Выбрать главу
Ды апаўночы Заплюшчу вочы. А на сьвітаньні Паэма ўстане.
Я ўцешны, рады: Ізноў цыкады... I ўжо ня казка, А песьня-ласка!
I матылёчак Пырхне над кветкай. У мой пакойчык Зірне суседка.
Свой спрыт пакажа: — Прыбегла з пляжа. А вы ў пасьцелі! Што? Лятуцелі?
Яна ў бікіні, А я ў піжаме. Мне жартам кіне: — Мяжа між намі.
Я маю дваццаць, Вы — двойчы з гакам... Пачне сьмяяцца Пытальным знакам.
I побач ляжа, Нібы на пляжы. Абдымкам зьвяжа I гэтак скажа:
— Ах, мама-тата! Усё куртата: Ў маім убраньні, Жыцьці, каханьні.
А вы на сьвеце Пазналі дзівы. Мяне вазьмеце Ў той сьвет праўдзівы.
I сьмех рассыпле... Такой дзяўчыне Паэт адчыне Свой талент сьціплы.
Яна, як бэбі; Дзьве зоркі ў небе, Зара палае, I мора грае.
Я тое раньне Схаплю рукамі. Вузейшай стане Мяжа між намі.
Мы возьмем мячык На пляж. Над морам Гадоў дзіцячых Гульню паўторым.
I скажуць людзі: Блазноцтва гэта. А з намі будзе Пачатак лета.
ПАЭТУ-ЗЕМЛЯКУ
Карысьць ня ў золаце набытым, Ня ў тым, што маеш кадыляк, Не над карытам-дабрабытам Лунае шчасьце, мой зямляк!
Ты нападаеш на калегу I сыплеш жорсткую жарству... Калега-ж твой пяе кунегу, Кладзе паклоны хараству.
Ён любіць сонца, сьмех дзявочы, I кіпарысы на паўдні. Пяе пра вёсны, вусны, вочы I пра вячорныя агні.
Яму й на Капры сьняцца хаты, Лясы і качкі над вадой. Пачуцьцяў скарб ляжыць багаты Ў душы заўсёды маладой.
Яму і ў чорныя часіны Ярма, няшчасьцяў і вайны Цьвілі сьняжынкі, як язьміны, I ён ад вершаў быў п'яны.
I ён случанкі падарунак — Прыгожы тканы паясок, Дарожны кій і дзедаў клунак, I краю нашага пясок,
I з поля белыя рамонкі, I па радзіме боль-тугу У запаветныя балонкі Прынёс на чыстую вагу.
Вось тут ягонае багацьце! Такое маюць случакі! Бярэце! Голасна чытайце Жывыя звонкія радкі.
У іх гаворыцца адкрыта: Паэт, свой талент ня душы! Твой скарб ня там, на дне карыта, А ў глыбіні людзкой душы.