На дачы ў Крыжоўцы Левус напаіў Ніку шампанскім і на руках аднёс на тахту. А ў яе не было ні сіл, ні жадання адштурхнуць яго, закрычаць, паклікаць на дапамогу — адна толькі п’яная дзіцячая цікаўнасць: а што далей?..
Больш яна ў секцыю не хадзіла. Чакала Арнольда дзе-небудзь на дамоўленым месцы, ён пад’язджаў, адчыняў дзверцы машыны. Ехалі на дачу або ў лес, вечарамі бадзяліся па рэстаранах і танцавальных верандах. Левус пазнаёміў яе са сваімі сябрамі, гэткімі ж разбэшчанымі і спустошанымі бэйбусамі, каля якіх заўсёды круціліся маладзенькія дзяўчаткі — «зондэркаманда», як іх называлі, і Ніка закружылася ў карагодзе гульбішчаў.
Яна страшэнна баялася зацяжараць, варта было ёй падумаць, што такое можа здарыцца, і станавілася млосна, і больш нічога не хацелася — ні шампанскага, ні абдымкаў, ні танцулек… Але Левус яшчэ ў першы вечар прымусіў яе праглынуць нейкую пілюлю і даў цэлы пачак такіх жа, наказаўшы прымаць іх кожны дзень. Ніка паслухалася і праз некаторы час пераканалася, што яны дзейнічаюць бездакорна. Страх знік, а разам з ім знікла і адчуванне бяды, што з ёю здарылася, сораму і болю. Усё стала проста і ўсё дазволена, рабі што хочаш, жыві як хочаш, якая каму да цябе справа!
Левус умела лашчыў яе, распальваў у ёй юрлівасць; за адно лета рослая, не па гадах фізічна развітая дзяўчына ператварылася ў спрактыкаваную жанчыну, для якой у каханні больш не было ні таямніцы, ні чароўнасці, і самога кахання не было — адна толькі забава, ненатольная прага блізкасці.
Першага верасня Вераніка прыйшла ў свой 10 «Б». Ёй вельмі не хацелася ісці ў школу, за парту, пасля ўсяго, што адбылося летам, сядзець за падручнікамі, рыхтаваць урокі… Але і кідаць было шкада, што там засталося, адзін год, неяк перакантуюся, затое атэстат атрымаю, на дарозе не валяецца. Ды і бацька нешта заўважыў, пачаў скоса паглядаць на частыя візіты Левуса, на познія вяртанні дамоў. Некалькі разоў ён спрабаваў пагаварыць з дачкой, але Ніка толькі выскалялася, і Акімаў махнуў на яе рукой: рабі што хочаш, але калі кінеш школу, выганю. Выганю і капейкі не дам, запамятай. Яна запамятала: сказанае нават пад п’яную руку слова бацька трымаў, а перспектыва апынуцца без грошай у той кампаніі, да якой яна ўжо прывыкла, палохала — без грошай, без фірменных трантаў там ты была нішто, цябе і за чалавека не лічылі.
Тыдні за два да пачатку навучальнага года бацька даў ёй трыста пяцьдзесят рублёў — трапілася добрая халтура, грошай у Акімава былі поўныя кішэні. 3 дапамогай Левуса і яго сяброў-фарцоўшчыкаў яна набыла чэкі «Знешпасылгандлю» і купіла сабе ў «Бярозцы» модную джынсавую сукенку, заходнегерманскія басаножкі, італьянскія люстраныя акуляры і пласцікавую англійскую сумку. Коратка, на французскі манер, падстрыглася, падфарбавала павекі і зрабіла манікюр «божая кароўка». Так і з’явілася ў школу. Дзяўчаты абступілі яе, быццам яна была замежнай кіназоркай, і аж вішчалі ад захаплення — «балдзелі». Большасць прыйшла ў школьных карычневых сукенках і белых фартуках, дзёрзкасць Веранікі і прываблівала, і бянтэжыла: усё-такі не маладзёжнае кафэ, не дыскатэка — школа…
Вераніка таксама адчула, што трошкі перайграла, і села за апошнюю парту, каб не так кідацца настаўнікам у вочы.
Быў урок рускай літаратуры, у 10 «Б» яе вяла Валянціна Іванаўна. Першы дзень новага навучальнага года заўсёды быў адным з самых урачыстых і хвалюючых дзён яе жыцця. Прыгожа прычэсаная, у строгім шэрым баваўняным касцюме і белай блузцы, у чорных туфлях, паружавелая ад хвалявання, яна імкліва ўвайшла ў клас, і ўсе ўсталі, вітаючы яе.
— Божа, як вы выраслі! — сказала Валянціна Іванауна, падышла да стала, паглядзела на кветкі ў керамічнай вазе, з удзячнасцю ўсміхнулася.— Сядайце, сядайце, калі ласка. Каб вы толькі ведалі, як я сумавала па вас, як мне вас не хапала!
Яе вочы любоўна пераходзілі з твару на твар, і 10 «Б» адгукаўся шчырымі ўсмешкамі на яе ўсмешку — яны ведалі, адчувалі, што яна сапраўды любіць іх, што яна сапраўды сумавала па іх, што гэта — не проста словы, а шчырае пачуццё, і плацілі любоўю за яе любоў. Нарэшце Валянціна Іванаўна дабралася да «камчаткі» і ажно спляснула рукамі:
— Вераніка, радасць мая, дзе ты расстаралася такой дзіўнай памады?!
Вераніка збянтэжылася і ўстала з-за парты. Памада і праўда была дзівосная, густа-вішнёвая, аж чорная, перламутравая, вусны ад яе цьмяна паблісквалі, быццам на іх запяклася кроў.