Выбрать главу
Там яблына ў халаце I з чыстым ручніком. Ільдзінка пад сьняжком, Як градусьнік у ваце.
* * *
Я гляджу засмучана Ў недасяжнасьць далечы. Засьпявала Случчына, Маё сэрца палячы.
Хутары заможныя. Вечары з гармонікам. I вясельле кожнае З караваем-сонейкам.
А ўжо колькі радасьці У багатай восені! Як прыемна ў сад ісьці — Мілыя запросіны.
Бэры і антонаўкі Там глядзяць прынадаю. Мёд ліецца з конаўкі... Плод сасьпелы падае.
Падае і гіне ён Каля вохнай яблыны. Аж за мора сіняе Вінны дух той зваблены.
У пару дзіцячую — Яблыкі мядовыя. Памятаю... бачу я — Гэты скарб захоўваю.
Пах яшчэ ня зьветрыўся, Смак той вычуваецца. Соладзь у паветры ўся Нада мной зьліваецца...
Позірк мой засмучаны, Суцем жалем згушчаны. Паўстае цень Случчыны Вобразам мінуўшчыны.
* * *
Дзень замкнуўся колам З гоманам лясоў, I з далёкім, кволым Гулам галасоў.
А ля поля пенай Белая імгла Доле па калена Ў хвойніку лягла.
Здаля выглядае Ўсё на любату — Быццам маладая Скінула фату.
А бліжэй — з калючак Выпаўзае золь. На душы балюча Муляе мазоль.
Сёньня я закуты Холадам тугі Ў кайданы пакуты, Ў болю ланцугі.
I хада цяжкая... Божа, памажы! Кветкі я шукаю З сонечнай мяжы.
Я шукаю слова, Каб яно было Зельлем і замовай На людзкое зло.
* * *
Боль утаймаваны I ў душы пагода. Выплыла з туману Сіняя лагода.
I здаецца блізкай Тая далеч сьвету З высьпяванай нізкай Словаў запавету:
Мусіш ведаць — хто ты, Дзе твой дом, мець сьвята, I вясну і ўзьлёты, I любіць заўзята.
I, як закаханы, Лад хаваць і згоду, Боль утаймаваны I ў душы пагоду.
* * *
Граў наш Ян без заган. Скрыпка сьмела лятуцела, Бляскам цела зіхацела, Як каштан-вылузган.
I трымцела і нямела Ля пляча скрыпача. Смык пачаў ча-ча-ча, — Галасьней яна запела.
Скрыпка — зыбка для душы. Смутак струны ўзварушыў. — Ці лілі вы, ці лілі Звон гульлівы на зямлі?
* * *
Я імкнуся... Я песьняй гару... Бачу, цяжка ўзьняцца ўгару, — Час прыгожае пер'е скубе... I няма — ні сяброў, ні цябе.
Мабыць сёньня я ў цемры густой Каўтануў чамярыцы настой. У грудзёх гэтак моцна пячэ, I, як труць, успаміны яшчэ:
Недапітая чарка віна, Незабытая сварка адна. Жах вайны... Разбурэньне. Разгром. I трагічна пакінуты дом.
* * *
Мне з табой у зацішку утульней. Ты гарыш да ранішняй зары. Выдумляеш радасныя гульні, — Цэлы сьвет нагамі дагары.
I салодкім сэрцам у забавах Ты стаешся. Вабіш — ня ўстрываць! Дыядэмай слоў наўзьдзіў ласкавых Я пачаў цябе каранаваць.
Каралева, я на ўсё гатовы! Праз агонь прайду і праз ваду. Я рассыплю жомчуг нашай мовы I цябе ў той россып прывяду.
Дарагой і непаўторнай кнігай Маладую тайку назаву. На вясну паказвае адліга, На вясельле — наша рандэву.
* * *
Ты дзяўчынай, як дзічка цьвіла. Быў і я у галодным цьвіценьні. Успамінаў густая смала: Сьмецьце, смутак і цёмныя цені.
А і ў ценях — зіхценьне сьвятла. Не заўсёды і смутак шалее. I суцешная сьцежка лягла Ў сад, дзе міла сьмяюцца лілеі.
Толькі дзе гэты сад? Можа ён Згінуў, сплыў? Мо забылася тое Залатое, малое, сваё I выходзім мы ў полі пустое?
Мо чужая зямля і вада — Наш апошні жыцьцёвы закутак? Што было — адгуло. Не згадай! Застануцца пачуцьці ў пакутах.
Не кажы мне нічога, маўчы! Наша доля ня можа зьмяніцца. Хай-жа будзе цудоўна ўначы, I тым больш, калі ёсьць таямніца.
* * *
Ні радзімы, ні сяброў. Зноў сябе крыжую: Чую гоман чужакоў, Гутарку чужую.
Горкіх думак чарнамуць, У сашчэпе бровы... Хочам вогнішча разьдзьмуць З роднае дубровы.
А расьце сьмяротны страх: Дойдзем ці прыстанем... Усьміхніся мне, сястра, Брату на выгнаньні.
* * *
О, слова салодка-хмялёвае, Схаванае ў думках маіх! Яно мне абраз вымалёўвае, Яно мне — сьвятая сьвятых.
Як песьня ў царкве вялікодная, Яно урачыста пяе. Прыроднае, моцнае, роднае Жыве, паліць вусны мае.
I я на няўдачы жыцьцёвыя Гукну веснавую пару, I слова салодка-хмялёвае Аж тройчы, як «сьвят» паўтару: Беларусь! Беларусь! Беларусь!
* * *
У Слуцку смачныя ігрушы! Я гэтай згадкаю парушыў Твой спакой і мой.
Бэргамоты, сапяжанкі, Маляванкі і смалянкі, I паненкі, і цукроўкі, I вінёўкі, і хунтоўкі, I яшчэ далікатэсы — Бэры слуцкія, дзюшэсы У красе нямой.