* * *
У Якушоўцы, былым маёнтку Каліноўскіх, Дануся Бічэль, калі мы гуртам ішлі па даўняй дарозе ў прысадах, расчульвалася на хаду.
— Костусь і Вінцусь садзілі дрэвы на гэтай алейцы...
Можна было б і дадаць:
— А Чарнышэўскі і Серакоўскі дапамагалі ім...
Маёнтак быў — больш за дзвесце дзесяцін, трэба думаць, былі ж і парабкі, і наймічкі. Сыны, як-ніяк, панічы, вучыліся ў гарадах. А на канікулах, і зімовых, і летніх, дрэў і тады, відаць, не саджалі.
* * *
Калі на паседжанні прэзідыума Саюза пісьменнікаў па загадзе ЦК абмяркоўвалася мая крамольная падборка запісаў у «Немане» за люты семдзесят восьмага года, Танк, наш старшыня, быў прыкметна разгублены... Напярэдадні гэтага абмеркавання, калі мы з Максімам ішлі па парку, я сказаў, што мне непрыемна: каб не пашкодзіць яму гэтым з атрыманнем Ленінскай прэміі, бо якраз набліжалася канчатковае вырашэнне. Тыдні праз два ён пазваніў з Масквы Панчанку пра сваю аднагалосную перамогу і папрасіў перадаць мне, каб я не хваляваўся. А тады, на паседжанні, у яго разгубленасць, а ў мяне няёмкасць былі.
Шамякін затое быў празрыста прынцыповы. Яго раман «Вазьму твой боль» і наша кніга «Я з вогненнай вёскі...» былі тады, дарэчы кажучы, таксама вылучаны на прэмію, Дзяржаўную СССР... Гаворачы пра маё недаўменне ў запісах, як гэта Горкі згадзіўся, каб яго родны горад быў перайменаваны па прыкладзе іншых, па-бальшавіцку сціплых, перайменаванняў, Іван Пятровіч панёс мяне ажно да «белаэмігранта» Буніна, які, аказваецца, гаварыў таксама. Праўда, кампанія шаноўная, але прамоўцу прыйшлося перапыніць, ён нават і прабачэння папрасіў, таксама лёгка...
Макаёнак перад тым абмеркаваннем, на нейкім іншым сходзе, на хаду пацешыў мяне ў вестыбюлі: «Ты не хвалюйся!» А я нагадаў яму, як на Мядзельшчыне (Танк калісьці расказваў) здымалі нялюбага кіраўніцтву старшыню калгаса. Пясочылі яго і начальства, раённае і сельсавецкае, і тыя з калгаснікаў, з кім папярэдне было пагаворана. Рэшта людзей маўчала, як яно бывае найчасцей, хоць калгаснікі ў большасці паважалі свайго старшыню. Потым слова далі самому падсуднаму. Ён устаў, абвёў позіркам сцены клуба, спыніўся на правадырах і сказаў — толькі такое: «За исключением этих портретов, пошли вы все к... матери!» Андрэй зарагатаў, па-свойму падкрэслена гучна, аднак праз два ці тры дні на маё пясочанне не прыйшоў. І калі я спытаўся потым чаму, адказаў толькі, што «быў, браце, на дачы».
А ўсё ж пасля, калі я сустрэўся ў Маскве з Барысам Мажаевым, той мне сказаў: «Какой молодчина Андрей — такое напечатал!..»
Сапраўдным малайчынам быў іншы — Георгій Папоў. Калі рабіўся той нумар, Макаёнак практычна ўжо не быў галоўным рэдактарам, а Кудравец яшчэ не быў, і гаспадарыў у рэдакцыі намеснік, Папоў. З майго машынапісу ён сам выбраў запісы для публікацыі, сам пераклаў іх, а потым на паседжанні прэзідыума, выслухаўшы ўсе нападкі, спакойна і годна сказаў, што шкадаваць і каяцца не будзе, няма ў чым.
І за гэта яго неўзабаве паслалі на пенсію, балазе і час падышоў.
Не лішнім будзе сказаць, як дастойны намеснік Кірэенкі ў «Полымі» Генадзь Кляўко абгрунтаваў сваё выступленне: «Ну вось бачыце, да чаго даходзіць! А некаторыя ўсё кажуць, што не трэба так пільна рэдагаваць!..» А рэдагавалі тады ў «Полымі» куды пільней за саміх цэнзараў. З рукапісам «Ніжніх Байдукоў» я абмінуў аддзел прозы, паспадзяваўшыся на даўняе знаёмства з галоўным рэдактарам. Пагадзіліся на пэўных кампрамісах. Прачытаўшы потым першую карэктуру, я паехаў у Польшчу, а вярнуўшыся праз два тыдні, па звычаі перачытаў аповесць у свежанькім нумары часопіса, горка жахаючыся ледзь не на кожнай старонцы. Аказалася, што ўжо ў другой, падпісной, карэктуры таварыш Кляўко, самахоць ці па мудрай дамоўленасці, галоўнае — без аўтара, свабодна, спакойна, добра-такі на капыціў на свежых градах...
Пачаў я з таго, што той прэзідыум быў наладжаны па загадзе зверху.
Найбольшая крамола ў публікацыі была ў тым, што я там зачапіў пры ўсіх дварах прыдворнага Чакоўскага. Але адкрыта пра гэта не гаварылася. Яго намеснік па «Литературной газете» Сыракомскі і цяперашні перабудаваны рэдактар «Советской культуры» Бяляеў, у той час вельмі спраўны намеснік загадчыка аддзела культуры ЦК КПСС маўчуна Шауры, ці не штодня званілі ў мінскі ЦК,— пыталіся, як пакараны Брыль за яго... «выпады супраць дружбы савецкіх літаратур»... Энергічная масквічка К. Шавялёва, якая вельмі ахвотна падкрэслівала ў нас сваё, яшчэ камсамольскае, сябраванне з Машэравым, расказала мне тады, спецыяльна заехаўшы дахаты, што Пётр Міронавіч, як быццам па яе прапанове прачытаўшы маю публікацыю, сказаў нават, што «это по-белорусски честно». А нядаўна, калі святкавалася 70-годдзе Машэрава, Алесь Петрашкевіч, у семдзесят восьмым годзе загадчык аддзела культуры ЦК КПБ, у групавым выступленні па радыё, гаворачы пра гуманнасць ды прагрэсіўнасць Пятра Міронавіча, закрануў і яго адносіны да той публікацыі ў «Немане». Ён добра ведаў, што за тымі, што так настойліва званілі яму з Масквы, стаяць не толькі Чакоўскі і Шаура, і таму пакаранне мяне ўзяў на сябе, загадаўшы звесці яго толькі да абмеркавання. К. Шавялёва, помніцца, гаварыла, што ён, на жаль, публікацыю прачытаў толькі ўвечары таго абмеркавальнага дня, а каб такое здарылася раней, дык і прэзідыума не было б. Не ведаю. Хоць і прыемна думаецца пра гэта...