— Эх, Анюта… Сапраўдны талент. Хачу ім заняць усю літстаронку.
— А як жа Кароткіх? — дзяўчына кінула памаду ў стальніцу.
Ігнат пацямнеў тварам, моўчкі кіўнуў у бок рэдактарскага кабінета.
Сакратарка падбегла да дзвярэй, прыціснула вуха да дэрмаціну, дробна залыпала вейкамі.
— «І неба — ты! І сонца — ты! І ты — нявеста пекнаты!» — гамзаў за дзвярыма Заяц, і Анюта з зачараваннем у голасе выдыхнула:
— Сапраўдная паэзія!
Увесь сакавік ціснулі маразы, снег амаль не раставаў, але апошнімі днямі падзьмуў цёплы вецер, які разагнаў панылы туман, вылузаўшы з яго звонкае, як спеў жаўрука, сонца. Не толькі рэкі, але й ручаі вышлі з берагоў, залілі лугавіны, і цяпер там, дзе нядаўна можна было праехаць на лыжах, стаяла вада, па якой — так, прынамсі, здавалася, — паволі плылі кудлатыя кучмы кустоў.
Вось такой вясновай парой Сцяпан Зайцаў ехаў цягніком на абласны семінар маладых літаратараў. Ехаў з неахвотай і трывожным сэрцам. Як толькі пачаліся ўсе гэтыя вершы, Ігнат трос чупрынай, сцвярджаючы, што давядзецца адно іх перапісваць ды пхаць у каперты. Ну яшчэ хадзіць на пошту атрымліваць ганарары. А тут прыйшлося ўсё кінуць ды перціся на праклятушчы семінар.
— Ну які я малады літаратар? Сёлета саракавік стукнуў! — казаў ён суседу, а той у адказ паведаміў, што тут маецца на ўвазе не чалавечы ўзрост, а творчы стаж і што там, на семінары, усе будуць такія — з плехам на ўсю галаву.
— Ды я сам бы з радасцю паехаў, — даводзіў Ігнат, паціраючы рукі. — Уяві: жывеш у гасцініцы, два разы на дзень кормяць, перад ад’ездам будзе сяброўская вячэра з дармавой гарэлкай.
Перспектывы спакушалі. Ды страшнавата ехаць у далёкі свет. А раптам пачнуць што-небудзь спытваць — пра паэзію ці яшчэ пра якую халеру. А ён за ўсё жыццё не прачытаў аніводнай кнігі.
— Ты, галоўнае, маўчы. Слухай ды галавой ківай, — настаўляў Ігнат. — А выкруціцца ўсё адно не ўдасца, бо цябе Сабярыхін выпраўляе. Так што перапісвай тузін вершаў і паслязаўтра ад ранку ляці на цягнік.
Высокая годнасць паэта, вядома, лагодзіла душу. Аднак быў тут і непрыемны момант: з яго ўсе наўкол пакеплівалі. Ніхто не даваў веры, што Сцёпка Зайцаў, якога сябры іначай як Зайцам не называлі, здольны штосьці напісаць, ды яшчэ ў рыфму. Але калі, на патрабаванне Ігната, ён прачытаў на працы ўрывак з паэмы «Цалінны колас», усе разам аціхлі, а згледзеўшы, што паэма напісаная Зайцавымі крамзолямі, сталі паглядаць на яго з павагай і з прыхаванай насцярогай. І калі ён прасіў пазычыць рубель «да заўтра», ніколі не адмаўлялі, хаця зусім нядаўна са смехам пыталіся: «Свае, Заяц, усе прапіў?»
Асабліва падабалася новаспечанаму паэту атрымліваць грашовыя пераводы. Мясцовая газета ганарары плаціла невялікія, а вось абласная і рэспубліканская — ён нават не запомніў іх назвы, — абдорвалі паўнаважкім рублём. А пад Новы год прыйшоў ганарар з часопіса. Шалёныя грошы! І хаця палову іх даводзілася аддаваць Бурносу, у кішэні завялася сякая-такая капейчына, і літаральна перад паездкай на семінар ён набыў сабе капялюш з высокім верхам і плецены з лёскі гальштук. Ну а жакардавы гэдээраўскі плашч, які віснуў на плячах, пазычыў сусед Ігнат. Так што, пазіраючы на адбітак у вагоннай шыбе, «семінарыст» сам сябе не пазнаваў і, папраўляючы гальштук, які дагэтуль ніколі не насіў, стрымана пераводзіў дых. І як там усё будзе?
А за шыбай усё дыхала вясною і дробныя ручаі, ператварыўшыся ў бурлівыя рэкі, вырываліся з-пад грукатлівых мастоў, цягнучы на сабе абломкі крыгаў і ашмоцце жоўтай пены і падступна падмываючы крутыя берагі.
Вясновы настрой не пакідаў Сцёпку і ў горадзе, калі ён шыбаваў па бульвары, раз за разам пераскокваючы праз лужыны і хапаючыся пры гэтым за капялюш, бо той пры кожным скачку з’язджаў на патыліцу. Адзінае, чаго не хапала душы для поўнага шчасця, гэта кухля халоднага піва. Але ж увушшу й дагэтуль гучаў пагрозлівы Ігнатаў наказ: у першы дзень — ні кроплі спіртнога!
Месца яму забраніравалі ў гарадской гасцініцы, якая стаяла непадалёку ад ракі, поруч з мостам. Узышоўшы на гасцінічны ганак, Сцёпка міжволі заглядзеўся на раку, якая выйшла з берагоў і шамацела ледзяным шарашом.
— Вы заходзіце? — мужчына ягонага веку таксама ўскочыў на ганак.
Мужчына спяшаўся, бо адразу ж падбег да акенца адміністрацыі, ляпнуў пашпартам па далоні.
— Я на семінар маладых літаратараў.
Тут жа, ля акенца адміністрацыі, яны пазнаёміліся. Прозвішча калегі было Сталяронак, і ён таксама прыехаў з правінцыі. Сталяронак дапамог запоўніць анкету, дзе было аж пятнаццаць пытанняў, і знянацку, з інтанацыяй панікі, выдаў: