Выбрать главу
Слова — жніўнае цяпло З подыхам духмяным Зазьвінела, загуло Над глухім бур'янам.
Я хачу пачуць адно Шчасны крык дзіцяці. На руках цябе даўно Ў сьвет нясу, як маці.
* * *
Цябе я ня бачу даўно, Ты зьнікла за дымнай заслонаю. I верасень мые акно Тваёю сьлязою салонаю.
А вецер у смутку нясе Твой стомлены голас зь мінуўшчыны. I словы забытыя ўсе Гучаць за фіранкай апушчанай.
Здаецца, я поруч з табой, Мне сьніцца вясковая вуліца I хата з паніклай вярбой. Далёкае прывідам туліцца.
Ноч вецьцем разгойданым тне У звонкую шыбу. Мне мроіцца: Ты ціха гукаеш мяне. Ізноў нападае бяссоньніца.
* * *
Ты кладзеш свае пальцы бязрадна На маю пасівелую скронь. Прачытаць я хацеў-бы дакладна Далікатную любай далонь.
На далоні запісана доля I зазначана сьцежка жыцьця, Што імкліва праходзіць на доле I прастуе ў таемны працяг.
Той працяг — нашых душаў вясельле, Сьпеў нясказаных слоў на зямлі. Хіба-ж сёньня мы ў зацішку селі I зусім ад людзей адыйшлі?
Людзі блізкія нас зьвінавацяць, Прадракаючы нейкі раскол... Адзваніў мой гадзіньнік дванаццаць I памалу сьвітае вакол.
А на досьвітку шчырасьці болей I ўжо болей таго адкрыцьця — На далоні запісана доля I зазначана сьцежка жыцьця.
* * *
Ня згінула песьня старая, Яе мы сьпяваем ціраз. Пажарам пачуцьцяў згарае Апошняя сувязь у нас.
Мужчынскае сэрца ў жаночьм Знаходзіць прытулак, спакой. Хвілінную радасьць мы хочам Прадоўжыць і несьці з сабой.
I выгнаць з уласных канураў
Нястачы, няўдачы, тугу. Я словам твой кляштар разбурыў, Зазначыў: хачу і магу.
Хачу я забыцца пра тое, Што восень завыла ў жыцьці. Магу я мурожным настоем Гарачага лета прыйсьці.
Хачу я сьмяяцца з табою, Магу паўтарыць маладосьць... Наш вечар акрыты зарою Зайздросьнiкам нашым на злосьць.
* * *
Мне даруй, што я часам цяжкім Захлынаўся у песеннай бразе. Ахмяляўся я словам, якім Не пакрыўдзіў цябе, не абразіў.
Уначы прачынаўся ня раз. Чуў — зьвініць слова роднага краю. Мройны вобраз у далечы згас I цяпер я нястомна шукаю.
Хай было — перабраў, недабраў... Можа ўсяк неспакойнаму стацца. Дзеля шчасьця твайго і дабра Я сьпяваю ў сьвятыні мастацтва.
Я малюся, каб слова маё Ня было між тупых і ў загане. А каб мела яно гастрыё I ўшчапляла ў народзе каханьне.
Каб сьмяяцца і плакаць маглі I, як дзеці, наўскрык захапляцца, Каб паважна на нашай зямлі Шанавалася творчая праца.
* * *
Маладосьць трымаю у віхровым танцы, Адчуваю, быццам, на сваім вясельлі. Цені блізкіх, любых нада мною ўстаньце! Вы нязгубным згусткам на душы аселі...
Цені любых засьцяць сьвет перад вачыма. I з гадоў мінулых сіла жарсьці зноўку Песьняй выбухае. Паланець магчыма, I знайсьці магчыма добрую сяброўку.
А такое шчасьце станецца ратункам. Нашы вусны вып'юць залатыя вёсны. Застанецца горыч над дарожным клункам, Адгукнецца далеч — сумны скрып калёсны.
Прыгадаем вёску, гай, палі, гасьцінец I юнацтва наша каля ніцых лозаў. Цяжка гэта страціць, цяжка ўсё пакінуць, А таму ў каханьне сыплю зёлкі крозаў.
* * *
Крылатых ценяў рух няспынны, Агеньчык сьціплы каганца. Мне не забыцца тэй хвіліны, Таго пачатку і канца.
Яна сядзела на услоне. Гуло чмялём верацяно. Тут шчасьце ў кужалю кароне, I ніткай цягнецца яно.
Верацяно пяе зь пяшчотай, Пра што — сказаць я не магу. Ды толькі часам нітка ўпотай Мяне чапляе за нагу.
Яна сьмяецца, нітка рвецца, Касмыль кудзелі б'е мне ў твар. Суседзі цешацца: — На сьвеце Ёсьць непрададзены тавар.
На жаль, прыйшлі сваты чужыя I на тавар далі купца. Упалі цені крыжавыя I згас агеньчык каганца.
Мая папрадуха ў загоне, I не пяе верацяно. Старая прасьніца на ўслоне Ляжыць забытая даўно...
* * *
Пачуваюся змораным У самоце дурной. Смутак кружыцца воранам — Груганом нада мной.
А прыйшла — цешыць, радуе. I здаецца ў той час — Нашым шчасьцем праз радыё Захапляецца джаз.
Мне суцеха прыязнае Засьпявае цяпер. Вось мой гальштук разьвязвае, Расхінае каўнер.
Будзе лепш... Рассупонены Гэты цесны хамут. Зноў каханьня запоіны Пачынаюцца тут.
Сіла хмеліцца сьвежая. Гіне змора, тане. Мілай цалкам належу я, А яна толькі мне.
* * *
I я ў гадох — не малады, Але й цяпер дзіця натуры. Таму пяю на ўсе лады Ў тваім зацішшы пасьля буры.
Я увайшоў у твой спакой I хваляваньнем сэрца ўкроіў. Твая усьмешка, позірк твой Мяне штурхнулі ў бездань мрояў.
Агонь дзівосны паліць зноў, I я ў гарачцы вершаванай Табе выказваю любоў З прачулым словам і пашанай.
Ты паціскаеш мне руку. Сьмяюцца воч тваіх пралескі. Ад іх упрочкі не ўцяку, У іх я бачу край палескі.