Выбрать главу
Так адчуваю, пазнаю Мой сьвет вясёлы і пануры. На ўсе лады цяпер пяю Ў тваім зацішшы пасьля буры.
* * *
Асьнежана лісьце каліны... I ягады — зь лепшых каралі — Спынілі мой лёт сакаліны I смуткам мяне пакаралі.
Як быццам крывёй, а ня сокам, Увосень налітая гронка. О, край мой, ахутаны змрокам, Мая залатая старонка!
Вось велічны вобраз краіны, Якую чужынцы ўкралі. Зламаю галінку каліны: Чырвоныя ўбачыш каралі.
Тут бацькава благаславенства Хай станецца памятным знакам. Ты горыч і слодыч маленства Ізноў паспытаеш са смакам.
Прыгадваю песьню старую, Калінка ў душы зацьвітае. Сарву гэты цьвет, падарую Табе, мая радасьць сьвятая.
* * *
Зацьвітае ўвесну Маладая краска. Залятае ў песьню Залатая яска.
Я шукаю словы Для цябе ласкавыя. А ці з нашай мовы Уцяклі цікавыя?
Уцяклі з гадамі, З прадзедам, прабабкаю. Мы ў гульні згадалі — Любу звалі жабкаю.
Так казала й маці З ласкаю пяшчотнаю. Вобраз сілу страціў, Бачу я гаротную.
Жабка ў золь гібее Пад лазою ніцай... Назаву цябе я Мрояй-чараўніцай.
* * *
Вее сьнежную мякіну Вецер за вакном... Не пайду я, не пакіну Твой гасьцінны дом.
Ты мне вяжаш рукавіцы, Воўна — чысты сьнег. Ажылі пруткі на нітцы, А да іх прыбег
Белы кот, і асьцярожна Лапкаю трасе. I няўзнак заўважыць можна — Бела ўсё і ўсе:
Вокны сьветлыя ў паддашшы, Сьцены, дзьверы, столь, Я і ты, і душы нашы, I сардэчны боль.
Гэты сьнег цяплом, вядома, Сагравае нас. Завіруха каля дому Ў самы добры час.
* * *
Пад жывой паветкаю сасны Лёгкай хмаркай кружаць камары. I стары павук — жыхар лясны Нітку срэбную прадзе ўгары.
Вяжа ён шаўковую пятлю, Ворага ў натуры пазнаю. Сонечнае слова запалю, — Песьню не запутае маю.
* * *
Праз адчыненыя дзьверы Сонца ў сенцы, I ў люстэрку паламаным На расколіне зіхціць.
На сьцяне ў той час вясёлка — Сэрца промняў! — Паказалася раптоўна I трапеча... Мабыць знак Незаўважанага шчасьця.
* * *
Ты сябруеш з паэтам, Чуеш моц сэрцалова. У цябе пад гарсэтам — Неспакойнае слова.
Толькі выказаць цяжка,— Ні натхненьня, ні чараў. Непачатая пляшка Зельля сонечных мараў.
— Памажы мне, паэта, Хоць да кроплі дабрацца! — Даражэнькая, гэта Безнадзейная праца.
Лепш застанься сабою — I прывабнай, і мілай. Я цябе супакою: Ты валодаеш сілай.
Скажаш ціхае слова,— Адгукнецца ў паэце, I паводкай вясновай Пранясецца па сьвеце.
* * *
I эпоха, і новая эра, I пагрозьлівы атамны век... На зямлі хіба сумна і шэра? Хоча ў космасе жыць чалавек.
Паляціць чалавек на ракеце, Каб сабе адпачынак знайсьці На якой-небудзь дзікай плянэце: На Сатурне, Юпітэры ці...
Ах, якія людзей лятуценьні! Жар імкненьняў! Да велічы крок! А я любай праменьні і цені Зноў заўю ў паэтычны вянок.
Я скажу ёй: Нічога ня хочу, Толькі бачыць прыгоствы зямлі, I твае задуменныя вочы, Незабудкі ў якіх зацьвілі.
I глядзець, як тугім перавяслам За плячыма спадае каса. Застанецца спамінам нязгаслым Наша вечна-зямная краса.
* * *
Сонца стрэшыць крыло самалёта, Разрывае праменьняў сноп. Хмары ўнізе, як сьнегу сумёты, Дзе жывую душу замяло-б...
А ці хто шугане з парашутам Ніцма ў холад, у пашчу імглы? Жыць! Сьпяваць! I вялікім пакутам Адказаць: Чалавек не малы.
Ёсьць у муках — і радасьць і гора. Гналі ўсюды нас мукі, гнялі. I пад небам у рыку матора Вычуваецца сіла зямлі.
Самалёта крылатыя цені Ах, хутчэй-бы убачыць, хутчэй! Дзесьці горад стаіць на каменьні, Там цяпер спакайней і лягчэй.
Далеч сіняя мроі палошча. Я ў палёце. I слова за мной. Дзе ратунак? Дзе слынная прошча? Ці ня ў нашай любові зямной?
* * *
Рунь — угрунь. Дзе сьнег ляжаў нядаўна, Вунь тырчаць зялёныя ражкі. Ты сьмяешся быццам і забаўна, Але сьмех твой горкі і цяжкі.
Я настрой пакутны разумею, Бо й мяне цураецца вясна. Змоўк ручай у кручанай завеі I рыпіць самотная сасна.
О, напоўнены жывіцай кубак, Зазіхці ў асьнежанай траве! Я ўпушчу ў мой сад маіх галубак, Хай каханьне ў сьвятасьці жыве.
I няхай расьце пачуцьцяў сіла. Я хачу, каб зь цела і крыві Слова створанае ўзгаласіла I ў душы запелі салаўі.
I каб ты сьмяялася ня горка, Пазірала сьвежа на зару, Каб былая радасьць на вячорках Перайшла ў сучасную пару.
* * *
Я стомлены, я хворы... Мой сон плыве ў вакно. У садзе белы морак I сьнегу палатно.
I там — як у шпіталі! У цішыні нямой, Як сёстры, дрэвы сталі I гояць смутак мой.