Выбрать главу

* * *

Стары, што ў хаце сваёй дажывае халасцяком, ужо і павуціння не хоча здымаць. І філасофія адпаведная ёсць:

— Яно ловіць мухі.

* * *

Вярнуўшыся з камандзіроўкі, М. расказваў, што там, дзе ён быў, у «палескай глушы» (па Коласу) мужчыны ў адной вёсцы забаўляліся,— злавілі сучку, прывязалі да хваста кудзелю, намочаную ў газе, ткнулі запалку і пусцілі. Падпаліла яна, бедная, адно гумно, падпаліла другое — выкаціла агнём усю вёску. Цяпер на тамашніх мужчын у людзях весела крычаць:

— Эй, ты! Пераймай сучку!..

* * *

Супрацоўнік райвыканкома, для душы самадзейны мастак, у Маскве, на ўсесаюзнай выстаўцы з групай калгаснікаў. У Трацякоўцы ім было сумна, а яму — не адарвацца. Затое ў заапарку іх было не адарваць ад бегемота. Як ён купаецца. Ісці ўжо трэба, а яны:

— Пачакай, пачакай, няхай яшчэ раз вынырне!..

Той выплыве, дзьмухне і зноў пад ваду. Мужчыны на мастака:

— Васільевіч, пачакай!..

Ах, дарагія землякі!..

* * *

Вясёлы, зладзеяваты дзядзька ўгаворвае ў лесе не менш «жыццёвага» лесніка пераставіць у нарадзе меншую лічбу на большую: замест 2,58 кубаметра зрабіць 5,28, Не тымі самымі лічбамі, а вусна пераставіць. Ляснік спачатку казырыцца:

— Ну як жа я так магу?

— Ат, браце, святы ў нас і то пераносяцца. Трэба адно захацець. А ты, Ромусь, не бойся нас, тут усе людзі свае.

Дагаварыліся. І дагавор той замацоўвалі разы са тры, пакуль драўніна была, нарэшце, на грузавіку.

* * *

Аднапалчанін з Глыбоччыны, начуючы ў мяне, расказвае пра новае жыццё, І так, з такою развагай:

— Ці ты адзін працадзень у гаршчок паложыш, ці пяць, ці дзесяці» — навар аднолькавы!..

* * *

Калгасны шафёр паказвае гасцям свой уласны вясковы гараж. Якую-небудзь заўвагу, вядома, сяму-таму хочацца сказаць, і вось адзін кажа:

— А навошта ж яма такая глыбокая?

— Дык гэта ж табе, пане браце,— смяецца гаспадар,— не пры панскай Польшчы — усюды гнуцца!..

* * *

Дачка пра лішне суровую маці:

— У яе і вочы колеру хакі. Усё па-ваеннаму.

* * *

— Гэта ў вас ужо склероз!

— А. колькі ж вам да яго засталося? Пяць, сем, ну дзесяць гадоў. Старайцеся паразумнець!

* * *

— Зойдзе ў аўтобус або ў тралейбус і задам месца сабе шукае. Сядзе — і стой ты побач, ці стары, ці старая,— аніколі не ўстане. Во моладзь! Глас вопиющего.

* * *

— І калі гэта ўжо на пагодзе стане? — у адчаі пытаецца дзядзька. За скрыўлены казырок схапіў з галавы старую, каторы дзень сыра-цяжкую кепку і пляснуў ёю муху на стале: — Яшчэ і ты, гадаўка!..

Праз дзень ён сустрэў мяне на вуліцы ў лепшым настроі. Хоць і яшчэ ўсё непагадзь. Расказаў, што ўчора вазіў на матацыкле бензапілу да лесніка, які іх вельмі хвацка вострыць.

— Прыехаў я, выпілі трохі. Тады ён навастрыў — зноў выпілі. Слаўны хлапчына, Бронісь. Пахадзілі трохі каля хаты — зноў выпілі трохі... Дзень вялікі! — смяецца задаволена.

* * *

Размах вясковай выпіўкі:

— За вечар уходалі парсючка, а пад раніцу яшчэ і пеўня засеклі! Зарана, дурань, закукарэкаў!..

* * *

Дабрадушная маладзіца, з разуменнем да тых, каму піць шкодна:

— Я і сама нездарова. Вып'ю шклянку і тады, можа, з гадзіну цэлую сяджу чыр-во-на-я!..

* * *

Матор з сельгастэхнікі вярнулі ў калгас не адрамантаваны, толькі пафарбавалі, але з запіскай: «Извините, товарищи, жмут план».

Малады загадчык гаража, які расказвае мне гэта, дадае, як для пацехі:

— Яшчэ хоць хлопцы ветлівыя.

* * *

Каля нашага, яшчэ ўсё не закончанага, дома — на тратуары два маладыя рабочыя. Ад іх да мяне, калі я вяртаўся з горада, бяжыць нейкі сабачы бомж. Панюхаў маю поўную папку. Хлопцы смяюцца:

— Нешта смачнае несяце!

— Ды кніжкі,— адказваю.

— О, відаць, ёсць кніжка і пра сабаку!

* * *

«Запрасіў ты мяне ў грыбы — то і дзякуй табе. Мне сказаў, каб налева ішоў, а сам пайшоў направа. Сам да машыны вярнуўся з поўненькім кошыкам, а ў мяне і палавіны твайго няма. Ну добра, ты лепшы грыбнік, лепш ведаеш гэты лес. Але чаго ж ты вось усю дарогу разумненька ўсміхаешся за рулём? Ды будзь яны залатыя, каб я з табой больш...»

Думкі — нібы зноў побач са знаёмым, у яго машыне.

* * *

Што яму ні скажы, хоць тое нават, што вось і сонца заходзіць,— ён, як заўсёды, па-свойму важна: — Можа быць.

* * *

Начальнік станцыі нарачанскай вузкакалейкі, босы і ў форменнай шапцы рыбак і аматар да чаркі, вымушаны прадаць сваіх трох коз. Абы прыйшоў цягнічок — яны ўжо тут, нібы прыйшлі кагосьці сустракаць.