Гілос — дурыкі
Запрыдух — упарты чалавек
Застрагнуць — захраснуць
Ірты — лыжы
Кубарка — пушка запалак
Лемзаць — балбатаць
Начвэндзіць — накуродымець
Памяльнік — месца ля печкі, дзе ставяць качаргу і рагач
Пасачка — невялічкі цэбар
Расколіна — нягоднік
Руіна — воўчая зграя
Сутанак — шарая гадзіна
Такрок — летась
Хваравека — інвалід з дзяцінства
Перформанс
На беразе невялічкай ракі сядзяць два старыя сябры — Васька Лабейка і Лёшка Апейка. Паміж імі, на разасланай газеце, ляжыць пару памідорын, лусты няроўна накроенага хлеба, а крыху зводдаль стаяць, накрытыя чырвонымі капялюшыкамі асавікоў, два вядры з грыбамі. Хлопцы, як гэта яны любяць рабіць пад чарку, абмяркоўваюць актуальныя праблемы. Тэма сённяшняй дыскусіі — маральныя каштоўнасці беларусаў.
— Тут я з табой не згодны. Мы, беларусы, народ цягавіты, — Лёшка Апейка наліў у пластыкавы кубак гарэлку. Гарэлкі ў бутэльцы ўжо было на самым днечку. — Пусці нашага брата ў Еўропу ці Амерыку і дай тамтэйшы заробак, працавалі б дзень да ночы. Але ёсць у нас і адна паганая рыса.
— Якая? — Васька перахапіў кубак.
— Будуць кагосьці біць, забіваць, гвалтаваць — аніводная б… не прыйдзе на дапамогу.
— Прыйдзе! — няўцямна, давячыся памідорам, выдыхнуў сябрук.
— А я кажу: не прыйдзе! — не зусім цвяроза азваўся Апейка.
— А я кажу: прыйдзе! — падвысіў голас Лабейка, нервова скубануўшы бараду. Барада ў хлопца была нягеглая — чэзлая і выцвілая. Сябры і знаёмцы ўголас раілі пагаліцца, але Лабейка жартам адказваў, што барада надае яму элементы багемнасці.
Прыйшла пара Лёшку сказаць важкае слова, але ён насупіўся і, павярнуўшы голаў, раскаціста гракнуў:
— Ленка-а!
Сябры наструніліся, а калі з лясных нетраў даляцеў працяглы жаночы воклік «Іду-у!» — Лёшка суцішна, але рашуча выдыхнуў:
— Не прыйдзе.
Неўзабаве за спінамі затрашчала ламачча, і з лесу выйшла Апейкава жонка — ружавашчокая маладзіца ў чырвоным камбінезоне.
— Яшчэ два белыя знайшла. Зусім не чарвівыя, — прамармытала маладзіца і ўжо з дакорам у голасе спытала: — Ну, скончылі пачостку?
Хлопцы нічога не адказалі, адно пераглянуліся.
— Ну скажыце, хто ходзіць па грыбы з пляшкай гарэлкі ў кішэні? — маладзіца зморана плюхнулася на паваленае дрэва.
— Мы ходзім, — буркнуў Лёшка і ні з пушчы ні з поля дадаў: — Не прыйдзе.
— Прыйдзе, — прашаптаў у адказ сябрук, пачухаўшы барадзень.
— Не прыйдзе.
Добрую хвіліну маладзіца слухала моўную перапалку.
— Вы што, пашалелі ад гарэлкі?
— Прыйдзе… Не прыйдзе… — працягвалі мармытаць хлопцы, і маладзіца ўсхвалявана падхапілася на ногі:
— А далібог, пашалелі.
— Ніхто не пашалеў, — незадаволена выдыхнуў муж, — праблему вырашаем.
— Божухна, яны вырашаюць праблемы, пляшку гарэлкі навярнуўшы, — жонка жартам закаціла вочы. — Добра яшчэ, што адразу не навярнулі, хоць грыбоў сабралі. — Хлопцы, магчыма, і адразу б селі выпіваць, але гарэлка за пазухай нагрэлася, таму яны прыхавалі пляшку ў рачной завоіне.
— Вось, Лен, скажы, — перахапіў ініцыятыву Лабейка, — напалі на цябе двое мужыкоў…
— А чаго ім на мяне нападаць? — хмыкнула Ленка.
— Ну… абрабаваць… ці згвалтаваць… — Васька скасіў вока на Лёшку, — і вось ты крычыш нема: «Людзі, ратуйце!»… Як думаеш: хтосьці прыйдзе на дапамогу?
— Вядома ж, не прыйдзе, — не раздумваючы паведаміла Ленка, пры гэтым яе муж узняў угору палец і паглядзеў на сябра. — Памятаеце, на другім курсе Таньку Даўгалёву каля вакзала згвалтаваць хацелі? І куртку падзерлі, і спадніцу. Як ні гарлала, як ні клікала на дапамогу — ніхто не дапамог. А хто быў на вуліцы — адразу ж пахаваліся.
— А дзе яна зараз, дарэчы? — спытаў муж.
— У Італіі атабарылася, — Ленка з вохканнем перавяла дых. — Бачылі ў «аднакласніках». Прыкід ад Версачы, за спінай спартовая «тачка». Раскашуе па поўнай праграме, — сказаўшы так, Ленка з дакорам уваччу зыркнула на мужа.
Муж спахмурнеў, але тут жа, каб змяніць тэму гаворкі, ляпнуў далонню па калене. Ды так гучна, што сябар з жонкаю страпянуліся.
— Зараз следчы эксперымент арганізуем, — Апейка падхапіўся на ногі. — Памятаеш, ты дзяўчыну-сіротку грала, якую паніч на полі паваліў?
— Ну, — выдыхнула Ленка, спрабуючы ўцяміць сэнс эксперыменту.
— Гарлала так, што пад час прэм’еры — Лёшка звярнуўся да сябра, — нейкі ёлупень на сцэну палез. Думаў, акцёрку і сапраўды гвалтуюць.