Тваё зубастае каханьне
Бярэ за сэрца і грызе.
Пакута страшная паўстане,
Яна ў пачуцьцях на чарзе.
Мой стогн агортаецца словам,
I людзі кажуць: верш, як звон,
I толькі сябрам некаторым
Здаецца — хворы я на скон.
Яны мне радзяць браць мікстуры,
Рэцэпты добрых дактароў.
А я інакшае натуры:
Табой паранены — здароў.
I ня схілюся, не скаруся,
I не скажу: цябе няма.
Цьвіцеш ты краскай Беларусі,
Мяне хвалюеш не здарма.
Бо, апрача тваёй, нідзе я
Любові прагнай не знайду...
А ёсьць яшчэ адна надзея —
Не замяце гадоў завея
Маю гарачую хаду.
* * *
Як парой
Прыгадваю Кагосьці,
Дык настрой
Прыходзіць іншы ў госьці.
I зіма
Мне казачнай здаецца.
Не здарма
Ў завеях сэрца б'ецца.
I ад кроз
Пачуцьцяў моцны выбух.
Мне мароз
Кладзе вузор на шыбах —
Белы дзед
З даўгою барадою:
Бэзу цьвет,
I папараць, і хвоі,
I чыя
Надзея паліць зоры
Бачу я
У вытканым вузоры.
* * *
Ластаўкі ў падстрэшшы ўсе,
Ты ўжо лета маеш...
Сыне мой, я ўсьцешыўся:
Добра пачынаеш!
Пачынай!.. Як спадчынай,
Кнігай карыстайся.
Сілай нерастрачанай
Мэты дамагайся.
I пяром узброены,
З творчай прагай, з болем,
Ты праходзь з героямі
Папяровым полем.
Шчасьце захаванае
Тым, што ганарова,
Мною насьпяванае,
Ты трымаеш слова.
* * *
Ты не чапай, сястра, ня руш
Мой сьвет, што ў мроях паўставаў,
Рудая жаба сярод руж —
Жывы пялёстак хараства.
I твань зацьвілая ў вадэе
Лілею брудам не гарне.
Краса гарэзная вядзе
Да чыстай радасьці мяне.
Усё трапеча і жыве —
Матыль, і сарна, і жураў.
Зялёны конік у траве
Мне на цымбалах гімн зайграў.
I сенажаці перазвон
Мне прыгадаў мой родны край.
На струны лёг прыгожы сон...
Ня руш тых струнаў, не чапай.
* * *
Не гасеце ахвярнік жывога агню!
Вершы прыйдуць зь вяршыняў. Пачуцьці мае
Разгарну, як гармонік, на ўсю шырыню.
Хай лірычная радасьць іграе, пяе.
Тая радасьць, амытая даўнай сьлязой
I пабітая горам і градам бяды,
Расьцьвітае ў душы вінаграднай лазой
I прыносіць у слова імпэт малады.
Гэтай радасьці рады ніяк не дасі,
Нарастае натхненьне, як смага, як сьверб.
I пяру аддаецца нямала часін,
Так на полі ў пару завіхаецца серп.
Песьняру на жніве дай-жа, Божа, сабраць
Збожжа слоў залатое бяз гірсы-сьмяцьця...
Не забілі апошняга ў пушчы зубра,
Не заб'юць і ў паэзіі завязь жыцьця.
I пакута і ў розных адценьнях любоў
Шчэ жывуць, ня струціла сухая імгла.
Я ў сьвятле хараства чую музыку слоў.
Бо сымфонія радасьці перамагла.
* * *
Вечар повен паэзіі, слаўны такі,
Зь ціхім шэптам над любай і любым
Ён сутоньнем змывае твае змаршчакі —
Ты стаіш, як даўней перад шлюбам.
Змрок чаруе, зьмяняе аблічча тваё,
Зьніклі смутак і ўсьмешка крывая.
Мы зацягнем з табой ня дуэт, а трыё —
З намі Нехта ўсім сьветам сьпявае.
Мы ня бачым Яго, адчуваем адно:
Ён між нас у любові і згодзе,
Узьнясе на вышыні, апусьціць на дно,
Ці прамовіць рашучае: годзе!
Чуеш, люба? Вячорныя звоняць званы,
Перад намі сьвятая капліца —
Сьвечкі-зоркі у небе... Міргаюць яны,
Клічуць нас спавядацца, маліцца.
Споведзь сэрца з малітвай пакутнай душы!
Вечар цепліцца, капае воскам
Ды гарачым, з агнём. Ты агню ня тушы,—
Дагарым у званох адгалоскам.
* * *
Як цудоўна на сьвеце, прыгожа!
Божа! Воляй і сілай духовай
Скіравана маё падарожжа
У жыцьцё
Пад тваёю аховай.
Праз агонь, катастрофы і страты
I праз рогат рагатага ліха
Я прыйшоў, моцнай верай узьняты,
Думкі выказаць
Горача й ціха.
Хай-жа словы мне сэрца трывожаць
I салодзяць у творчай пакуце.
Ёсьць імкненьні,
Хаценьні
I пожадзь,
I пачатак згараньня пачуцьцяў.
Пад сьвятлом разьбягаюцца цені,
А ў істоце людзкой — таямніца.
Божа!
Ў тонкім, мастацкім спляценьні
Ёсьць такое, чаго і ня сьніцца.
................................
Чалавек безь сьвятыні — жывёла,
Без паэзіі пуста і мёртва,
Бязь любові —
Жыцьцё сумнакволае.
Хто бяз слова,
Той сьвет не разгортваў.
Слова — Бог.
Бог — любоў.
Бачу слова ў любові.
А любоў на зямлі
Разьвінаецца ў слове.
Мне гавораць аб гэтым
Сумленьне і розум.
Падуладны цяпер
Лятуценьням і крозам.
Я сьпяваю краіну,
Дзе рос, гадаваўся,
Дзе — хвала Табе, Божа, —
Я слову аддаўся,
Дзе кахаў,
Захапляўся,
Дужэў з Божай ласкі,
Рваў гаючыя травы
I любыя краскі.
Дзе на ціхай жалейцы
Іграла мне раньне,
Нявычэрпнай крыніцай
Бруіла каханьне.
А праз тыя
Жывыя,
Людзкія пачуцьці
Голас Твой
Мне ў паэзіі, Госпадзе, чуцен.
* * *
Наш бурны век ня любіць хараства.
Ён разбурае колер, формы, рысы.
А ў нас расьце мурожная трава,
Бушуюць вязы, лозы, барбарысы.
Такі раскошны, велічны абшар!
А мастакі асьлеплі, захварэлі;
Яны згасілі талент, як ліхтар...
I селі плямы мутнай акварэлі.
Наш бурны век ня любіць хараства,
Ад разбурэньня формаў песьня гіне.
Таму цяпер Хрыстовага Раства
Ня бачаць людзі чэрствыя ў краіне.