Выбрать главу

Паганы чарвячок вінаватасці і сумнення заварушыўся ў душы Леўчука, які пашкадаваў ужо, што сунуўся ў гэта балота. Можа, сапраўды лепш было б ехаць на грэблю — авось і праскочылі б. А цяпер ні ўзад ні ўперад, хоць ты чакай світання. Ці кідай тут воз і нясі на сабе гэтага дэсантніка. Добра яшчэ, што не скардзілася Клава, трывала ўсё моўчкі і ў меру сваіх сіл неяк яшчэ папіхала фурманку.

— Во ўлезлі, дык улезлі!

— Я ж казаў, ага, — ахвотна падхапіў Грыбаед. — Улезлі, як дурні якія, як вылезем цяпер?

— Можа, з кіламетр праехалі,— азвалася ззаду Клава. — О божа, я ўжо не магу…

— Трэба назад, — сказаў ездавы — А то і каня ўтопім, і гэтага. Дый самі. Тут ёсць вокны — ого! Па галаву — і яшчэ застанецца.

Ляўчук разгублена выціраў рукавом лоб і маўчаў. Ён сам не ведаў, што цяпер рабіць, куды падацца: назад ці ўперад. Ды і сілы ўжо амаль не заставалася ні ў каня, ні ў людзей, яны ўжо выматаліся як мае быць. Сапраўды, чым так выкладвацца, падумаў Ляўчук, лепш бы паспрабаваць паткнуцца на грэблю.

— Чакайце! — крыху аддыхаўшыся, сказаў ён. — Я пагляджу.

Ён зноў палез у багну, стараючыся як мага менш пялёскаць у ёй, і ў адным месцы так шугануў, мабыць, у акно, што ледзьве не схаваўся ў ім з галавой. Неяк усё ж выкараскаўся на купіну, але і купіна дрэнна трымала яго, усё ніжай асядаючы пад ваду — на такой купіне не доўга ўседзіш. Тады ён рэзка павярнуў убок, як здавалася яму, не ўпоперак, а ўздоўж балота, бо ўжо думалася не пра тое, як хутчэй адолець яго, а хоць бы не ўтапіць каня і не ўтапіцца самому. Сапраўды, тут, мабыць, была самая глыбіня, вадзяныя прагаліны сталі шырэйшыя, менш стала травы, а кустоўе лазы і алешніку зусім знікла. Тут ужо ў самы раз была б лодка, а не конь з возам, і Ляўчук каторы ўжо раз вылаяў сябе за неасцярогу.

Як няздатна ўсё атрымалася, мусіць, трэба вяртацца…

З гэтай яшчэ канчаткова не аформленай думкай ён і павярнуў назад і як-кольвечы дабраўся да фурманкі, якая цярпліва замерла сярод багны з дзвюма апануранымі постацямі ў тумане. Яны цярпліва чакалі яго рашэння, яго слова аб тым, куды і як рухацца далей, бо неўзабаве павінен пачацца ранак, і тады ім на голым балоце не месца.

Але Ляўчук яшчэ не дайшоў да іх і нічога яшчэ не надумаў, як недзе ў недалёкай начы імклівым рэхам пакаціўся па лесе стрэл. Праз секунду яму адказаў другі, траскотна ўдарыла кулямётная чарга, глуха і важка кахнуў мінамёт і міна, завішчэўшы ў самае высі неба, неўзабаве разарвалася ў лесе. I тут пачалося: закалацілася, задзігала, загрукацела — дзіва, адкуль што і ўзялося ў гэтай соннай туманнай ночы.

Яны ўсе знерухомелі, дзе стаялі, Ляўчук, разявіўшы рот, упіўся ў ноч слыхам і хацеў што-небудзь убачыць, але праз туманісты змрок нічога не было відаць. I раптам злая здагадка амаль узрадавала яго:

— На грэблі, ага?

— На грэблі,— паныла пацвердзіў Грыбаед.

Яны зноў сціхлі, знерухомелі перад агромністасцю начной бяды, якая абрынулася на іншых, а вельмі проста магла б абрынуцца на іх чацвярых. Цяпер усіх дапякала адна толькі думка: хто каго? Але тут, мусіць, і думаць не было чаго — стралялі немцы. Страчылі з таго, іх боку. Зноў жа, і мінамёты, — мабыць, у іх атрадзе не было мінамётаў. Значыць, нехта ўсё ж не ўтрымаўся ад спакусы праскочыць па гаці, паспадзяваўшыся на разведку, і цяпер вось расплачваецца. Цяпер там незайздросна.

I Ляўчук, здрыгануўшыся ад золкасці ці ад усведамлення свае нечаканай удачы, раптам са злым папрокам накінуўся на сваіх памагатых:

— Ну во, вашай матары! А вы — назад! А ну давай упярод! З усяе сілы ўпярод! Раздва, узялі!

Прыслухоўваючыся да страляніны, яны зноў узяліся папіхаць і цягнуць фурманку, сцябаць і крычаць на знясіленага мокрага коніка. Аднак сілы іх былі ўжо не тыя, што спачатку, і фурманку, відаць, засмактала як мае быць. Марна правалэндаўшыся з ёю хвілін дваццаць, Ляўчук разагнуўся. Страляніна на грэблі ўсё калаціла лясны абшар. Тады ён, крыху спачыўшы, зноў палез у туман, беручы то ўлева, то ўправа, шырока мацаючы ў багне нагамі. Добра, што боты ў яго былі скураныя, не кірзачы, набрыняўшы цяпер у вадзе, яны селі, шчыльна абляпілі ногі і не звальваліся — інакш бы ён хутка застаўся босы. Ён рашыў найперш знайсці які шлях на бераг, калі толькі сам дзе не шусне з галавой у прорву, а пасля ўжо тым шляхам вывесці за сабой фурманку. Цяпер ён не зважаў на глыбіню, усё роўна па плечы быў мокры, ён толькі хапаўся рукой за куп'ё і дзе ішоў, а дзе плыў, рассоўваючы грудзьмі густую цёплую твань. Слых ягоны пры гэтым увесь час лавіў гукі бою на грэблі, якія то заціхалі, то ўсчыналіся зноў, і не зразумець было, хто там браў верх. Можа, збілі нашы нямецкі заслон, а можа, заслон да рэшты перастраляў партызан.