Ісці трэба было кіламетр па асфальце і яшчэ два кіламетры па гразкай, здратаванай глыбокімі калюгамі праселіцы. Ратуючыся ад тых усхліпаў, Анана пусціўся па шашы як ветрам гнаны і, толькі дайшоўшы да павароткі, азірнуўся, дастаў з кішэні пачак «беламору» — цыгарэт у тутэйшай краме не было, — і ад нечаканасці выпусціў папяросіну з зубоў… Аднекуль з гары на зямлю абрынулася штосьці цёмнае і важкае. Анана прысеў ад нечаканасці і незадаволена плюнуў пад ногі. Гэта ягоны аднагрупнік Васька Кончыц скочыў з разгалістага дрэва, якое расло пры дарозе.
— Тху, бляха… напужаў, — выдыхнуў Мішка, падбіраючы з-пад ног беламорыну. Папяроса патрапіла ў лужу, размокла і Анана, расціснуўшы яе ў кулаку, абабіў далоні.
— Ты чаго на дрэва ўзлез? — Мішка зірнуў на цёмную крону.
Васька нічога не адказаў, адно зацкавана, з убітай у плечы галавой, агледзеўся.
«Зубамі звоніць, — з усмешкай на вуснах падумаў Анана, прыпальваючы новую папяросу, — баіцца адзін ісці, вось і чакае спадарожніка. Відаць, таксама спазніўся на трактар. Але чаму на дрэва ўзбіўся?»
— Дай і мне, — папрасіў Васька.
Уздыхнуўшы, Анана тыцнуў у Васьчын рот беламорыну.
— І запалкі, — працадзіў Васька скрозь сцятыя зубы.
— З курыльных прыладаў адна пыса, — пажартаваў Анана, чыркнуўшы запалкай. — Дык хто цябе так напужаў?
Замест адказу аднагрупнік з шумам выпусціў дым.
Яны пайшлі краем праселіцы. Васька асцярожна, на паўсагнутых нагах, дыбаў першым, а Мішка, усё з той жа іранічнай усмешкай на вуснах, следам за ім.
Абапал дарогі шчытнай сцяной рос алешнік, цёмныя нетры якога былі разлінаваныя шэрымі палосамі бярэзін. Ад алешніку патыхала сырасцю, грыбамі-апенькамі і прэлым лісцем. Колькі часу яны ішлі моўчкі, і на Мішку стала навальвацца цяжкая дрымота. Ён нават прысніў бібліятэкарку, ды тут наперадзе пачуўся неспакойны Васьчын голас.
— Анана!
Мішка ў адказ адчайдушна пазяхнуў.
— А ты на ваўка калі-небудзь узбіваўся?
— Не даводзілася, — буркнуў Анана і, зганяючы з вачэй дрымоту, пацёр пальцамі павекі. — А ты?
Васька хвіліну маўчаў, разважаючы, відаць, ці казаць тое суразмоўніку.
— Ды воўк за мной гнаўся.
— Калі?!
— Ды во, каля павароткі. Пёр па кустах, як той лось па кукурузе.
— І ты з перапуду на дрэва сігануў? — хмыкнуў Анана.
Такія словы Ваську не спадабаліся, і ён прыспешыў крок. Мішка хацеў паведаміць аднагрупніку, што ваўкі такой парой на людзей не нападаюць. Гэта ўжо калі зімой, як у зграю саб’юцца. Але потым махнуў рукой. Не было ахвоты мянціць языком.
Яны зноў пайшлі моўчкі, і Мішку зноў пачало забіраць на сон, і яму зноў прыснілася бібліятэкарка, і Васька чарговым разам вярнуў да жыцця.
— Анана!
— Ну, — прамовіў Мішка, змагаючыся з позехам. Васькава балбатня пачынала назаляць.
— Старая бабця, у якой жыву, распавяла адну гісторыю, — Васька знянацку замаўчаў, і Мішка зноўку выдыхнуў:
— Якую гісторыю?
— Карацей, дзесьці перад самай вайной ішоў ноччу чалавек гэтай самай дарогай — з Бажкоў у Мазалі. І вось ідзе, значыцца, і раптам бачыць — на дарозе жанчына стаіць… уся ў белым. Ну, падышоў той чалавек бліжэй і бачыць: кабета нетутэйшая. Валасы чорныя з-пад белай касынкі выбіваюцца, і ў іх белы гарлачык уплецены. Прыгожая была, але ў адначас і штосьці страшнае таілася ў позірку. «Ці можаш мяне да Мазалёў давесці?» — спытала.
Дрымота збегла з вачэй, і душу кранула халодная пройма спалоху.
— А далей? — з насцярогай спытаў Мішка, скасіўшы вока на тоўстую бярэзіну, якая белай зданню тырчала наўзбоч дарогі.
— Тс-с-с, — сыкнуў Васька, узняўшы ўгору палец.
Наструнена лыпаючы векамі, Мішка прыслухаўся. Порсткі ветрык шамацеў у алешніку, ціха рыпала старая бярэзіна, і дзесьці далёка, ці не ў саміх Бажках, бязладна брахалі сабакі.
Ні слова не сказаўшы, Мішка пашыбаваў шырокім крокам, дэманструючы тым самым, што яму абрыдлі Васькавы байкі, і сябрук — задыхана, з панікай у голасе — прагугніў:
— Хтосьці бяжыць за намі.
— Ды хто тут можа бегаць… сярод ночы? — ужо без ранейшай упэўненасці прамармытаў Мішка, зрабіў рашучы крок і на палову галёнкі праваліўся ў залітую вадой калюжыну. — Тфу, йоп… — вылаяўся Анана, нагнуўся, збіраючыся зняць чаравік, ды так і застыў з сагнутай хрыбецінай.
Там, за спінай, сапраўды нехта бег, нячутна перабіраючы нагамі, нехта дыхаў і вякаў, пазіраючы ім услед хіжымі вачыма.