— Эй, дзе ў вас б-бліжэйшая л-лазня?!
— А вуньдзека, — спалохана азвалася бабуля, да якой звярнуўся. Бабуля з перапуду прыціснулася спінай да сцяны дома. — З яе дым ідзе.
Пакарабачаная лазенная труба, аднак, пускала не дым, а правідную пару.
Каля касы стаяла чарга, але, пабачыўшы мокрага і акалелага небараку, людзі рассунуліся.
У прымыльніку ён схапіў за рукаво лазеншчыка:
— Сл-лухай… т-рэба апранахі памыць ды п-прасушыць.
Лазеншчык адступіў на крок:
— У нас лазня, а не пральня.
Дрогкай рукой Сцёпка прыляпіў на кафельную сцяну мокры рубель. Лазеншчык спрытна падхапіў грошы, расчыніў абабітыя бляхай дзверы. Яны зайшлі ў цёмную, прасмярдзелую бярозавымі венікамі бакоўку. Тут стаяла пашарпаная шафа і стосы шэрых лазенных мядніц.
— Вунь кран…памыеш апранахі… зараз сушылку ўключу.
Скаланаючыся ўсім целам, Сцёпка зняў плашч, выцягнуў з нутраной кішэні размоклы пашпарт. «Ці атрымаю па ім паштовыя пераводы?» — падумаў з трывогай. «Скажу, у пральную машыну патрапіў… можа, і дадуць», — Сцёпка паклаў пашпарціну на шафу, туды ж, скамячыўшы ў кулаку, паклаў грошы. Потым дастаў жмутак папер, якія ляжалі ў другой кішэні і якія разлезліся ад вады, шпурнуў у цёмны кут і, перабіраючы рукамі сцены, рынуў у парыльню.
Яму адразу ж далі месца на верхняй паліцы.
— Ты адкуль такі? — спытаў дзядзька ў вязанай шапцы, шугануўшы вады на распаленыя камяні.
— З р-ракі… бераг п-падмыла… — заікаста патлумачыў Сцёпка.
— Знаёмая справа, — рагатнуў дзядзька. — Швагер пазалетась паехаў шчупакоў біць і таксама з абрыву ў раку сігануў… Давай, гарачым венікам адхвашчу. Вомігам ачуняеш.
…Упараны, з тварам чырвоным як печаны рак, Сцёпка выйшаў з прымыльніка і накіраваўся ў буфет. Там гаманіў натоўп, а гэта азначала, што нядаўна завезлі піва. Пачуваў сябе Сцяпан Зайцаў так, нібыта хвіліну таму нарадзіўся. Стваралася ўражанне, што нейкая сіла падхапіла пад пахі і панесла ў лазенны буфет. На ім усё было сухое, калі не лічыць туфель: яны не прасохлі і злёгку халадзілі пяткі. З нецярплівасцю пераступаючы з нагі на нагу, наноў народжаны наведнік лазні дачакаўся чаргі і ўзяў два кухлі. Першы кухаль выпіў нагбом, не адрываючыся, і з такім адчаем аддзьмухнуўся, што ўсе азірнуліся. Другі кухаль піў паволі, расцягваючы задавальненне і разважаючы, ці варта перціся ў гасцініцу. Напачатку хацеў пайсці, але невядома, што там учыніў Сталяронак. А раптам заявіцца міліцыя ды пачне распытваць… Да таго ж вершы, якія мусіў заўтра чытаць, закінуў у кут. Дзесьці праз гадзіну адправіцца апошні «дызель». Паспее ўзяць яшчэ адзін кухаль. А заўтра выспіцца дасхочу. Потым будзе яшчэ адзін вольны дзень… Сцёпка выцер далонню пену з вуснаў і падумаў: «Як добра быць паэтам!»
Начная дарога
Студэнцкае жыццё «на бульбе» вядомае. Удзень, пад панылым восеньскім дажджом, збіраеш караняплоды, потым вячэраеш у імправізаванай, збітай з аполкаў і зацягнутай поліэтыленам сталоўцы, нарэшце, куляеш бутэльку «чарніла» і выпраўляешся з сябрамі ў суседнюю вёску на скокі. І выпраўляешся не пехатою, а на калгасным транспарце — пачэпленым да «беларуса» вазку, на бляшаным дне якога рэшткі гною, а на борце пагрозлівы надпіс «Перавозка людзей забаронена!». Трактарыст таксама падпіты і, падбадзёраны бязладнымі песнямі, свістам, дзявочым віскатам і звернутымі да яго воклічамі: «Лёха, гані не менш за сто!», цісне на ўсю жалезку. Назад, праўда, трактар едзе не так хутка, бо ў Лёхі-трактарыста хмель выпетрываецца з галавы, а студэнты ўжо не гарлаюць і не спяваюць, бо галоўных пеюноў у вазку няма: пашыліся ў стагі ды капешкі з мясцовымі дзеўкамі.
Вось і студэнт 3-га курса Мішка Ананчанка (сябры звалі яго проста Анана) у першы ж вечар падхапіў на скоках вясковую бібліятэкарку, штоночы завіхаўся з ёю і дахаты вяртаўся пад раніцу. Жылі яны ў Мазалях, а на танцы ездзілі за чатыры кіламетры, у вёску Бажкі. Любошчы даліся Мішку ў знакі: небарака змарнеў з твару, схуднеў і стукаўся плечуком у вушак, пераступаючы раніцай парог хаты.
Тае ночы Мішка, як заўсёды, пашыўся з каханкай у салому, але быў не ў гуморы. Пабольвала галава, салома калола бакі — сядзець давялося на высокай тарпе, — паволі церусіў дождж, а бібліятэкарка, упершыню за ўвесь час іх спатканняў, пачала з дакорам у голасе казаць, што ён хутка з’едзе і адразу ж на яе забудзецца. Урэшце Анану абрыдлі дзявочыя дакоры, і ён, пачуўшы гітарнае брынканне і лямант каля клуба, саслізнуў на азадку з тарпы. Хацеў паехаць дахаты разам з усімі, і тут жа з апалым сэрцам пачуў перарывістае ляскатанне трактара, якое паволі аддалялася. І ўсё ж такі гэтым разам ён падаўся ў Мазалі раней звычайнага. Нават не пацалаваў дзяўчыну на развітанне. Проста паціснуў гарачую руку і потым, тупаючы вясковай вуліцай, сцепануўся ад роспачных усхліпаў за спінай.