Выбрать главу

— Ну гарлала. Прафесія такая, — у голасе Ленчыным нарадзілася незадаволенасць.

Лёшка прылашчыў даўгія, з павуцінай ля правага вуха, валасы.

— Карацей, ладзім псіхадэлічны перформанс. Тут вёска поруч са станцыяй. Давай-ка, залямантуй у кустах. Ну, нібыта цябе гвалцяць ці рабуюць. А мы з Васькам прасочым — прыбяжыць хто на дапамогу ці не.

— Ты што, сапраўды страціў розум? Я палезу ў кусты і буду гарлаць як дурная? А калі сапраўды хто прыбяжыць?

— Скажам — рэпе-пеціруем, — падключыўся да размовы Лабейка.

— А калі міліцыя з’явіцца?

— Якая міліцыя ў вёсцы? А калі хто і выкліча, мы ўжо дома будзем, — Лёшка вытрымаў паўзу і, падхапіўшы сваё і жончына вядро, прамармытаў: — Заўтра туфлі купім, якія ты хацела.

Тройца калісьці вучылася разам у тэатральна-мастацкім інстытуце. Там жа, на чацвёртым курсе, Ленка з Лёшкам пабраліся шлюбам. У тэатры, праўда, зараз працавала толькі Ленка. Муж з сябрам адразу ж пасля інстытута кінулі акторства і знайшлі больш грашовы занятак — Лёшка ўбіўся экспедытарам на мясакамбінат, а Васька скончыў курсы і ўладкаваўся сістэмным адміністратарам у трэст сталовых і рэстаранаў. З гэтай нагоды сябрук даў яму мянушку Сісадмін, а Васька, у адплату, называў сябра Драматургам, бо той вольным часам пісаў п’есы-аднаактоўкі, і адну з іх, з жончынай дапамогай, паставілі ў тэатры юнага гледача. Сябрукі жылі непадалёку, почасту сустракаліся, кулялі чарку, і кожнага разу аб нечым спрачаліся. Бывалі выпадкі, што і лаяліся. Вось і цяпер, цёплым вераснёўскім днём, выправіліся на прыгарадным «дызелі» па грыбы і завяліся з-за нейкай лухты.

Вёска, у якую зайшлі, месцілася ў кіламетры ад чыгуначнай станцыі, і адсюль быў добра чутны гуд цягнікоў, які, дарэчы, не даваў заблукаць у лесе. Пабачыўшы каля вясковай крамы серабрысты джып і людскі збой, Лёшка распавёў сябру сцэнар перформансу.

— Падыходзім бліжэй да крамы, хапаем Ленку за рукі. Ленка гарлае, вырываецца, бяжыць да кустоў, мы ляцім следам. Чабохтаемся ў кустах, пасля чаго задаём уцекача.

— А можа, не варта ладзіць тыя перформансы? Навошта людзей пужаць? — нерашуча прамармытаў Лабейка.

— Што ты, Сісадмін, такі затурканым стаў? Далей за манітор свету не бачыш, — Лёшку пачало разбіраць ад гарэлкі. — Мы тут людзей не пужаем, а правяраем на вашываcць.

Тройца прыхавала ў кустах вёдры з грыбамі, рушыла па вясковай вуліцы, і Лёшка, звярнуўшыся да жонкі, скамандаваў: «Бяжы!»

— Людзі добрыя, ратуйце! — нема закрычала Ленка, рынуўшы ў бок крамы.

Лямант быў настолькі натуральны, што Васька Лабейка застыў стаўбнём і пабег толькі тады, як Лёшка азірнуўся.

Дагнаўшы жонку, Апейка схапіў яе за валасы, і Ленка з усяго маху пляснула яму па шчацэ.

— Ратуйце-э!

— Ты чаго б’ешся?! — уражана гойкнуў муж і атрымаў грымака ў нюхаўку.

— Будзеш ты мне тут з жонкі здзекавацца, — прасіпела акцёрка і штосілы, адпрацоўваючы новыя туфлі, залямантавала: — Людзі… Гвалтую-уць!

Апейка схапіў Ленку за шлейку камбінезона, жонка паспрабавала вырвацца, і яны абое паваліліся на дарогу. Тым часам Васька бегаў вакол, не ведаючы, што рабіць і за каго хапацца. Краем вока ўбачыў, як у акне бліжэйшай хаты тарганулася фіранка і шыбу пазначыў шэры твар з прыплюснутым носам. Тым часам купку людзей ля крамы як венікам змяло.

— Адыходзім, — прасіпеў Лёшка, выціраючы густую юшку.

Прыгнуўшы галовы, яны — Ленка першая, а хлопцы за ёй, — кінуліся да лесу.

— Я гэта запомню, — задыхана прамовіў Апейка, выціраючы разбітую нюхаўку.

— Якія да мяне прэтэнзіі? Сам жа казаў, каб усё было натуральна. Я ж не наракаю, што ты мне шлейчыну аддзёр, — шлейка камбінезона матлялася на Ленчынай спіне.

Вясковая вуліца апусцела. Нават цёткі, што завіхаліся ў агародах, пахаваліся.

Пабраўшы вёдры, тройца лясной дарогай, у абыход вёскі, рушыла да станцыі.

— Ну як, Сісадмін, пераканаўся? — Лёшка ішоў, задзёршы ўгору нос: кроў усё яшчэ сачылася.

— Дык гэта вёска. Хто тут ратаваць будзе? Старыя цёткі?

— Якія цёткі?.. Ля крамы мужыкі таўкліся. А поруч джып стаяў. За дзесяць секунд усіх павымятала, — Апейка чарговым разам шморгнуў носам. — А ў горадзе ўжо Танька Даўгалёва эксперымент зладзіла. Таксама ўсе разбегліся.

Сябрук у адказ нічога не сказаў, адно ўздыхнуў ды па старой завядзёнцы патузаў бараду.

Паблукаўшы па кустах, тройца выйшла на асфальтавую дарогу, што лучыла вёску з чыгуначнай станцыяй. Прайшлі па ёй метраў пяцьзясят, і Апейка, схамянуўшыся, кіўком галавы загадаў сысці з асфальту.

— Пойдзем па сцяжыне. А то ці мала што. У вёсцы ўжо, відаць, міліцыю выклікалі. Гэта наш народ любіць.