«Мы так жалелі яго, так жалелі. Лапцейкі новыя сплялі і ў лапцейках пахавалі на кладбішчах, дзе ўсіх камунараў хавалі».
Так расказваў Пархуце дзед Арцёменка, удзельнік грамадзянскай, фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў, колішні камунар.
Лапцейкі зноў жа захацелася падкрэсліць, з думкай пра чалавечны падтэкст.
* * *
«...Полными страха глазами встречал шагающую к нему смерть зайчик — этот смиренный христианин лесов и полей».
Як хораша гэта ў Пятраса Цвіркі ў яго рамане «Франк Крук», у раздзеле «Охота», і як я часта ўспамінаю гэта — пры кожнай сустрэчы з гэтым хрысціянінам на прылясной дарозе. Здалёк яшчэ спрытна ўцякае, то ў збожжа, то ў лес. Часцей за ўсё ўранні.
* * *
Выпадкова пачуў па радыё, як Паўстоўскі неяк сказаў, што чытаць трэба кожны дзень,— хоць трохі, але абавязкова.
Ну, а што рабіць, калі няма чаго чытаць?Тут, на дачы, у прылясной глухамані. Прыйшлося звярнуцца да вопыту падобных дзён амаль у кожным годзе. Яшчэ раз пераглядзеў літаратурную прэсу за апошні час, вылоўліваючы прапушчанае, а тады ўзяўся за «Науку и жизнь», якое тут нямала.
Некалькі добрых артыкулаў — пра эстонскія замкі, гербы і сцягі, пра рускія калодзежы, пра паходжанне «Татьяниного дня»... Але да запісвання пацягнула вельмі простае ды змястоўнае — «О пользе овса». Здалося нават тэмай апавядання, ды спакваля апусціўся, а можа, і падняўся да запісу.
Пакуль ішлі, стракацелі лічбы, працэнты, колькі ў аўсе крухмалу, тлушчу, бялкоў, амінакіслотаў, эфірнага масла і вітамінаў, мне раптам, з далёкай даўніны, спакойна, родна пачулася смакавітае жаванне ды папырхвайце нашай рэзвай Каштанкі. Сечку мы рэзалі з неабмалочаных снапоў аўса, а яшчэ і вобмешку рабілі аўсяным вотруб'ем і вадой. Смачна гэта было нават збоку глядзець, як яна, наша руплівіца і ў ядзе, рассоўвала храпай тую тлустую мешанку і, дабраўшыся да белаватай, густаватай жыжкі, ласа смактала яе, прычмокваючы губамі... Пакуль тыя лічбы, працэнты, парады, кулінарныя ды медыцынскія, ішлі няспыннай, як заслужана шчаслівае жаванне, стракатлівай плынню на першай, другой, трэцяй часопіснай старонцы... Сярод парадаў лекавых увагу спыніла найбліжэйшае мне,— у аўсе, аказваецца, ёсць і сродак супраць утварэння ў венах тромбаў, а ў кухонных парадах — і наш колішні вясковы часты ды жаданы госць — аўсяны кісель, смачна чытаючы пра які — ледзь не крыўдна было, чаму ён называецца «исконно русским деревенским блюдом»,— хіба ж толькі рускім? Зрэшты, дробязь.
Дробязь таму, што пад бясконцае, мернае, апетытнае Каштанчына жаванне ярка ўспомнілася яшчэ і тое, як добра, лёгка было касіць авёс, значна лягчэй у параўнанні з касьбой жыта і пшаніцы, на бядовы дадатак яшчэ часамі і палеглых, пакручаных навальніцай. Нібы свята ў цябе аўсянае — такая работа на заканчэнне жніва. Паўвека ўжо не кашу, а памятаю, адчуваю зноў, як гэта было, і заўсёды люба глядзіцца цяпер на поле аўса, што з сіва-зялёнага стаў залатым і так шчодра зярніцца гронкамі...
Звіні, каса, пад мянташкай, мякчэй хрумсці ў гусценькім, стромкім золаце! Жуй, фыркай, смакчы, вясёлая кабыліца!.. Бо гэта ж як на суровых сінайскіх скрыжалях навекі высечана ў неабвержнай, усмешлівай чэхаўскай прастаце: «Лошади любят овес».
* * *
Даўняе, матчына: «Адзін застаўся, як тросць на пожары».
Успомніў, чытаючы ў Фёдара Янкоўскага: «Не адно, а два словы: пажар — гарыць будынак, вёска; пожар — гарыць лес, балота».
* * *
Чачотава, зямляцкае:
На Карэліччыне нашай з ім яшчэ і так (пакуль што?) гаворыцца: «А оньдзека!»
* * *
Хваляць вянок санетаў крыху моднай паэтэсы.
Бог мой, часамі так доўга шукаеш, не можаш знайсці патрэбнае слова, а тут жа яшчэ і выкручвацца трэба чортведама як і навошта!..
Пяцігадовы хлопчык разам з бацькамі глядзеў па тэлевізары эстраднае, песні і танцы. Спаць хіліць, нагуляўся за дзень, ды аднаму не хочацца ісці ў пасцель. І ён пытаецца:
— Мама, і там, у Маскве, цяпер ноч?
— Ноч, сынок.
— Як і ў нас?
— Як і ў нас. А што?
— То чаго ж тыя дзядзі ды цёці не спяць, а душу сабе ламаюць?
Я спаць не заклікаю, але ж і душу дарэмна выкручваць, ламаць версіфікацыяй дарма не варта.
* * *
«Усёй душою, усім сэрцам!..»
Так часта чуецца такое, і не разабрацца, што паміж імі — душою і сэрцам — за розніца.
* * *
На жупранскіх могілках. Каталіцкае, польскае «Покуй его душы». Замест праваслаўнага, рускага «Мир праху его».