«Самы цяжкі перыяд быў пасля далучэння Заходняй Беларусі: трэба было перабудоўвацца, засвоіць новую тэму. Даганяць сваіх калег, якія жылі даўно ў Савецкай Беларусі, было няпроста».
Гэта — яму, камуністу з сумленных, перакананні якога аплочаны пакутамі. А як было мне? Мой самы цяжкі перыяд пачаўся ў ваенным друку, спачатку ў партызанах, потым у Мінску, калі трэба было выціскаць з самога сябе, як з пустога цюбіка, патрэбнае «для барацьбы, для перамогі».., З «пустым цюбікам» — недакладна. Душа была не пустая, а балюча, туманна збянтэжаная пераходам ад той свабоды («Бог, карова і я!..»), з якою я пісаў да службы ў войску, а потым у небяспечнай акупацыйнай затоенасці. Сумна помняцца мінскія дні, вечары зімы сорак чацвёртага — сорак пятага гадоў, калі было цяжка (словамі Максіма) «перабудоўвацца», «засвойваць», «даганяць»... Былі пасля і ўдары, якімі заганялі ў баразну, быў і авёс, калі мне выратавальна ўспаміналася Пушкінава: «Не дай мне Бог сойти с ума!..», былі і тыя «запасы нравственной прочности», што давалі магчымасць трымацца, хоць і са стратамі, пісаць і для душы, і не толькі ў блакноце, «у стол», але і ў тых рэчах, якія можна перавыдаваць. Вяртанне да сябе самога, да свайго галоўнага ішло няхутка і няпроста, яшчэ ўсё з адхіленнямі ды стратамі...
Зрэшты, пра ўсё такое я ўжо неаднойчы пісаў, перш за ўсё — для самога сябе, а з такім запісваннем, як быццам са штодзённай малітвай, паўторы лішнімі не бываюць. Каб трымацца як мага найчысцей.
* * *
Вельмі рана прачнуўшыся, яшчэ не ўстаючы, чытаў Купалу, з учора купленай «Спадчыны», рэпрынтнае перавыданне з першага выдання. Устаючы, каб распачаць новы дзень, адклаў кнігу з душэўнай удзячнасцю, уголас сказаўшы: «Вось гэта — Купала!» Якога — вольнага ды шчырага — трэба яшчэ ўсё пазнаваць.
* * *
Выпадкова пачуў па радыё з Варшавы, у добрым мужчынскім чытанні, фрагмент з «Каровінай»,— як Анна пры смерці ад родаў мірыць Вронскага са сваім мужам... Агульналюдское па-новаму, яшчэ раз. Моц і вечнасць сапраўднага слова.
* * *
«Калі ты крычаў з палітычнай званіцы, я — значна ніжэй — ціха араў сваё поле».
* * *
Люблю, купляю кнігі афарызмаў. І заўсёды, ва ўсіх іх не абыдзешся без нявывеянай мякіны. То класікі марксізму да Хрушчова, Брэжнева і «иже с ними» ўключна, то вось і іншае. «Ларец острословов». І знаёмае тут, ад Амара Хаяма (якога зашмат) да Ежы Леца, з Жулем Рэнарам, Ліхтэнбергам і некаторымі іншымі ў сярэдзіне, тут і менш знаёмае, а то і зусім новае, як Аскар Уайльд або Альфонс Дадэ,— усё змястоўнае і значнае, і цікавае, што наводзіць на добрыя думкі, стварае высокі душэўны настрой. А побач з такім і дробна злосны Маякоўскі, і прыблізны Сяргей Васільеў, і Эміль Кроткі, які ў сваёй «мелкотравчатой велеречивости» дагаварыўся да самаакрэслення: «Поверхностный острослов, мастер неглубокого каламбурения».
Калі палітыкаў нельга было не прыцягваць за вушы ў такія «ларцы», дык тут ужо ці не па блату, знаёмству або па непераборлівасці нашаткавана рознай драбнаты, без больш сур'ёзнага адбору і ў Ардава, і ў Ільфа, нават у Чукоўскага і Святлова.
Дарэчы, пра абавязковую прысутнасць палітыкаў. Заглянуўшы нядаўна ў том прыказак Янкоўскага, прыкравата стала, што і мудрага, сумленнага Фёдара Міхайлавіча не абмінаў такі абавязак: раздзелы «Камуністычная партыя, вялікі Ленін» і таму падобнае, як неабходны запеў. Рыхтаваліся прыказкі да выдання, і ў меншым, і ў большым аб'ёме, у другой палавіне пяцідзесятых — пачатку шасцідзесятых гадоў. Дзякуй Богу, тады ўжо можна было абысціся хоць без яшчэ аднаго «вялікага»...
* * *
Няхай сабе з «няпоўнай сярэдняй» асветай ды з пажыццёвым самавуцтвам ты заглянуў у неабдымную веліч сусветнай культуры,— гэтага ўжо нямала, каб зразумець, адкуль да сцішнаты славутае: «Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю».
* * *
Недзе нешта гаворыш, з нейкай важнай нагоды, а пасля натуральна пра гэта забудзешся. Тады выпадкова сустрэнешся з тым радыёзапісам і, чаго ж там,— прыемна.
Так учора, выпадкова ўключыўшы позна ўвечары прыёмнік, пачуў свой голас і паслухаў выступленне пра Шырму, відаць, з восемдзесят другога года. Праз дзесяць зноў юбілейных гадоў сам сабе расказаў, што я думаю пра гэтага слаўнага чалавека.
* * *
Прадаваць свае мазгі за мяжу не зможа той, у каго яны непарыўна змантаваны з сумленнем сына свайго народа.
Ёсць філасофія пацукоў, што бягуць з карабля, і філасофія капітанаў, якія пакідаюць яго апошнімі, а то і зусім не пакідаюць.