Выбрать главу

Сцёпка хацеў штосьці сказаць, але адчуў, што не можа гаварыць, бо сківіцу скурчыла і ён не даваў рады сцяць зубы. Яны падняліся на ногі. На калегу было страшна глядзець. Мала таго, што быў да ніткі мокрым, дык яшчэ і спрэс завэдзганы глінай. І галаву перапэцкаў. На левай назе адсутнічаў туфель — з дзіркі мокрых шкарпэтак вытыркаўся вялікі палец з сінім пазногцем, — а з расшпіленага прарэха выглядала скурчаная і такая ж сіняя пісюліна.

Хоць хмель і выпетрыўся з галавы, але Сцёпка ішоў улукаткі, пакідаючы на падсохлым ходніку мокры след. Сталяронка, які ішоў першым, таксама кідала ў бакі. На правую нагу ягоную наліпла столькі гліны, што ён яе ледзь перасоўваў.

— Прыйдзем у гасцініцу… станем пад гарачы душ… абмыемся… — раз-пораз, з інтанацыяй усхліпу, паўтараў калега, і Сцёпка падумаў — ці не трызніць бедачына?

Сцёпка парываўся сказаць, што іх у такім выглядзе ў гасцініцу не пусцяць. Там жа дывановыя дарожкі пасцеленыя, а ў іх на трох нагах па два кілаграмы гліны: начапілі, як выпаўзалі з гразкага берага на сухое. Але нічога сказаць не мог, адно няўцямна мыкаў ды ўздрыгваў усім целам. На Сталяронка, да ўсяго, напала ікаўка — наглытаўся рачной вады. І пасля кожнай раскацістай ікаўкі яго адкідвала на пару крокаў назад.

Тым часам маладыя літаратары праходзілі міма дзевяціпавярховіка, каля якога малеча гуляла ў вайну. Убачыўшы мокрых дзядзькоў, малыя пасунуліся следам. Спачатку проста ішлі, з цікаўнасцю пазіраючы на пахілыя спіны, а затым наставілі свае ружжы-палкі, нібыта яны канваіруюць палонных немцаў, ці, яшчэ горш, адубелых французаў увосень 1812-га. Неўзабаве да дзятвы далучылася цётка з пустой сумкай у руках. Пачала распытваць падшыванцаў, каго яны вядуць, — і нейкі барадаты інтэлігент, які ішоў насустрач, на поўным сур’ёзе спытаў:

— Кіно здымаюць?

Дарэшты скарчанелыя, літаратары датупалі да гасцініцы. Сцёпка ўжо не адчуваў ні рук, ні ног і з цяжкасцю адчыніў дзверы. Сталяронак зачапіўся за парог, упаў на калені і, не даючы рады падняцца, вокраччу папоўз па цёмным калідоры. Насустрач выйшла прыбіральшчыца з пустым вядром і швабрай.

— Ай, хто гэта?! — улякнута загарлала цётухна, выпусціўшы з рук швабру, якая, падаючы, агрэла Сталяронка па макаўцы.

— Мы паэты… з семінара ідзём! — прамовіў Сталяронак, і Сцёпка хуценька прычыніў дзверы, пакінуўшы сябра па няшчасці сам-насам з гасцінічнай адміністрацыяй.

Спехам, на нягнуткім нагах, падбег да цэментавых прыступкаў, якія, усутыч да моста, збягалі ў ваду. Вырашыў хоць неяк абмыцца, перш чым ісці ў гасцініцу. Спусціўшыся да вады, паэт адмыў ад гліны туфлі, калашыны штаноў, крысы жакардавага плашча. Над галавою пачуліся галасы. Сцёпка задзёр голаў. На мосце, звесіўшыся праз парапет, на яго глядзелі некалькі чалавек, і нехта жартам крыкнуў: «Што, купальны сезон адкрылі?»

— Халера на вас, — вылаяўся госць абласнога цэнтра, па-заліхвацку чхнуў, і рэха злавеснага чыху замітусілася пад мостам.

Крыху абмыўшыся, Сцёпка з вохканнем расправіў хрыбеціну, стаў уздымацца па прыступках і заўважыў, што да гасцініцы пад’язджае міліцэйскі «козлік», а з самой гасцініцы, з разнасцежаных дзвярэй — іх трымала прыбіральшчыца — даляталі шалёная ікаўка, грукат пустога вядра і жаночы лямант. Прыйшлося спусціцца да вады і яшчэ раз пашараваць далонямі калашыны. Па рацэ плыў ягоны капялюш. Дзесьці зачапіўся за прыбярэжныя кусты, а цяпер вырваўся на водны прастор і падплываў да моста. На самім мосце тым часам узрушана загаманілі. Сцёпка падняўся па прыступках, наструнена, выцягнуўшы шыю, зірнуў на гасцінічныя дзверы і абамлеў. Ягонага прыяцеля — ён быў у адных трусах — вывелі з гасцініцы і сілком пхалі ў «козлік». Сталяронак, відаць, распрануўся, каб не пакідаць слядоў на дывановых дарожках, а цёткі ў гасцініцы не так зразумелі ды выклікалі міліцыю. Як толькі міліцэйская машына ад’ехала, паэт падскокам, як грак на снезе, кінуўся ў бок вакзала. Людзі, якія ішлі насустрач, пужліва глядзелі ўслед; давялося завярнуць у прахон між будынкамі і шыбаваць дварамі.

«Прыязджаю дахаты, мыю плашч, сушу, заношу Ігнату і кажу: усё! Хопіць з мяне тых семінараў», — поўнілі галаву ліхаманкавыя думкі. У твар дыхнуў халодны вецер, і Сцёпка, здрыгануўшыся, зразумеў, што калі зараз жа не сагрэецца і не абсохне, дык грымне на мокры асфальт і развітаецца з жыццём. «А куды я, уласна, бягу? На вакзал? Але “дызель” пойдзе ўвечары. Да таго ж не паспею з’явіцца ў пачакальні, як падхопіць міліцыя. Зацягне ў апорны пункт, пачне высвятляць — чаму я мокры ды п’яны. Там, у апорным пункце, і загавею душой». Спатыкнуўшыся на выбоіне, Сцяпан спыніўся. «Лазня!» — нарадзілася ў свядомасці выратавальнае слова, і нутраны голас сарваўся на пранізлівы вокліч: