныя аборкай стосы кніг. Аднойчы нават пацікавіўся — якую літаратуру людзі выносяць з хат. Першай кнігай метровай даўжыні стоса быў раман «Майстар і Маргарыта». «Вось табе і маеш», — з уздыхам падумаў тады дзіцячы пісьменнік, згадаўшы, як у сярэдзіне сямідзясятых атрымаў на ноч той раман. Нават не кніжку, а размытыя, перазнятыя на капіравальнай машыне «Эра» лісткі.
— Давай, бабуля, я цябе сфатаграфую, — выгукнуў, сёрбаючы крупнік, унук.
— Я, Ваня, не прыбраная. Ты лепш, — голас жончын пракудліва пацішэў, — дзеда здымі… на чарговы зборнік.
Пісьменнік аддзьмухнуўся, хацеў быў размяць астэахандрозную спіну, ды тут жа знерухомеў ад зыркай успышкі. Унук сфатаграфаваў яго на айфон.
— Зірні, дзед, на сябе!
Дзед глянуў на экран і сам сябе не пазнаў. На яго глядзеў стары корч з шызым носам, заплюшчанымі вачыма і пляшывай галавой, на якой кусціліся сівыя валасы.
— Ты, Ваня… гэта… выдалі здымак. Тут я не вельмі ўдала атрымаўся, — прамармытаў дзед, прылашчваючы рэшткі валасоў на галаве і разглядаючы з усіх бакоў унукаў айфон.
Штуковіна была прыемнай навобмацак і, як ні дзіўна, даволі лёгкай.
— Ну а ёсць тут… — пісьменнік прымружыў вочы, маракуючы, чым бы азадачыць штуковіну, — …ёсць тут радыё?
— Вядома, ёсць. Навушнікі падключаеш ды слухаеш. Я, праўда, не ведаю, як яго ўключаць.
Унук падхапіў айфон, пачаў гнаць пальцам малюнкі на экране.
— А ў цябе, дзед, у дзяцінстве было радыё?
Пісьменнік, пачуўшы такое, напачатку спахмурнеў, але нечакана ў вачах бліснулі гарэзлівыя яскі.
— Было! Зараз яго пакажу!
Дудок з дзіўным для яго імпэтам кінуўся ў спальню.
— Слухай, у нас не захавалася драўляная шпуля ад нітак? — запытаўся ў жонкі, якая якраз сядала да швейнай машынкі.