Выбрать главу
Ня бачаць людзі любасьці зямной, Матэрыя ўсьміхаецца пачварай. Ізноў патоп... I прыйдзе новы Ной Наш ратаваць каўчэг з красой-ахвярай.
I я хачу з тэй ноевай сям'ёй, Зь ягонымі шляхотнымі сынамі, Жыць хараством, любоўю, цяплынёй Ды абуджаць прыгожы сьвет і ў Хаме.
* * *
Засмучонае сэрца ў мальбе, Неспакойнае чуецца штосьці. Я сягоньня ня бачу цябе, Я ня бачу маёй маладосьці.
А ня пойдуць на дно забыцьця Сны, гады, гарады і прыгоды. I вясковае — покуць, куцьця, Сьвяты, сватаньне, сьпеў, карагоды.
Вобраз мілы ў далёкай імгле Не пагасьне апошняю зьнічкай. Пачастунак на шчодрым стале Заварожаны лямпай-газьнічкай.
Калі ласка, кісель і узвар Зь вішняў, яблыкаў нашага саду. Твой асьветлены ўсьмешкаю твар, Тваё кожнае слова да ладу.
I прыгожая постаць твая, I характар, як песьня ў Палесьсі. Сэрца б'ецца мацней удвая, — Твой партрэт я на сэрца павесіў.
* * *
Паўстала памятка журбы: Гамоняць хвоі, Бярозы, вольхі і дубы I ўсё жывое.
Пад бураном — яліны рух, Як быццам, дрэўца Трывожна хіліцца наўкруг, Бяжыць, здаецца.
I я насустрач ёй іду... Люблю яліну. Я чую моцны смолкі дух, Маю краіну.
Яліна пышнае гальлё Нясе ў прастору... Я пазнаю цябе здалёк, Як пах чабору.
Які ўспамін! Настрой які Ў адну хвіліну! Каляды, сьвечкі, сваякі... Люблю яліну.
* * *
Вось і вечар хутка надыйшоў. Ацяплі зямное існаваньне... Хай апошняй ласкай слова ўстане Над тваёй спакутванай душой.
Да мяне ты сёньня з даўніны Маладосьць ускрослую прынесла. Ад стала адсунутае крэсла Прысядае грузна ля сьцяны.
Мы выходзім з нуднага быцьця, Мабыць доля выпала такая... Ты сядзіш жывая, трапяткая На маіх каленях, як дзіця.
I чытаеш верш мой, а сама З тых радкоў ты радасная песьня. Сэрцам прытулілася так цесна, Аж мяне асобнага няма.
Праз тваё трывожнае цяпло Чую сьмех шчасьлівай і гаротнай. Зноў ідзе на хвалі паваротнай Тое, што калісьці адплыло.
* * *
Сьпяваеш пад пальмаю, Спрачаешся з хвалямі. I сонцам падпалена, I ветрам ухвалена.
А мне, каб алешыны, Ці вербы над рэчкаю, — Я быў-бы усьцешаны I песьняй, і спрэчкаю.
Мне сьніцца далёкае, Той сьвет не раструшчаны: Падпаскам галёкае Юнацтва зь мінуўшчыны.
Навіта. Накручана. Узьлёты вышынныя... Хачу я на Случчыне Прачнуцца крушынаю,
Каб ягады горкія Дасьпелі да соладзі, Каб высыпаў зоркі я Ў дасьветчаньне моладзі.
* * *
У шаўку карункавай кашулі Ты ляжыш, як першы пульхны сьнег... За сьцяной суседзі ўсе паснулі, Толькі сон да любай ня прыбег.
Ты, мая гарачая сьняжынка, Палка паліш. Я растаў. Глядзі: Гэта гнецца колас на дажынках I сярпом здаецца маладзік.
Ці ня бурай кінутае зерне Зарунела познаю вясной?.. Хто мяне да сонца зноў паверне I ўсьміхнецца роднай стараной?
Хто мяне пяшчотаю напоіць? Ці пытацца? Я ў тваім цяпле. Пакланюся лёсу нізка ў пояс. Дбае лёс. I ты мая! Але!
Ты, мая гарачая сьняжынка, Белым болем, шчасьцем апякла. У багаты сьвет вядзе сьцяжынка, Хоць няма ні хаты, ні кала.
* * *
Завітаў да цябе я зарніцаю, Ціхім гоманам роднага краю. У пакоі над кніжнай паліцаю Твой унутраны сьвет раскрываю.
Раптам з кнігі разгорнутай выпала Фотакартка: ты ў ролі русалкі... I тваё хараство мне рассыпала У душы веснавыя фіялкі.
Ах, якое магічнае лібіла! А я мог любавацца так мала. Тую картку ты з рук маіх выбіла I, схапіўшы, пасьпешна схавала.
Як струна затрымцела, тугая ўся. I няёмка. Зьбянтэжанасьць бачу. Прыкра мне, а я ўсё-ж усьміхаюся, Заклінаю пустую няўдачу:
Выйдзі ўвечары белай князёўнаю, Раскідай чараўнічыя сеці. I забаву нясі безназоўную, — Мы з табою дарослыя дзеці.
* * *
Залатая мая, Непаўторная ў сьвеце!
Па вачох тваіх бачу — Ты хочаш, Каб цябе я сагрэў Тым агнём, Што жыве ў маладосьці.
Так, я ўсё разумею... Вецер позна Забраўся ў твой сад I кранае лістоту, I цьвеліць пялёсткі Засмаглай вяргіні.
Я — твой вецер гаючы! Вусны зь вечнай вясны I няскончанай песьні У пякельнай зьнямозе Цішком прамаўляюць:
Лі на сэрца маё Прамяністае шчасьце.
* * *
Будзённасьць дробязная, шэрая Расьце стракатаю ў фантазіі: Ляжыць прыцішанай пантэраю Прырода Афрыкі і Азіі.
Араб хавае ўсьмешку добрую Ў мае радкі нарыфмаваныя. Факір схіляецца над кобраю, Вярблюдаў бачу караваны я.
I за пакорнымі вярблюдамі Іду, спакутваны пустыняю. Скажэце мне, якімі цудамі Знайду ў пяску валошку сінюю?
Сьвет уяўленьняў мной ня звужаны. За ворным полем, за разорамі Бяруць прастору багны-лужыны, Мой край глядзіць вачмі-азёрамі.