Выбрать главу

На адзінаццаць гадзін не прагаласавалі ўсяго чатыры чалавекі: аднаногая Шукелойціха са сваім глухім сынам, інвалід з дзяцінства Ядвіга Канапацкая з суседняй вёскі Каўбасішкі і ветэран вайны Часнойць з хутара Рычкяны. Па ўсіх іх ад раніцы паслалі падводы, але тыя яшчэ не вярнуліся. І толькі апоўдні за акном заржаў конь і Юзік, прыпаўшы шчакою да шыбы, з урачыстасцю ў голасе абвясціў:

— Мазур Шукелойціху вязе! Пайду дапамагу…

На калідоры чарговым разам заспявала Шульжэнка.

— Мінай нагу адарвала, — патлумачыла Ванда Данатаўна, вышукваючы ў спісе патрэбнае прозвішча. — Знайшла недзе ды дахаты пацягнула.

На двары тым часам заенчылі, уваходныя дзверы расчыніліся, і да шульжэнкавай песні далучыўся немы жаночы лямант. Прычым надта шырокага дыяпазону — ад нуднага выцця на нізах да істэрычнага віскату.

— Что умею я плясать…

— А сьвеньці паньсцы!

— Это дело личное…

— А лю-удцы мае добрыя!..

— Не скажу, что я красива…

— А куды ж вы мяне цягнеце-э?!

— Просто си-импатичная-а!

Мяркуючы па голасе, ён мусіў належаць кабеце далікатна-танклявай, але ў клас занеслі васьміпудовую цётухну. Неслі Шукелойціху, змучана аддзімаючыся, утрох. Юзік трымаў кабету пад пахі, яшчэ двое — сівабароды Мазур ды даўгалыгі хлопец у аблавусе — трымалі за нагу і куксу. Небараку паклалі на падлогу, і тая, падобна, зусім абамлела: ляжала, раскінуўшы рукі, і ледзь чутна стагнала.

— Нашатырнага спірту дайце! — падхапілася Ванда Данатаўна і стала паказваць на мігах даўгалыгаму хлопцу, каб той зарэгістраваўся ды браў бюлетэні.

Шукелойціха, на шчасце, хутка ачуняла, залыпала вачыма, і яе ізноў панеслі да воза. Цяпер ужо неслі ўчатырох — Вілен таксама далучыўся да справы.

— Под окном у нас растёт красная-я смородина-а, — зацягнула Шульжэнка калі яны выцягвалі выбарніцу ў калідор, і Юзік, стукнуўшыся плечуком аб вушак, крыкнуў дзяўчынёхам, якія круціліся ля патэфона:

— Ды выключыце вы гэтую бравэру!

Шукелойціху ўскінулі на развалкі, але не да Мазура, а на іншы воз, — і Жвірбля выцер далонню ўзмакрэлы лоб.

— Яшчэ адна такая выбарніца — і мяне адсюль таксама панясуць.

— Трэба было растлумачыць чалавеку, што яе не ў Сібір вязуць, а на выбары, — з дакорам прамармытаў Вілен, глянуў на гадзіннік і прысвіснуў. Якраз гэтым часам ён мусіў тэлефанаваць Макаловічу.

Адзіны на ўсю вёску тэлефон месціўся ў сельсавеце. Вілен шыбаваў аснежанай вуліцай, і галава ягоная гула ад бязладных думак.

«Дарма Шукелойціху тармасілі… усё ж такі інвалід… прыехаў бы сын, прагаласаваў за дваіх… Макаловіч будзе задаволены: усяго двое не прагаласавалі… Цікава, а як на іншых дзяльніцах?» — і з перакананнем, што ў суседзяў сітуацыя значна горшая, Вілен узбег на высокі ганак.

Маладая сельсаветаўская сакратарка, якая ў сувязі з выбарамі мусіла выйсці на працу, сустрэла яго з кіслай гіморай на разамлелым твары: спала, седзячы за сталом.

— Хутка не злучаць, лінія перагружаная, — прыспана папярэдзіла дзяўчына, выклікаючы раённы камутатар, але адразу ж перадала слухаўку Вілену.

— Налівайка?.. Як там у цябе? — голас Макаловіча быў дарэшты асіплы, і Вілен яго адразу не пазнаў.

— Усё нармальна… двое толькі не прагаласавалі…

— Якое там нармальна! Суседзі твае, Сабакінцы з Грумойцямі, ужо гадзіну таму канцы падбілі. Дарэчы, Часнойць прагаласаваў?

Вілен у адказ кашлянуў у жменю.

— Ты там не керхай, а выяўляй ініцыятыву.… на кані яго вязі, цягні на ўласным карку, а стаадсоткавую яўку мусіш забяспечыць. Машына да вас наўрад ці праб’ецца, так што будзь на астрынскай паваротцы — з бюлетэнямі і пратаколамі. Усё!

Дагэтуль дзяўчына глядзела на Вілена з іранічнай усмешкай, але, калі той паклаў слухаўку, зірнула са спачуваннем. Зразумела, што ў раёне чымсьці незадаволеныя.

— Наступны званок а шостай вечара, — прамармытаў старшыня выбарчай камісіі, выйшаў на двор і на поўныя грудзі ўдыхнуў салодкага, працятага пахам вільготнага снегу паветра. Мяцеліца, адвіраваўшы ўсю ноч, аціхла, і цяпер з неба дробным шротам сыпаліся ледзяныя крупы.

Юзік сустрэў яго каля школы. Стаяў ды скручваў, немаведама ўжо якую па ліку, цыгарку.