— Яшчэ адну хваравеку прывезлі, Ядвігу Канапацкую. Дарма што інвалід, а на гарышча ўзлезла. Ледзь адтуль сцягнулі. А з Часнойцем, — Юзік сплюнуў махорачныя крыхоткі, — нявыкрутка. Адмовіўся ехаць, нават з хаты не выйшаў.
— Ну, і што будзем рабіць? — пазіраючы на Юзіка, Вілен таксама выцягнуў капшук. — У Сабакінцаў з Грумойцямі ўжо даўно сто адсоткаў…
Юзік азірнуўся, прыцішыў голас.
— Быў бы хто іншы, укінулі б тыя паперкі — і дуды ў торбу. А гэты запрыдух можа і ў Маскву напісаць. Маўляў, не галасаваў, а бюлетэнь падлічылі. Карацей, хапаем скрыню, сядаем да Мазура, я якраз яго затрымаў, і гілазуем у Рычкяны.
Ладная жменя тытуню сыпанула пад ногі.
— Ты што?! Выносіць скрыні забаронена! Артыкул 77-ы: «Кожны выбарнік галасуе асабіста, у памяшканні для галасавання».
— Ой, Пятровіч, — Юзік балесна перакрывіўся, — схавай ты свае выбарчыя кантычкі куды далей… Ёсць армейскі статут, а ёсць рэальнае жыццё. Мая жонка з Сабакінцаў. Там у наваколлі адных хутароў штук трыццаць. Так што хлопцы з тамтэйшай камісіі кінуліся ў сані ды паехалі па коле.
Вілен пацёр удумлівы лоб.
— А як Макаловіч з праверкай завітае ці яшчэ хто з раёна? Прыйдуць — а на дзяльніцы ні старшыні, ні ягонага намесніка, ні выбарчай скрыні. І што тады?
— Пятровіч… ну хто да нас праб’ецца? Нават «студэр» застрагне… Ты лепш падумай, што скажуць у райкаме. На ўсіх дзяльніцах яўка 100 адсоткаў, а ў Раздзярышках 99 з капейкамі.
Нечакана з прамывіны шэрых хмар на кароткі міг зірнула мутнае вока сонца, і Вілен з рашучасцю і адчаем адкінуў канчар самакруткі.
— Добра… толькі Мазура дахаты выпраўляй. Удвух паедзем.
Зладзеявата азіраючыся, Вілен вынес скрыню з дзяльніцы, забег у бакоўку, падхапіў з падлогі суконны палітон. Потым, стайма, сербануў з чыгунка халоднай заціркі, зірнуў у акно і суцішна вылаяўся. Думалі выехаць цішком, без сведак, а тут, як на грэх, да школы пад’ехалі на іртах два ягоныя вучні — Чэсь і Франак. Укруціўшы скрыню ў палітон, Вілен выкуліўся з бакоўкі.
— Заўтра, хлопцы, раней у школу прыходзьце. Дапаможаце парты ў клас занесці, — Вілен паклаў каштоўны груз на сані, прыцерушыў саломай.
— Прыйдзем! — адказаў Франак, нізенькі смаркаты хлапчук. — Франак адламаў ад капяжа даўжэзны лядзяк, запіхнуў у рот.
— Кінь брызгуль смактаць, глотка забаліць! — крыкнуў яму Жвірбля, які стаяў ля каня і падцягваў дугу. — І так смаркаты, а яшчэ брызгулі смокчаш! Во скажу бацькаві — ён цябе адпалянтуе!
Франак кінуў лядзяш, але яго падхапіў з-пад ног Чэсь — даўгалыгі, апранены ў падзёртую ватоўку падшыванец — і дэманстратыўна лізнуў.
Юзік дакорліва паківаў галавой.
— Няма, Чэсю, каму з цябе гілос выбіць. Чыстай расколінай расцеш. Хаця б ватоўку зашпіліў — прастудзішся!
Чэсь стаяў расхлістаны, паказваючы свету навюткую цяльняшку. Яна была завялікай і агаляла пасінелую ад холаду грудзіну.
— Н-но, жэбы на цебе ліха! — гракнуў Юзік, ляснуў пугай каня.
Конь тузануў развалкі, зморана пырхнуў, пайшоў лёгкім трухам. Падшыванцы паспрабавалі ехаць следам, але як ты ўгонішся за канём, ды на самаробных іртах, якія да таго ж кепска слізгалі.
— Апошні раз на іртах выехалі. Заўтра, маці казала, адліга будзе, — буркнуў Юзік, не паварочваючы галавы.
— А Чэсевага бацьку на вайне забілі, ці як? — запытаўся Вілен, пазіраючы на няўклюдныя хлапечыя постаці.
— Ды дзе там… у Карэла-Фінскую завербаваўся, на лесапавал. Абяцаў вярнуцца, ды, няйначай, да нейкай бабы прыбіўся.
— А цяльняшку дзе ўзяў?
— Брат прыязджаў на пабыўку. На Паўночным флоце служыць.
Праязджаючы міма сваёй хаты, вознік спыніў каня, скочыў з воза.
Можна было падумаць, што Юзік пабег у хату з’есці якое каліва, але той адразу ж і выбег, пхаючы штосьці за пазуху кажуха. Раскруціўшы ў паветры лейцы, намеснік старшыні камісіі ляснуў імі па конскай спіне, з вар’яцкай весялосцю загарлаў:
— Н-но, халера ясна!
За Раздзярышкамі ляжала роўнае, без адзінага кусціка поле. Яно было аднолькавага колеру з нізкім небам, і калі б не цёмны пас лесу на даляглядзе, які іх падзяляў, немагчыма было б адрозніць зямлі ад неба.
Вілен сядзеў на возе, спінай да каня, і неадрыўна глядзеў на санны след. Яшчэ колькі хвілін таму паездка ў Рычкяны здавалася вясёлай вандроўкай, і вось цяпер, пабачыўшы бязмежна-самотны прасцяг і змрочнае неба над галавой, ён захваляваўся. Напярэдадні выбараў абышоў усе вёскі і некаторыя хутары, а вось Рычкяны не наведаў. Не хапіла часу. Чорт іх ведае, хто там жыве. А як выйдуць са стрэльбамі ды адбяруць бюлетэні? А можа, там, на хутары, наогул засада? Сядзяць якія акоўцы ды паглядаюць з гарышча на дарогу.