Выбрать главу

— Скажы ротнаму: раніла! Раніла мяне, чуеш?

Добра, што ўжо вечарэла, сонца пасля бясконцага спякотнага дня спаўзло за кустоўе, балацявіна ахінулася рэдзенькай кісяёй туману, праз які няшмат што і згледзіш. Немцы так і не пачалі сваёй пятай атакі, і, як стала цямнець, на грудок да Леўчуковага акопчыка прыбег ротны Мяжэвіч.

— Што, параніла? — прылёгшы побач на ігліцу, запытаўся ён, углядаючыся ў туманістую балацявіну, з якой несла парахавым смуродам і холадам.

— Ды во, у плячо. — У правае?

— Ну.

Ротны вылаяўся, услухаўся, нешта падумаў і тут жа сказаў:

— Ладна, што ж! Дуй да Пайкіна. Кулямёт аддай Кісялю.

— Каму? Тожа нашлі кулямётчыка! Ляўчук у гэтым загадзе адчуў штосьці для сябе абразлівае — аддаць яго спраўны, дагледжаны ім кулямёт Кісялю, гэтаму вясковаму дзядзьку, які і з вінтоўкай толькі нядаўна асвойтаўся, азначала для Леўчука зраўняцца з ім і ў астатнім. Але тады каму ж аддаваць? Мусіць бы, з кулямётам няблага ўправіўся Галашэеў Віцька, ды Галашэева два дні назад забіла мінай, а з іншых каго ні вазьмі, такія былі кулямётчыкі, як з яго лётчык. Ім шкада было даверыць паляўнічую дубальтоўку, не тое што гэты выдатнага бою, прыстраляны ім кулямёт. Зрэшты, чорт з ім, разважыў Ляўчук, цяпер яму малы клопат — цяпер ён паранены.

Рашыўшы так, Ляўчук з падкрэсленай абыякавасцю аднёс кулямёт і бляшаную скрынку з дыскамі пад суседнюю хвою да Кісялёвага акопчыка, а сам у нязвыклай легцы пабрыў у глыб лесу да ручая, дзе быў нейкі тыл гэтага абложанага карнікамі ўрочышча і дзе размяшчаўся доктар Пайкін з Верхаўцом — іх атрадныя «памочнікі смерці», як кпліва называлі дактароў партызаны. Мабыць, яны трохі і мелі рацыю, бо казалі, што Пайкін да вайны быў зубным урачом у раёне, а Верхавец раней наўрад ці калі трымаў у руках бінт. Аднак у атрадзе лепшых дактароў не было, і гэтыя два і лячылі, і перавязвалі, і нават, здаралася, адразалі ногі ці рукі, як таму вунь Крыцкаму, да якога падпала гангрэна. I нічога, кажуць, жыве недзе на хутары ў схове, памалу здаравее. Хоць і з адной нагой.

Пры ручаі каля будана санчасці ўжо сядзела некалькі чалавек параненых, Ляўчук дачакаўся свае чаргі, і доктар упоцемку, збольшага абцёршы пякучым перакісам вадароду скрываўленае плячо, туга абкруціў яго бінтам.

— Сунь руку за пазуху і насі. Нічога страшнага. Праз тыдзень можаш кувалдай махаць.

Каму не вядома, што добрыя словы дактароў часам лечаць лепей за іхнія лякарствы? Ляўчук, здаецца, адразу адчуў, як зменшыўся боль у плячы, і падумаў, што ўранку зноў вернецца на Доўгую граду ў роту, а спярша паспіць. Найперш ён хацеў выспацца — цяпер ён займеў на гэта поўнае права.

Пасля нядоўгай трывогі ён, здаецца, зноў задрамаў пад елкай на яе мулкіх пакручастых каранях, як зноў адчуў недалёкі тупат ног, галасы, шоргат калёс у кустоўі, нейкую мітусню побач. Ён пазнаў голас Пайкіна, а таксама новага іх начальніка штаба і яшчэ нечы, знаёмы, але спрасоння не адгаданы ім канчаткова.

— Не пайду я. Не пайду нікуды…

Клава Шарохіна, атрадная іх радыстка! Яе звонкі мілагучны голас Ляўчук пазнаў бы за кіламетр сярод сотні другіх галасоў, а цяпер яна была побач, у дзесяці кроках ад ягонай елкі. Сон Леўчукоў амаль што мінуўся, хоць ён і не мог яшчэ расплюшчыць вачэй, толькі павёў пад ватоўкай балючым плячом і зацяў дыханне.

— Як гэта — не пойдзеш? Як не пойдзеш? Што ж мы тут табе, радзілку адкрыем? — злосна гуў знаёмы басок іх новага начальніка штаба, нядаўняга камроты-адзін. — Пайкін!

— Я тут, таварыш начштаба.

— Адпраўляйце! Зараз жа адпраўляйце разам з Ціханавым! Да Язмінак неяк дабяруцца, а там у Лескаўца перабудзе. У Першамайскай.

— Не пайду! — зноў пачулася з цемры роспачна-жаллівае ў сваёй бездапаможнасці пярэчанне Клавы.

— Зразумейце, Шарохіна, — з лагодаю ўмяшаўся ў гаворку Пайкін. — Вам нельга тут. Вы ж самі сказалі: пара.

— Ну і хай!

— Заб'юць жа к чортавай матары! — здаецца, не на жарт зазлаваў начштаба. — На прарыў жа ідзём, на пузе паўзці прыйдзецца! Ты гэта разумееш!

— Хай забіваюць!

— Хай забіваюць — вы чулі? Мы яе ратуем, а яна думае, каб немцы забілі!