Выбрать главу

— Дзесяць злотых даю! Моладзь з натоўпу:

— Мала!

— Мала?! — злуецца цешча.— Дык абліжы мяла! Ды тут раптам крык:

— Паліцыя!

Усе — хто куды. І я разам з усімі.

* * *

Ашнары. Пад Ашнарамі. Была такая вёска на кругліны поля каля гасцінца, паміж нашым Загорам і Трашчычамі; так гаварылі пра тое поле, хоць вёску мала хто і са старэйшых памятаў. Тыя ашнароўцы перасяліліся, казала легенда, у нейкую Яблонаўшчыну на Случчыне.

Назвы, якія адміраюць. Далей за Ашнарамі была Кладаўшчыка, нізкі ўрадлівы луг, а яшчэ далей, да самай ракі Вушы, Пісарыўшчына, што належала князю Мірскаму. На той сенакос у дваццатых гадах хадзілі ў заработкі, капаць тарфу. Выплочваць людзям прыязджалі з Міра і ў нашу вёску. Памятаю, як Парашчын Іван, трохі нягеглы, а больш дасціпны дзяцюк, сварыўся з нейкім Князевым ужэнднікам, што хацеў яго ашукаць:

— Гэта вам, пане, заўстыдам!.. Што ні па-нашаму, ні па-польску. Таму і помніцца. Мы ў заработкі тыя не хадзілі, бо малыя з Мішам былі, а Мікалаю, шаснаццаць-семнаццаць гадоў, работы хапала і дома, аж лішне.

* * *

Баба Палуся і не падумала, відаць, ані разочку за свой век, што імя яе — ажно ад Апалоніі?

* * *

Наша набожная маці з усмешкай скардзілася на такую несправядлівасць:

— Бабы нават і ў пацерах няма!..

* * *

Старая калужская Ханьчыха на пахаванні сваёй хрэсніцы, нашай пляменніцы Волечкі, счапілася з маладым папом, які загуляўся на фэсце і доўга не прыязджаў. А ён яшчэ і смяецца:

— Вот бабушка, хоть замуж выдавай!

— А я і пайшла б. Толькі ўжо каб за папа.

— А что же так?

— Бо агоркла за век працаваць, гараваць... Чакаць вось, як цябе...

* * *

Прэсвітэр пяцідзесятнікаў Панько, чалавек з суседняй вёскі Церабостынь, ездзіў вучыцца «на таго папа» ў Амерыку. Відаць, адтуль ён і прывёз абавязковае: — Братья и сестры, встанем на наши ноги!..

Малому мне смешна, хацелася падказаць, каб пасля той малітвы — такую каманду:

«Братья и сестры, сядем на наши...»

* * *

Увечары над ракой, вяртаючыся з касавіцы. Адзін дзядзька крычыць другому з вады:

— Лезь, Паўлюк, трохі памыемся!

А той з моста толькі рукою стомленай махнуў:

— А што бабы будуць рабіць? Намёк на апошняе мыццё.

* * *

У прынёманскай вёсцы пра плытнікаў кажуць: — Нашы мужчыны ніколі зямлі не трымаліся. Ад лёду да лёду апраўляліся ў воду.

Толькі не так ужо далікатна казалі.

* * *

Кашулі ў нашай вёсцы шылі мужчынам з палатна кужэльнага, а споднікі давалі зрэбныя. «Дзе ім, жарабцам, кужалю таго набрацца!..» А «жарабцы»-суседзі бяскрыўдна смяяліся.

* * *

Гліняная міса з рубцом, поўная фасолевага супу з бульбай. Сюды яшчэ і хлеба добрую лусту. Прысядзеш, і згадаецца зноў жа Пушкін:

«Да щей горшок, да сам большой!..»

* * *

Суседскія сталы сыходзіліся ў адну хату не надта часта. Адзін-два разы на хрысціны ці проста, як у нас гаварылася, на радзіны, два-тры на хаўтуры або памінкі, а найбольш на вяселлі. З некалькіх хат, калі менш, калі багацей.

* * *

Што-небудзь трохі не так, дык яно і помніцца. І як жа доўга! Больш за паўвека прайшло ад вяселля суседскай дзяўчыны, а вось жа помню, што сукня, фата былі ў яе, як і належыцца, беленькія, а панчохі чорныя... Зрэшты, «чамусьці» рассакрэчваецца вельмі проста — Анюта была сірата пры братавай сям'і дый таўкачаватая крыху, белых панчох не дастала.

* * *

На бедных вяселлях, каб лепш паказацца, да каня ў аглоблях прыпрагалі другога каня. Ні два, ні паўтара з той пары. А калі ў радні хто-небудзь жыў пры цару ў горадзе, дык праз адну-дзве чаркі на ўсю бяседу спявалі: «Налей, налей бакалы!..» І запрашалася так: «Госцейкі, налівайце бакалы!»

І не смешна.

* * *

У местачковага краўца Вэльвула худы і бледны вучань, яшчэ падлетак. І кліенты, і сам гаспадар, і старэйшы чаляднік сяды-тады пацяшаюцца:

— Ну ж і благі ты, Ёсель! Згуляўся, за дзеўкамі забегаўся? Ці чаму?

І ён аднойчы адказаў, па-свойму ціха, з нясмелай усмешкай:

— Няма малака.

І ў гэтым адказе многа чагосьці, што вось і помніцца мне са школьнага маленства.

* * *

Едучы зімою з Налібоцкай пушчы з дровамі, мужчыны спыняюцца ў ярэміцкай карчме, што наводшыбе над Нёманам. П'юць чай і пацяшаюцца з карчмаркі, муж якое паехаў у Дзераўную: