Выбрать главу

* * *

У апавяданні Талстога «Пасля балю» палкоўнік Карэйша — паляк. Не толькі іх ганялі цераз строй.

Не спатыкаў, што пра гэта пішуць палякі.

...Гасцюючы ў Варшаве, у сяброў, сказаў у гутарцы пра злыбеды часу, што і мне часамі хочацца, каб адпачыць, перабрацца на нейкую суседнюю планету. Толькі ж каб не здраджваць найраднейшаму. А посуд мыць у Амерыку, як там ні добра плоцяць за гэта, чым яны хваляцца, я не паеду.

* * *

Вясковы рыбак:

— Навалач якая толу ўкіне ў раку, аўса наробіць!.. Ну, як аўсяная мякіна, так драбяза ўсплыве...

На малькоў ды малёчкаў у нашым Загоры казалі аўсючкі.

* * *

На рыбу кажуць, што яна не здохла, а заснула. Каб не псаваць апетыту?

А пра карову-карміцельку, што яна мінулася. З удзячнай павагі?

* * *

З народнай песні пра балота — прастата, дакладнасць, вобразнасць:

Дзе людзі не ходзяць, дзе птушкі не бродзяць...

* * *

Старая мінчанка, родам з-пад Пухавіч, калі яе ў гутарцы хто-небудзь пераб'е:

— Перабіў сабаку хвост — цяпер брашы сам!

* * *

У Мэндэле Мойхер-Сфорыма (аповесць «Маленькі чалавечак») такі вось класавы, сацыяльны, проста мудры народны падтэкст:

«Усё на свеце смачна з хлебам».

* * *

У газетах цяпер такія вострыя матэрыялы, столькі крутых сюжэтаў, драм, трагедый, што і белетрыстыкі не трэба,— цікавей, вастрэй не зробіш. Можна толькі глыбей. Хто зможа.

* * *

Акадэмік Радзім Гарэцкі, выступаючы на першым з'ездзе беларусаў свету, расказаў як ён, сын і пляменнік славутых Гаўрылы і Максіма, вучонага і пісьменніка, пасля нялёгкіх гадоў бадзяння па ўсім СССР, у пачатку сямідзесятых, маючы сорак тры гады, апынуўся ў Беларусі. З братам яны між сабой гаварылі на роднай мове, а ў іх пыталіся: «Вы, мусіць, пісьменнікі?»

Маладым нашым, асабліва гадоў пяць таму назад, у сваім тутэйшаўска-талакоўскім самазахапленні і агульным раскрытыкоўванні старэйшых літаратараў можна было б і дадумацца, на кім трымалася наша мова ў дні ліхалецця...

* * *

У зборніку «Шляхам гадоў» — добрая публікацыя Людмілы Мазанік пра Язэпа Пушчу, з пісьмамі да яго,— адно ад рэабілітаванага Дубоўкі, а то ўсё Бабарэкавы.— Калі абодва яны былі ў ссылцы.

Дзве Адамавы дачушкі сумавалі па дзвюх дачушках Язэпавых, што паўтаралася ў пісьмах крытыка да паэта. І гэта сказала мне штосьці новае: пакуты ссылкі і праз успрыняце іх дзецьмі. Як ажыўляе, ацяпляе тыя пісьмы Бабарэкі адно толькі слова — бацік! Так да яго звярталіся дочкі, «у краіне голаду і холаду» быўшы ў разлуцы з бацькам. Праца, служба бацькоў, бухгалтара і настаўніцы, раздзяляла сям'ю, жыць у адным горадзе не маглі, дзеці заставаліся пры маме, а «бацік» піша сябру:

«Знудзіліся былі без мяне. А яны вельмі ж ужо ўбіваюцца па мне».

Ажно падкрэслілася — так добра гэта ў яго па-беларуску!..

Мы скардзімся на свае цяжкасці патрыётаў, а іхняе, тое, што перажывалі нашы пакутнікі, бачыцца нам здалёк, гістарычна. А гэта ж у іх рэчаіснасць была, штодзёншчына з усёй паслядоўнасцю пранікнення дзяржаўнага здзеку ў побыт сям'і, у душы паасобных людзей, дарослых і малечы. А што чакала іх усіх — пра гэта думалася і днём, і ноччу, з трывогай і страхам за сябе, за сваіх, за Беларусь. Сюды і ссылка, сюды і турма, і лагер, і «вышкі» — жахлівы канец тых, з кім распраўляліся ў трыццатых і пазней... А тое, што яны думалі, адчувалі ў перадсмяротнай самотнасці?..

* * *

Максім Гарэцкі — зноў.

І ў нядаўнія юбілейныя дні думаў пра гэта, і сёння над яго старонкамі яно паўтарылася. У жаху здзейсненага ў невядомай мне Вязьме намагаўся жыва ўявіць тую нікчэмна-страшную істоту, стрэлам якое не проста ў галаву, а ў такую душу было забрана ў народа такое жыццё!..

...Адразу, каб не забыцца:

Танк — пра «Скарбы жыцця», якія ён таксама прачытаў у «Полымі». Яны яму нагадалі «Ангэллі» Славацкага. І я адразу ўспомніў з тэксту Максіма Іванавіч тое, што адзначыў на полі, чытаючы:

«Выехалі — сінь, гладзь, да Кіпарысаў... Санеты. Свяціла. «Смутно мі, Божэ!»

Пасля гутаркі па тэлефоне ўзяў першы том пана Юліюша і зноў перачытаў даўно знаёмае — магутны, велічны «Гімн» дваццацісямігадовага генія з тым рэфрэнам «Srnutnomi, Boże!» пасля кожнай з васьмі несмяртных строф.

У паляка пад вершам паметка: «Пісаў на захадзе сонца на моры перад Александрыяй». Мора — Міжземнае. А ў беларуса — Чорнае, перад «Кіпарысамі» — Ялтай. А мне яшчэ і рускі прыгадаўся, з-над мора трэцяга — «Воспоминание» Пушкіна...