Выбрать главу

Вячорная лiрыка

Рыгор Крушына

* * *
Іду ў твой сьвет — у цьвет вясны, Іду сьпяваць, маліцца. Хай казка роднай стараны Жыве ў тваёй сьвятліцы.
Хай паўстае стары абраз Далёкай ціхай вёскі, Дзе я адчуў, пазнаў ня раз I сум, і шчасьця ўсплёскі.
Быў на кані і пад канём, I лёс таптаў капытам. А я і сёньня зь ясным днём Стаю перад выпытам.
Сябе ў архіў яшчэ ня здаў, I часта мрою нашча. Ты — птушка зьбітая зь гнязда, Цябе я з жалем лашчу.
I мне здаецца, мы з табой Праз ноч на конях скачам. У наш зацемнены пакой Прыходзіць радасьць з плачам.
* * *
Мой сад увечары маркотны, задуменны, I кветкі кволыя, пачуўшы ночы страх, Льлюць водыр воцату і мёду — брагі пеннай; Перад заходам сонца гэты войстры пах.
А скрозь зьмяняюцца і хварбы і адценьні, Пажоўклы ліст хаваецца ў гальлі. Калі праменьні дня ў апошнім зіхаценьні — Хмялёвай злосьцяй мацыёлы зацьвілі.
Як проста казачна ў кашлатай зеляніне, Расьце там шэпат чараваны, звышлюдзкі. I ўсьцяж спалохана ў паветры змрочна-сінім Цыгаркі, запаліўшы, гасяць сьветлякі.
Ты з пожні спозьнена зьбіраешся дахаты, Галодная, з душой засмаглай, а жывой. Не абмінай! Заходзь у сад мой небагаты,— Знайдзі спакой у ім I вызнай, што я твой.
* * *
Бачу цябе я ў сваім падарожжы, Зноў засьпяваю пад новым уражаньнем. Мілая ў соснах, ялінах прыгожых, Нават на ўзьлеску пасечаным, спляжаным.
Ты й на руінах, дзе шмат перажыта, Макам цьвіцеш каля сьценаў аблупленых. Выбегла хвалямі сьпелага жыта, Вохным чаборам на сонечных купінах.
Бачу цябе я ў спакойных азёрах, Бачу і там, дзе густая алешына, Дзесьці ля дому ў садку і ў вузорах Шматаў хусьця, што на плоце разьвешана.
Ты ў маіх вершах, як сонца у люстры,— Не адыйшлася апошняю згубаю. Еду на захад. I вечар — насустрач. I пад імглой усьміхаецца любая.
Хуткі цягнік рэжа суцем з разгону. Зоры на чорныя шыбы нізрынуты. Чуецца ў грукаце колаў вагону Гутарка роднай, сынамі пакiнутай.
* * *
Агні... Вячорныя агні. Пра іх паэты нам сьпявалі. I я хачу ў далячыні Пабачыць сьвету фэстывалі,
Дзе сьвецяць зоркі, як агні, I гарадоў агні, як зоркі. Ад шуму, дзённай сумятні Ў маёй душы ёсьць прысмак горкі.
Агні... Вячорныя агні Гавораць ясным зіхаценьнем, Што адыходзяць нашы дні Апошнім болем і цярпеньнем.
* * *
На сьцяне сацьмела фота, Мілы твар ахутаў змрок. Толькі ўсьмешка, як самота, Засталася назнарок.
Таямніча выглядае Тая ўсьмешка з вуснаў, воч... Не сказала маладая, А ў сабе схавала ноч.
Можа дробныя пачуцьцi Той час дужымі былі, Ды цьвілі ў людзкой пакуце Ўсімі краскамі зямлі...
Гэта-ж сёньня выступае З даўніны паўдзённы шлях, Па якім прайшла сьляпая Наша радасьць без разваг,
Наша дзікая ахвота Лашчыць сонца на траве... На сьцяне сацьмела фота, А усьмешка ў ім жыве.
* * *
Напэўна і забылі... Ня плач, душа зьнібелая. Мы на дарозе ў пыле — I я, і астра белая.
Так, згубленая глеба, Глухая песьня ў скрыгаце. Мне трэба скібка хлеба, А кветцы кропля вільгаці.
Але ці хлеба толькі? Ісьці з пустою кайстраю? А жаль, пакуты, болькі, А смутак мой над астраю!
А тыя хваляваньнi, А маладосьць прачулая! Шуканьні і спатканьні, I крыўднае мінулае...
А мроі, а разьлікі! Дзіўлюся і малюся я... O, Божа! Сьвет вялікі, А я на ім малюсенькі.
* * *
Сьпяваюць родныя палі, Танцуе радасьць на кіліме. I зазіхцелі, паплылі Праменьні колерамі ўсімі.
I мне цяпер усё адно — Ці ў дождж, ці ў буру, ці ў завею. Я маю добрае віно: Цябе і верш. I я хмялею.
Радкі, як рукі падаю, I маладосьць тваю вітаю. Ізноў на лірыку маю Лёг шэпат згубленага раю.
Перада мною ты стаіш, Як Ева зь яблыкам спакусным. I слова рве начную ціш, I ўжо няма спакою вуснам.
Я маю добрае віно: Цябе і верш. I я хмялею... У снох нясу на палатно Жывую белую лілею.
* * *
Мне пра жахі проці ночы не кажы... Кажаны пад дахам змрочным. Капяжы У душы людзкой, адзвоньваючы, кпяць: Ці жыцьця экзамін вытрымаў на «пяць»? Ці на сьпеласьць думак маеш атэстат? Ці расьцьвіў у сэрцы лятуценьняў сад?
Навальніца, злая сьцюжа і вятры. Зноў завяла з маем ружа да пары. Голым смуткам пазірае куст-жабрак: Просіць радаснага сонца і дабра. I напэўна — дачакаецца вясны. А ці ўбачу я прытулак мой лясны? Там таксама меў я свой ружовы цьвет — Маладосьць, і сьпеў, і нераскрыты сьвет...
Вечар восеньскі трывожна вяжа сны, I нясуць на крылах вусьціш кажаны. Мне пра жахі проці ночы не кажы. Я іх бачыў, перажыў... Як міражы, Адплылі яны. Адно мне сьніцца край, Дзе з табой я рваў зялёны май.
* * *
Маладосьць пачну гукаць. Дзе-ж магла згубіцца? Будзе ў памяці сьпяваць З даўных дзён драбніца:
Я ў матулі на руках... Поле каля гаю. Сіні брылік васілька Ў каласох зрываю.
Захапленьня першы ўскрык... Тэй парой ня ведаў, Што пачатак песьні ўзьнік, Добры голас дзедаў.