Выбрать главу

Сеўшы за стол, Вілен чарговым разам, падслепавата мружачы вочы, перагледзеў спісы выбарцаў, з пакутлівым уздыхам закінуў рукі за патыліцу.

«Усё ж у плане культурных мерапрыемстваў у нас недапрацоўка», — падумаў начны бяссоннік і сцепануўся, згадваючы: дзе ён чуў такія словы? Галава была тлумнай, таму і не адразу згадаў, што пачуў іх на нарадзе ў раёне, з вуснаў Макаловіча. Не, сёе-тое ён усё ж такі зрабіў. Развесіў наглядную агітацыю; у калідоры, на партах, паклаў леташнія падшыўкі «Гродзенскай праўды» і «Звязды», знайшоў патэфон (цётка Эліза, школьная прыбіральшчыца, абяцала прынесці кружэлкі), а Юзік Жвірбля, вядомы ў наваколлі гарманіст, атрымаў ад Вілена партыйнае заданне: развучыць колькі савецкіх патрыятычных песень. А то ж полькі Юзік грае так, што віхура ўздымаецца, а папрасі сыграць «Широка страна моя родная» — ссоўвае васільковыя мяхі і панурвае вочы. Днямі Вілен ішоў міма Юзікавай хаты і пачуў, як у адрыне пілікаў гармонік, але што там была за песня, так і не разабраў.

Першай, як заўсёды, прыйшла цётка Эліза. Цётка хоць і сталага веку, але яе таксама ўключылі ў выбарчую камісію, ад працоўнага калектыву школы. Сама яна не мясцовая, прыехала перад самай вайной аднекуль з цэнтральнай Польшчы. Як і дамаўляліся, прыбіральшчыца прынесла цэлы стос кружэлак. Вілен узяў адну з іх, паднёс да газніцы. На пацёхканай налепцы польскімі літарамі было напісана: «To ostatnia niedziela. Tango». Дрогкімі рукамі перабраў астатнія «плыты» — усе скрозь даваенныя, фірмы «Карона-Рэкорд».

«Добра, што дагледзеў, — старшыня камісіі перавёў дых, — гэта ж трэба… выбарцаў на дзяльніцы прывітае даваеннае польскае танга… За такія рэчы могуць і з партыі паперці».

— А савецкія песні ёсць? — цётка Эліза падхапіла ўжо анучку і збіралася штосьці выціраць.

— Ест една, — адгукнулася прыбіральшчыца, — цурка з Шчуціну прывезла. — Мястэчка Шчучын мясцовыя людзі ўпарта менавалі Шчуціным.

— І што за песня, патрыятычнага характару?

Эліза лыпнула вачыма.

— Якась кабета сьпева.

— Нясіце. А гэтую пілсудчыну — Вілен узважыў на руках стос кружэлак, — забярыце. І, па магчымасці, нікому не паказвайце.

У класе гарэла толькі адна газніца. Вілен дастаў запалкі, каб запаліць яшчэ дзве, і застыў у здранцвенні.

«Усё ж такі меў рацыю ўпаўнаважаны. Трэба пільнавацца, прыглядацца да кожнай драбязы», — бязгучна прашаптаў Вілен, згадаўшы, як пад час раённай педканферэнцыі да яго падышоў нізенькі дзядзька ў кіцелі, паціснуў руку і з робленай весялосцю паведаміў, што дырэктар школы ў вёсцы — гэта вочы і вушы савецкай улады. «Раён у нас складаны, а апошнім часам, пасля смерці таварыша Сталіна, прыкметна актывізаваліся антысавецкія элементы. Так што будзьце пільнымі і інфармуйце, хто ў Раздзярышках і наваколлі выступае супраць ліквідацыі хутароў, хто агітуе за выезд у Польшчу, нарэшце, хто з вяскоўцаў адмоўна ставіцца да дзяржаўных пазыкаў. Пажадана, каб вы інфармавалі нас штомесяц, і ў пісьмовым выглядзе», — дзядзька ў кіцелі, які назваўся ўпаўнаважаным, яшчэ раз паціснуў руку і паведаміў, што неўзабаве завітае ў Раздзярышкі і тады яны пагамоняць больш змястоўна.

Пальцы апаліў агонь, і ён папляваў на прыпечаны пазногаць.

— Божухна, як адчапіцца ад гэтага ўпаўнаважанага? — цяпер ужо ўголас, з плаксівай ноткай прамовіў Вілен і страпянуўся: гэта бразнулі, гулкім рэхам адбіўшыся ў калідоры, уваходныя дзверы.

Пані Эліза выплыла з цемры, трымаючы ў руках кружэлку ў падзертай капэрце.

— «“Лирические припевки”, исп. Клавдия Шульженко», — прачытаў, нахіліўшыся да лямпы, Вілен, рушыў да патэфона, крутнуў корбу.

…Хорошо идут дела

У колхозного села.

Я молоденька девчонка,

От того-о и весела-а!

Песня была ніштаватай, аднак голас пяюхі перакрывала аднастайнае шыпенне і мернае храбусценне — усё адно, як карова жавала трасянку. Вілен выцягнуў з патэфона іголку і навастрыў аб пячную цагліну.

Апошнім з сяброў камісіі з’явіўся Юзік Жвірбля, з гармонікам пад пахай. Пазалетась Юзік скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум і працаваў у калгасе заатэхнікам. Нядаўна заатэхніка прынялі ў партыю, і, вядома, ён быў не шараговым сябрам камісіі, а намеснікам старшыні.

— О, усе сабраліся… А я думаў — першым прыйду.

Вілен заклапочана пакруціў галавой, хацеў згадаць пра адарваны ветрам транспарант, але перадумаў, адно кіўнуў на гармонік.

Юзік ускінуў на плечы рамяні, прайшоўся пальцамі па гузіках, гучна крахтануў.

Над Москвою знамё-она славы,