Гаспадар падаўся ў кухню, пачаў рыхтаваць закусон.
Гушкацца ў крэсле было на дзіва прыемна. «Сабяруся з грашыма — набуду сабе такое ж», — падумаў Сцёпка і ўсміхнуўся ад задавальнення.
— А ты сапраўды раман пішаш? — запытаўся госць, калі гаспадар увайшоў у пакой з талеркай нарэзаных агуркоў.
— Маю грэх. Даўно над ім гарбею, — вярнуўшыся ў кухню, Лёшка бразнуў шклянкамі, голасна крыкнуў: — А ты што-небудзь пішаш?
— Ды не… у мяне творчы застой. Не магу знайсці прыстойнага сюжэту, — гэтак жа голасна азваўся госць, закінуўшы рукі за патыліцу.
Лёшка вярнуўся да стала, стаў адкаркоўваць пляшку.
— Сюжэтаў наўкол валяецца процьма. Не лянуйся толькі сагнуцца ды падняць, — Лёшка махнуў калегу рукой, маўляў, сядай да стала.
— Прапануй хоць адзін, — госцю зусім не хацелася вылазіць з гушкалкі.
— Ну, прыкладам, абмалюй сённяшнюю сітуацыю. Скажам, наш калега-празаік ішоў у бальніцу адведаць маці, а тут яму ўручылі ягоную першую, кагадзе надрукаваную кніжку. Ну, вядома, стаў тую кніжку абмываць. А раніцою прыйшоў у бальніцу, а маці памерла.
— Ну ты даеш, — Сцёпка з такім імпэтам скочыў з гушкалкі, што Лёшка, які поўніў чаркі, нават праліў гарэлку міма шклянкі. — Знайшоў з чым жартаваць. Дзякуй, сябрук, за добрыя словы. Падтрымаў.
Сцёпка памкнуўся да дзвярэй — яшчэ не позна было наведаць хворую маці, — але калега схапіў яго за крысо пінжака.
— Што ты ўсхадзіўся, далібог… Я ж не пра цябе апавядаю, а пра жыццёвую сітуацыю, у якую патрапіў літаратурны герой. У мяне, дарэчы, маці памерла, калі выпускныя іспыты ў школе здаваў. Спёка, памятаю, была страшэнная. Сяджу, творапіс на вольную тэму пішу, а слёзы з вачэй гарохам сыплюцца, — Лёшка і сам зразумеў, што сказаў штосьці не тое, таму загаварыў з ліслівымі абертонамі.
— Маці нас з Ленкай адна гадавала, — ужо прымірэнчым голасам выдыхнуў Сцёпка і, не чокнуўшыся, адным махам кульнуў шклянку.
— Ну і выдатна, — з палёгкай выдыхнуў загадчык лабараторыі сучаснага рамана. — На вось, пакаштуй… з братавага лецішча, — Лёшка падсунуў да бяседніка талерку з агуркамі. — Брат у мяне страшэнны аграрый. Усё лета сядзіць на лецішчы. Дарэчы, як там твая сястра? — прамовіўшы апошні сказ, Лёшка спахмурнеў.
— Ды так… жыве са сваім марыманам, — азваўся калега, жуючы прыпраўлены алеем агурок. — Я наогул не люблю натужліва-слязлівых сюжэтаў, — Сцёпка вытрымаў працяглую паўзу. — Прымітыўная эксплуатацыя чалавечых пачуццяў. Нават фінал прыдуманай табой драмы ўяўляю: герой прыходзіць на свежую магілу і кладзе на яе абгорнутую поліэтыленам кнігу. І пякучая слязіна паўзе па нямытай шчацэ.
Лёшка спахмурнеў яшчэ больш і загаварыў пра сваё:
— Ну вядома ж… старпам гандлёвага флоту… кааператыўная кватэра, чэшскі крышталь, «жыгуль» шостай мадэлі… куды нам, пісакам, за такім жаніхом угнацца.
Гаспадар з суровым тварам падхапіў пляшку, і ў гэты момант за сценкай залівіста, з піліпаўскім падвываннем, заскавытала Найда.
— Чаго яна? — з лёгкім спалохам спытаў Сцёпка.
— На двор трэба вывесці. З ранку не выводзіў, — прабурчаў раманіст. — Куляем па сто грам — і прагуляемся. Заадно ў краму забяжым. А то з адной пляшкай нам сёння з нашымі праблемамі не разабрацца.
Выходзячы з кватэры, Лёшка выпусціў са спальні Найду-скавытуху, кіўнуў на шчанюкоў:
— Бяры задарма любога.
Ахвочых набыць Найдаў прыплод, відаць, не было.
— Спытаю ў сваяка — можа, возьме, — буркнуў Сцёпка, і Лёшка, пачуўшы пра старпама, напаўголаса мацюкнуўся.
У калідоры напорліва званіў тэлефон. Раздзёршы павекі, Сцёпка напачатку не зразумеў, што за гукі лунаюць у паветры, — і толькі памацаўшы патыліцу, якая хваравіта шчымела, ачуўся, з вохканнем кульнуўся з пасцелі.
— Гэта ты? — даляцеў з тэлефонных глыбіняў Ленчын голас.
— Што, не пазнала? — непракерхана выгукнуў Сцёпка. Мяркуючы па шызым паўзмроку, што цадзіўся з акна, было дзесьці палова на сёмую. — Пазней не магла патэліць?
— Мама памерла, — усхліпнула сястра. Усхліпнула так гучна, што Сцёпка адарваў слухаўку ад вуха і няўцямна зірнуў на колцы маленькіх дзірак, адкуль даляцела страшная навіна.
— Я ад самага ранку ў бальніцу пабягу. І ты прыходзь. Чуеш?
Але Сцёпка нічога не чуў. Пахмельную душу апанаваў млосны страх. Страх ад таго, што цяпер давядзецца жыць без маці, і ніхто не абудзіць яго зранку, ніхто не згатуе абед, і ён больш не пачуе за сценкай жаласлівых матчыных уздыхаў… Тэлефонная трубка азвалася кароткімі гудкамі, і сэрца сціснулі запозненыя шкадаванні. Сцёпка згадаў раптам, што за ўсё жыццё не сказаў маці ласкавага слова… ды што там слова… нават не прыйшоў да яе ў бальніцу. «Торба… дзе торба?» — са скандальнымі ноткамі выдыхнуў Сцёпка, стаў ліхаманкава глядзець па баках. Торбу з перадачай, у якой была кашуля, бутэлька ліманаду і пачак вафляў, ён забыў па п’янцы ў Ігнацёнка. Сцёпка знянацку абмяк, і па дрогкай шчацэ ягонай папаўзла, цьмяна бліскаючы ў ранішнім прыцемку, пякучая слязіна.